Гэта стала вядома зь некалькіх апублікаваных судовых рашэньняў, паводле якіх усіх грамадзян зьмясьцілі ў пункт часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства для іхнай ідэнтыфікацыі і далейшага прымусовага выдварэньня з Украіны.
У кожным выпадку адзначалася, што гэтыя грамадзяне незаконна перасеклі мяжу ў складзе групы асоб, аднак агульная колькасьць групы ў тэксьце судовага рашэньня не ўдакладнялася. Грамадзяне Бангладэшу і Пакістану былі затрыманыя ў адзін дзень і час — 25 лістапада ў 16:15, за 500 мэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы на тэрыторыі Ўкраіны.
Кожны зь іх паведаміў у судзе, што не плянаваў заставацца ва Ўкраіне, а зьбіраўся выехаць у Нямеччыну. Аднак ва ўсіх уцекачоў не было належных дакумэнтаў для ажыцьцяўленьня такога «падарожжа».
Памежнікі паінфармавалі дыпляматычныя прадстаўніцтвы Пакістану і Банглядэш аб затрыманьні іхных грамадзян.
Яшчэ з аднаго судовага рашэньня стала вядома аб тым, што 14 лістапада ў Рэпкінскім раёне Чарнігаўскай вобласьці ўкраінскія памежнікі затрымалі грамадзяніна Расеі — ён змог прайсьці 2 кілямэтры зь беларускай мяжы ўглыб тэрыторыі Ўкраіны. Расейца затрымалі ў Рэпкінскім раёне непадалёк вёскі Суслаўка, у якой пражывае ўсяго 52 жыхары. Паведамляецца, што яго аштрафавалі, але далейшы ягоны лёс невядомы.
Гэта першы выпадак з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня затрыманьня ва Ўкраіне групы ўцекачоў з краін БлізкагаЎсходу.
У лістападзе 2021 году тысячы нелегальных мігрантаў атакавалі зь Беларусі Польшчу. Тады ўкраінскія ўлады не выключалі аналягічнага сцэнару і на сваіх межах зь Беларусьсю.
Ровенская вобласьць мяжуе зь Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцямі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне расказалі, колькі зрабілі дроту для будаўніцтва «сьцяны» на мяжы зь БеларусьсюУ пачатку лістапада кіраўніцтва Ровенскай вобласьці Ўкраіны заявіла аб тым, што фіксуюць факты незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы грамадзянамі Беларусі і Расеі, якія нібыта хацелі далучыцца да Ўзброеных сіл Украіны, каб ваяваць супраць Расеі.
Усе пункты пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы закрытыя пасьля расейскага ваеннага ўварваньня 24 лютага. У Валынскай вобласьці працуе адзіны пункт, празь які грамадзяне Ўкраіны, якіх незаконна вывезьлі ў Расею ці Беларусь, могуць вярнуцца на радзіму. Але і празь яго іншаземцы ня могуць перасячы мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Ровенскай вобласьці Ўкраіны: «Беларусы перасякаюць мяжу, каб уцячы ва Ўкраіну. Ёсьць і расейцы, якія хочуць ваяваць за нас»