Лукашэнка нагадаў, што раней даваў даручэньне аб «апэратыўным разглядзе крымінальных справаў экстрэмісцкай накіраванасьці», і пацікавіўся, як ідуць справы, паведамляе СК.
«У нас крымінальных справаў экстрэмісцкай накіраванасьці было нямала. Нават нейкі, вобразна кажучы, запас у вас утварыўся. Мы тады дамаўляліся аб тым, што мы павінны апэратыўна разгледзець крымінальныя справы экстрэмісцкай накіраванасьці. Якая сытуацыя?»
- Сёлета ў жніўні СК паведамляў, што за два гады распачаў больш як 11 тысяч «экстрэмісцкіх» справаў.
- «Экстрэмісцкімі» прызнаныя таксама каля 300 інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку тэлеграм-канал і сацыяльныя сеткі Радыё Свабода.
Яшчэ адной тэмай стала праца з кадравым складам у самім камітэце. Лукашэнка нагадаў, што раней, да прызначэньня Дзьмітрыя Гары, былі «пэўныя трывожныя сыгналы» наконт СК:
«Таму прыйшлося і кіраўніцтва прыводзіць у прытомнасьць. Вы сталі старшынём Сьледчага камітэту. Што за гэты час зьмянілася? Як працуе ведамства і канкрэтныя супрацоўнікі?» — запытаўся Лукашэнка.
Якія адказы на гэтыя пытаньні даў старшыня Сьледчага камітэту, афіцыйныя СМІ не паведамляюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «КДБ правярае, ці падпісваліся сілавікі за Бабарыку. Ад вынікаў у СК жахнуліся», — былы сьледчы. ВІДЭА- Раней зьяўлялася інфармацыя, што зь сілавых ведамстваў масава звальняюць супрацоўнікаў, якія падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году альбо гэта рабілі іх родныя,. Пра гэта паведамляў, у прыватнасьці, былы старшы сьледчы СК Беларусі Андрэй Астаповіч, вымушаны пакінуць Беларусь.
- У траўні летась Лукашэнка падпісаў указ пра пазбаўленьне больш як 80 былых вайскоўцаў і сілавікоў вайсковых і спэцыяльных званьняў, сярод іх і супрацоўнікаў СК. У віну сілавікам ставілася тое, што яны выкідвалі службовыя пасьведчаньні, здымалі пагоны, адмаўляліся ад выкананьня службовых абавязкаў, а таксама перадавалі інфармацыю журналістам і праваабарончым арганізацыям.