Памёр 12-гадовы хлопчык, на якога ў лістападзе ўпала футбольная брама на адной з спартовых пляцовак у Менску. Пра гэта паведамляе выданьне «Смартпресс» з спасылкай на крыніцы, блізкія да сям’і дзіцяці.
Няшчасны выпадак здарыўся днём 12 лістапада на пляцоўцы паблізу жылых дамоў на вуліцы Фогеля. 12-гадовы хлопчык, які гуляў у футбол разам зь сябрамі, заскочыў на браму і стаў разгойдвацца. Ад вагі цела мэталічная канструкцыя нахілілася і ўпала на падлетка.
Хлопчык атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму і знаходзіўся ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, яго стан ацэньвалі як цяжкі. Яму зрабілі апэрацыю.
Высьветлена, што ў парушэньне патрабаваньняў бясьпекі футбольная брама не была замацаваная. Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 428 («службовая нядбайнасьць») Крымінальнага кодэксу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На падлетка з Рэчыцы, які падпаліў сябе і праехаўся на ровары, завялі крымінальную справуУ Беларусі ўжо здараліся выпадкі, калі дзеці гінулі ад дрэнна замацаваных брамаў. Увечары 1 лістапада 2019 году ў вёсцы Русіно Баранавіцкага раёну дзеці гулялі ў футбол на школьным стадыёне. 11-гадовы хлопчык забраўся на браму і стаў разгойдвацца. Канструкцыя ўпала і прыціснула яго, а папярочка брамы ўдарыла па галаве. Дактары, якія прыехалі на выклік, спрабавалі выратаваць дзіця, але не пасьпелі, яно сканала на месцы.
У справе аб гібелі дзіцяці судзілі дырэктара школы Аляксандра Пугача (на той момант ужо былога — 47-гадовы мужчына пайшоў з пасады адразу пасьля завядзеньня крымінальнай справы і працаваў звычайным настаўнікам). Яго прызналі вінаватым у службовай нядбайнасьці і прысудзілі яму 2,5 года абмежаваньня волі («хатняй хіміі») з забаронай займаць кіроўныя пасады 5 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У школах Беларусі частку льготнікаў пазбавілі бясплатных абедаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як гэта так, што ў дзіцяці не наладжаны рэжым?!». Беларуска параўнала беларускія і польскія дзіцячыя садкі