У падтрымку рэзалюцыі выказаліся тры партыі кіроўнай кааліцыі і хрысьціянскія дэмакраты. Фракцыі Левых і «Альтэрнатыва для Нямеччыны», якія нярэдка выступаюць з пракрамлёўскіх пазыцый, устрымаліся. Супраць не было пададзена ніводнага голасу.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў нямецкім дэпутатам за прынятае рашэньне, напісаўшы ў твітэры, што «праўда заўсёды перамагае».
Deutsche Welle цытуе наступную фразу з прынятай рэзалюцыі: «Зь сёньняшняга гледзішча напрошваецца гісторыка-палітычная ацэнка, паводле якой гаворка ідзе пра генацыд. Нямецкі Бундэстаг падзяляе такую ацэнку».
Нямецкія журналісты адзначаюць, што гаворка ідзе пра асьцярожную фармулёўку, паводле якой прызнаньне Галадамору генацыдам украінскага народу зьяўляецца хутчэй рэмаркай, чым асноўным пасланьнем. Аднак, як піша Deutsche Welle, нават гэтая асьцярожная фармулёўка для нямецкай палітыкі стала сэнсацыяй. Яшчэ ў 2019 годзе дэпутаты Бундэстагу фактычна адмовіліся разглядаць пэтыцыю аб прызнаньні Галадамору генацыдам, заявіўшы, што амаль нічога ня ведаюць пра падзеі.
Назіральнікі падкрэсьліваюць, што вялікі ўплыў на зьмену пазыцыі дэпутатаў зрабіла цяперашняя расейская агрэсія супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына вылучыла Ўкраіне 56 млн эўра і генэратары ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Расея прайграе ў вайне, гэта расхістае ўладу ў Беларусі». Нямецкі экспэрт пра тое, хто найбольш спрыяе Пуціну