Кіеўскі форум бясьпекі ў 2007 годзе заснаваў фонд Арсенія Яцанюка «Адкрый Украіну». На форуме, куды штогод зьбіраюцца больш як 800 украінскіх і міжнародных экспэртаў і палітыкаў, абмяркоўваюць актуальныя пытаньні нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны, Чарнаморскага рэгіёну і Эўропы, а таксама глябальную бясьпеку ў сьвеце. У 2007–2008 гадах Арсеній Яцанюк узначальваў Вярхоўную Раду, а ў 2014–2016 гадах — урад Украіны.
Што сказала Ціханоўская на Форуме
«Наша савецкае мінулае нельга назваць Саюзам. Гэта была турма народаў»
Сьвятлана Ціханоўская 1 сьнежня выступіла празь відэасувязь на штогадовым Кіеўскім форуме бясьпекі.
На пачатку прамовы Ціханоўская павіншавала ўкраінскі народ з гадавінай прыняцьця Акту абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны.
«Украінцы выказалі сваё жаданьне выйсьці з-пад савецкай акупацыі і аднавіць сваю самастойнасьць. У маёй краіне слова „акупацыя“ ў дачыненьні да савецкай гісторыі не выкарыстоўваецца, бо Лукашэнка адчувае сябе цалкам савецкім, — сказала Ціханоўская. — Аднак для нашых народаў няма больш трапнага слова. Беларусы, украінцы, літоўцы, латышы, эстонцы, грузіны, малдаване і іншыя народы — суседзі Расеі — усе мы былі фактычна пазбаўленыя права на самавызначэньне. Згадваючы мінулае, нам важна заставацца сумленнымі. Наша савецкае мінулае нельга назваць Саюзам. Гэта была турма народаў. Мільёны вольналюбівых беларусаў і ўкраінцаў гінулі ад куляў НКВД. Дзясяткі мільёнаў прайшлі праз ГУЛАГ».
«Мы разумеем цану свабоды, і мы павінны быць гатовыя яе абараняць»
Згадваючы факт сьмерці амаль 5 мільёнаў украінцаў ад Галадамору, Ціханоўская зазначыла, што сёлета пераходны кабінэт упершыню ў гісторыі ад імя беларусаў заявіў аб асуджэньні «гэтага злачынства камунізму і прызнаў яго генацыдам украінскага народу».
«Сёньня ўладальнікі той турмы зноў спрабуюць падпарадкаваць нашыя народы. Незалежнасьць нашых краінаў зноў пад вялікай пагрозай. Мы разумеем вартасьць сувэрэнітэту. Мы разумеем цану свабоды, і мы павінны быць гатовыя яе абараняць. Я хачу выказаць сваю глыбокую павагу ўкраінскаму народу за тое, як вы бароніце сваё. Я захапляюся сьмеласьцю і мужнасьцю кожнага, ад салдата УСУ да пажылой жанчыны, якая пячэ піражкі на фронт. Я захапляюся адзінствам народу і дзяржавы ў гэты крытычны момант. І я перакананая, што ўкраінскі народ адолее гэтую імпэрскую пачвару», — сказала Ціханоўская.
Палітык адзначыла, што пазыцыя дэмакратычнай Беларусі застаецца выразнай і нязьменнай:
«Мы выступаем за незалежнасьць і нічым не абмежаваны сувэрэнітэт Украіны. Мы выступаем за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў межах 1991 году. Гэта азначае ўкраінскі Крым і ўкраінскі Данбас, гэта азначае незаконнасьць любых галасаваньняў пад кантролем акупантаў і вывад расейскіх войскаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка зробіць тое, што загадае Пуцін, але...» Палітоляг Вусаў пра сутнасьць гульні Ўкраіны зь Менскам«Разумею вашую злосьць, калі ракеты ляцяць з тэрыторыі Беларусі»
Падчас сваёй прамовы Сьвятлана Ціханоўская выказала падтрымку ўсім украінцам, якія сёньня пакутуюць ад нападу Расеі на іх краіну, і заявіла, што ёй і беларускаму народу сорамна за тое, што іх дом выкарыстоўваецца як пляцдарм для нападу на ўкраінскі народ.
«Я не магу ўявіць ваш боль, калі ракеты руйнуюць вашыя дамы і забіваюць вашых дзяцей. Але я разумею вашую злосьць, калі гэтыя ракеты ляцяць з тэрыторыі Беларусі. Мне і беларускаму народу сорамна, што наш дом выкарыстоўваецца як пляцдарм для нападу на ўкраінскі народ, зь якім мы разам столькі перажылі, які мы лічым сяброўскім. Кожны адказны за гэтыя злачынствы супраць Украіны павінен апынуцца перад трыбуналам».
Паводле Ціханоўскай, Лукашэнка стаў саўдзельнікам ад пачатку агрэсіі 24 лютага разам з Пуціным.
