І практычна кожны другі камэнтатар не абмінае вэрсіі ненатуральнасьці сьмерці 64-гадовага палітыка.
У папярэднім сказе апошняе слова я ўжыў не выпадкова. Макей быў ці не адзінай асобай у найвышэйшым эшалёне ўлады Беларусі, каго можна так назваць, бо ўсе іншыя вакол Лукашэнкі не палітыкі, а чыноўнікі, нават калі яны ўзначальваюць урад альбо «сэнат». У кожным разе, ніхто зь іх ня выявіў ніякіх палітычных здольнасьцяў, калі разумець пад палітыкай ня толькі ўменьне ўтрымацца ва ўладзе (Макей таксама валодаў ім віртуозна), але і здольнасьць на пэўных этапах камунікаваць з палітычнымі апанэнтамі — ці ў Беларусі, ці за яе межамі.
Вось якраз досьвед пошуку паразуменьня і нават кампрамісу з замежжам (а канкрэтна з тым, што атрымала назоў «калектыўны Захад») і кладзецца камэнтатарамі ў падмурак вэрсіяў пра забойства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыянт пры кухары. За што хваляць Макея?Вэрсіі забойства
Вэрсіяў такіх я налічыў зь дзясятак, вось некаторыя.
- Забіла Масква, бо не хацела, каб Лукашэнка наладзіў (нават мінімальна) адносіны з Захадам.
- Забіла Масква, бо хацела паслаць «чорную метку» Лукашэнку: ня ўздумай ізноў гуляць у «шматвэктарнасьць» (варыянт: ня ўздумай адмовіцца ад накіраваньня войскаў ва Ўкраіну).
- Забіла Масква, бо зьбіраецца зрынаць Лукашэнку, а Макей мог знайсьці яму «запасны аэрадром» на Захадзе.
- Забіла не Масква, каманда паступіла з самага верху ў Менску — бо Макей зьбіраўся ўцячы на Захад, днямі мусіў ляцець у Польшчу на саміт, акурат там бы і ўцёк і тако-о-о-га расказаў бы...
- Ізноў — Масква. Яна забіла, але такім чынам, каб відаць былі вушы ўкраінскіх спэцслужбаў, у разьліку, што Лукашэнка раззлуецца і пашле беларускія батальёны празь мяжу, на Кіеў.
Адметна, што ніхто з камэнтатараў (ва ўсякім разе, з тых, якіх я чуў) не задаліся пытаньнем: а як увогуле тэхнічна магчыма забіць чалавека, які знаходзіцца дома, у атачэньні сям’і — і пры гэтым каб яны не здагадаліся, што адбылося забойства? Бо чужыя людзі ў доме не застануцца не заўважанымі сямейнікамі. Ну а стрэлы могуць пачуць нават суседзі. (Так, глушыльнік можа быць, стрэлу ня будзе чуваь нават у суседнім пакоі. Але ж амаль пэўна ля дому міністра ёсьць відэакамэры — жыве ён у адпаведным квартале).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпарацыя кілераў. Замежныя апэрацыі маскоўскіх чэкістаўПытаньне не задаецца, бо ўсе разумеюць, што вельмі нават рэальна і абысьціся безь людзей з аўтаматамі, і адцягнуць сьмерць на некалькі дзён: прыклады Скрыпалёў і Навальнага навучылі верыць у бязьмежнасьць магчымасьцяў адпаведных службаў. Таварыш Ягода, які заснаваў лябараторыю атрутаў яшчэ ў часы, калі вядомае ведамства мела назоў ГПУ, у пекле ўздымае рукі з катла са смалой і горача пляскае сваім пасьлядоўнікам.
Кажучы пра вэрсію забойства, камэнтатары разыходзяцца ў стаўленьні да яе. Ад ацэнкі яе выключна як кансьпіралягічнай (Аляксандар Фрыдман у інтэрвію Эўрарадыё) да заявы, што ў такія часы, як цяперашні, выпадковых сьмерцяў такіх прыкметных асобаў не бывае (Андрэй Піянткоўскі на ўкраінскім Канале 24).