«Дыктатар працягвае ўцягваць беларусаў у гэтую вайну. Ужо дзевяць месяцаў тэрыторыя нашай краіны, яе цывільная і вайсковая інфраструктура служаць злачынным імпэрскім амбіцыям Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці лічыць украінская ўлада Беларусь акупаванай? Тлумачэньне палітоляга«Трэба прызнаць: Лукашэнка — вораг украінскага народу і ўкраінскай дзяржавы»
Ціханоўская лічыць, што ўдзел Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны не выпадковасьць.
«Свабодная, дэмакратычная, эўрапейская Ўкраіна — гэта пагроза як рэжыму ў Менску, так і Пуціну. Таму два дыктатары аб’ядналіся, каб пачаць гэтую вайну і зьнішчыць вольную Ўкраіну. Трэба прызнаць: Лукашэнка — вораг украінскага народу і ўкраінскай дзяржавы. Нельга дазваляць злачынцу і далей заставацца незаўважаным. Ён саўдзельнік агрэсіі і ваенных злачынстваў і мусіць несьці адказнасьць».
Ціханоўская завяіла, што без вызваленьня Беларусі ад двух дыктатараў Украіна застанецца пад пагрозай рэваншызму імпэрыі. Толькі дэмакратычная Беларусь, лічыць яна, здолее даць гарантыі бясьпекі Ўкраіне.
«Таму нам так крытычна важна дзейнічаць супраць дыктатараў-агрэсараў разам. Мы ўжо зараз шмат узаемадзейнічаем з украінскімі ўладамі ў вырашэньні практычных пытаньняў: інфармацыйны абмен, каардынацыя дзеяньняў у барацьбе з прапагандай, вырашэньне праблем, зь якімі сутыкнуліся беларусы, што засталіся ва Ўкраіне пасьля пачатку вайны. Я перакананая, што разам урад Украіны і дэмакратычная Беларусь змогуць дамагчыся большага праз каардынацыю, узгадненьне, спалучэньне нашых рэсурсаў(...) Калі адносіны Беларусі і Ўкраіны ня будуць замыкацца толькі на гандлі і інвэстыцыях, але будуць заходзіць і ў сфэру рэгіянальнай бясьпекі, міжнароднай палітыкі і абароны. Імпэрыя павінна быць разбураная. Мы павінны разбурыць гэтую турму — разам. І з кожным днём у мяне ўсё больш перакананасьці ў тым, што хутка і ва Ўкраіне, і ў Беларусі будзе яшчэ адзін дзень незалежнасьці. Бо ў нашых народаў няма іншага шляху, акрамя шляху да свабоды. Слава Ўкраіне!»
Дудаева: Перамогу Ўкраіны над Расеяй будзе сьвяткаваць усё цывілізаванае чалавецтва
Ала Дудаева, удава забітага прэзыдэнта Чачні Джахара Дудаева, на форуме сказала, што напад на Украіну стаў магчымым таму, што сьвет не асудзіў Расею за Ічкерыю, потым была Грузія, а потым Крым і дзьве вобласьці Ўкраіны:
«Калі Расея пераможа, то будуць наступныя народы і краіны. Перамогу Ўкраіны над Расеяй будзе сьвяткаваць усё цывілізаванае чалавецтва, і гэта будзе шанцам на вызваленьне для прыгнечаных народаў Расеі».
Рэакцыя на выступ Ціханоўскай: маштабнае і моцнае слова
Украінскі дыплямат Даніла Лубкіўскі (працаваў намесьнікам міністра замежных справаў Украіны ў 2014 годзе. — РС) высока ацаніў зварот Сьвятланы Ціханоўскай.
«Найперш я хачу адзначыць бліскучае, маштабнае і моцнае слова Сьвятланы Ціханоўскай. Мы бачым у гэтым звароце новае палітычнае мысьленьне нашых беларускіх сяброў і абавязак украінскай дзяржавы аддаць належнае такім сябрам, якімі сёньня ёсьць Ціханоўская і іншыя беларускія апазыцыянэры, якія разам з нашым народам змагаюцца супраць акупацыі», — адзначыў Даніла Лубкіўскі.
Дыплямат прызнаўся, што яго ўразіў і зварот Алы Дудаевай аб болі чачэнскага народу.
«Гэты боль мы можам знайсьці ў сьвядомасьці шмат іншых прыгнечаных народаў. Таму вельмі важна, што гэтая дыскусія дэманструе, якой маштабнай ёсьць прастора пратэсту супраць расейскай акупацыі і расейскага імпэрыялізму», — дадаў Даніла Лубкіўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не даём падставы Лукашэнку прыняць эмацыйнае рашэньне». Арастовіч патлумачыў, чаму Зяленскі не сустракаецца зь Ціханоўскай