Абедзьве ацэнкі можна паставіць пад сумнеў. Калі б пра аналізы выпадкова не даведаўся адмысловец у ядзерным выпраменьваньні, абвінавачаньне расейскіх спэцслужбаў у атручэньні палёніем Аляксандра Ліцьвіненкі ў Лёндане мы і сёньня лічылі б кансьпіралёгіяй. Разам з тым усё ў руцэ Божай: сьмерці, на вялікі жаль, адбываюцца на плянэце і ў цёмныя часы, і ў сьветлыя (у простым і ўскосным сэнсах). І ў абсалютнай большасьці выпадкаў Крэмль да іх ня мае ніякага дачыненьня.
Асабіста я схільны лічыць, што сьмерць міністра мела натуральны характар, але і магчымасьць забойства цалкам не адмаўляў бы.
У гэтым выпадку вэрсіі гвалтоўнай сьмерці абсалютна заканамерныя. Яны проста не маглі не зьявіцца ў беларускіх рэаліях, якія сфармаваныя дзесяцігодзьдзямі.
І прычынай нават не вайна Расеі ва Ўкраіне ды міжнародная ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі. Не было б вайны — перакананы, вэрсіі забойства гучалі б, хіба што матывацыя была б іншай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за «ачалавечваньнем» МакеяДа чаго вядзе закрытасьць ад грамадзтва
Галоўная прычына — закрытасьць вышэйшага кіраўніцтва ад грамадзтва, поўная ягоная гермэтычнасьць.
У ЗША, Францыі ці Чэхіі людзі ведаюць пра жыцьцё прэзыдэнта і ключавых асобаў ля стырна дзяржавы ўсё — аж да маркі піва, якому яны аддаюць перавагу. Прэс-службы, як правіла, самі зацікаўленыя ў як мага большай інфармацыі асабістага характару (у пэўных межах, вядома). Кшталту такой: «Прэм’ер і ўнучцы дапамагае матэматыку рыхтаваць, і апошнюю кінапрэм’еру паглядзеў, і піва можа выпіць (а часам чагосьці і мацнейшага за піва). І так, у старэйшага сына распадаецца шлюб: сумна, але хіба кожны ад такога застрахаваны? Перажывае, вядома, як інакш». Словам — ён такі, як і вы, ягоныя выбарнікі. Гэта спрыяе «ачалавечваньню» дзеяча — рэч проста неабходная там, дзе кар’ера палітыка наўпрост залежыць ад рэальных грамадзкіх сымпатыяў.
Пра інфармацыю аб здароўі няма чаго і казаць. У Амэрыцы часы, калі Рузвэльту гадамі ўдавалася хаваць ад большасьці выбарнікаў няздольнасьць стаяць на нагах, засталіся ў далёкім мінулым. Цяпер рэгулярная справаздача аб стане здароўя прэзыдэнта прадугледжана законам. Парадаксальным чынам не апублічваць падатковыя дэклярацыі Трампу ўдалося, а вось мэдычную справаздачу абнародавалі лекары і згоды прэзыдэнцкай не пыталіся. Памятаю, як уся Амэрыка сачыла за апэрацыяй выдаленьня ў Біла Клінтана ўчастку скуры на твары: выявілі анкалёгію, але на самай раньняй стадыі, усё абышлося.
Пра здароўе Лукашэнкі грамадзтва ня ведае нічога. Ня ведае роўна столькі часу, колькі ён кіруе краінай. Гадоў пятнаццаць таму казалі, што нібыта ён лятаў у Аўстрыю рабіць апэрацыю на прастаце — нібыта была анкалёгія. Ці тое было сапраўды, ці проста на лыжах пакатацца лятаў? Некалькі дзён таму (беларуская тэлевізія не паказала) ледзь-ледзь спусьціўся з трапа лайнэра, прыбыўшы ў Ерэван. Я так хадзіў, калі паламаў нагу. Дык што здарылася з Лукашэнкам? Вывіхнуў нагу? Ці гэта артрыт і трэба мяняць суставы? Апэрацыя такая робіцца пад агульным наркозам, цягнецца некалькі гадзінаў — хто ў гэтыя гадзіны будзе кіраваць краінай, у якой вялізная канцэнтрацыя расейскіх войскаў?
Няма адказу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік Ціханоўскай: Я ведаў Макея асабіста і маю станоўчы досьвед супрацоўніцтваПараўнаць такую сакрэтнасьць можна толькі з Паўночнай Карэяй ці з СССР.
Хоць з Савецкім Саюзам аналёгія будзе ня поўная.
Ужо заўважана, што на пахаваньні Макея Лукашэнка не прысутнічаў (прыйшоў толькі ў Дом афіцэраў) — зусім не ў савецкіх традыцыях, на якія ён гэтак любіць спасылацца, калі Брэжнеў нават у апошні год свайго жыцьця вытрымаў некалькі гадзінаў на Краснай плошчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіўнае разьвітаньне. Лукашэнка і сьмерць МакеяМіж іншым, пахаваньне Суслава ў студзені 1982-га, пра якое піша Віктар Багдзевіч, я назіраў не ў тэлевізіі, а — так атрымалася — з трэцяга-чацьвёртага шэрагу «жалобнага» натоўпу, парад намі быў аркестар, далей — труна з Суславым (мёртвым) і Маўзалей з правадырамі (пакуль жывымі). Слова «жалобны» узяў у коскі, бо ніякай жалобы ў натоўпе не адчувалася, за маёй сьпінай адзін за другім сагнаныя на цырымонію масквічы прысядалі на некалькі сэкундаў і прыкладаліся да пляшак гарэлкі «з гарла».
Думаю, з Маўзалею гэта бачылі. Бадай, не прысядалі толькі чэкісты — той рэдкі выпадак, калі яны зайздросьцілі звычайным людзям, бо мароз быў градусаў пад 20.
І Леанід Ільіч прысеў — у тэлевізіі гэтага, пэўна ж, не паказвалі, але я добра бачыў крэсла мэтры за два ад парапэту Маўзалею. Ён сядзеў, ахоўнік падносіў яму кубак, зь якога ішла пара. Андропаў, Чарненка, Гарбачоў (вось жа, убачыў усіх «генсекаў» адным пакетам) ды іншыя члены Палітбюро, як тыя чэкісты, вымушаныя былі стаяць.
Недзе праз паўгадзіны пасьля пачатку мітынгу натоўп прыкметна ажывіўся, пачалі расказваць анэкдоты, хоць і не палітычныя (чэкісты ж побач), але салёныя: самы пурытанскі партыйны ідэоляг апускаўся ў магілу пад сюжэты, якія я б не адважыўся распавесьці ў жаночай кампаніі. Словам, жыцьцё працягвалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Краўчанкі да Макея: як склаўся лёс сямі міністраў замежных спраў БеларусіХто ведае, можа, наглядзеўшыся гэтых прысяданьняў у натоўпе «для сугрэву» на бясконцых пахаваньнях старэйшых таварышаў па палітбюро, Міхаіл Сяргеевіч і вырашыў запусьціць антыалькагольную кампанію.
Брэжнеў, аднак, сказаў прамову, якая, мне гэта было добра бачна, давалася яму няпроста. Але — прамаўляў, у 20-градусны мароз (Лукашэнка на пахаваньні Макея не сказаў ні слова).
Па сьмерці найбольш высокапастаўленых кіраўнікоў СССР друкаваліся афіцыйныя заключэньні мэдычнай камісіі, зь пералікам хвароб нябожчыка, як правіла, вельмі старога (у некаторых хваробаў было так шмат і такіх сур’ёзных, што заставалася хіба дзівіцца, як чалавек увогуле мог ня толькі дыхаць, але яшчэ і рухацца), называлася канкрэтная прычына сьмерці. Ужо наколькі там яна адпавядала сапраўднасьці — іншая рэч, але прычына сьмерці фармулявалася ў мэдычных тэрмінах. У Брэжнева прычынай было «раптоўнае спыненьне сэрца». У завяршэньні тэксту, як павялося ад сьмерці Сталіна — фраза «Пры патолягаанатамічным дасьледаваньні дыягназ цалкам пацьвердзіўся». І — дзясятак прозьвішчаў акадэмікаў, член-караў ды сьціплы кандыдат навук — ён, ясна, і рэзаў.
Якія хваробы былі ў Макея?
Якая прычына сьмерці 64-гадовага міністра? «Раптоўнае спыненьне сэрца», як у 75-гадовага Брэжнева?
Адказаў на гэтыя пытаньні няма, ніякіх афіцыйных паведамленьняў таксама. І, трэба думаць, ня будзе.
А значыць, будуць вэрсіі пра ненатуральную сьмерць, пра наўмыснае палітычнае забойства. і абвергнуць іх ня вельмі і ўдасца.
Іншая рэч, што і нейкай асаблівай неабходнасьці абвяргаць улада ня мае.
Бо ад грамадзкай думкі і грамадзтва ўвогуле гэтая ўлада даўно не залежыць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.