Спэцдакладчыца ААН пра намер Беларусі пазбаўляць грамадзянства па нараджэньні: «Такога прэцэдэнту ў сьвеце няма»

Анаіс Марэн выступае праз відэасувязь на пасяджэньні Рады правоў чалавека ААН

Уводзіць у закон норму, якая прадугледжвае магчымасьць пазбаўленьня грамадзянства па нараджэньні, — «гэта сваволя», заявіла спэцдакладчыца ААН у правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн 24 лістапада на онлайн-сустрэчы экспэртна-аналітычнага клюбу на тэму «Беларусь у выгнаньні: як абараніць правы чалавека».

«Мяне вельмі хвалюе тое, што ў Беларусі плянуюць завочныя суды, што яшчэ больш абмяжоўвае права на справядлівы суд. Прапанова пазбаўляць грамадзянства асобаў, асуджаных за «ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасьці», ёсьць сваволяй. Пазбаўленьне грамадзянства будзе наступнаю тэмаю маёй барацьбы за правы чалавека ў Беларусі», — сказала яна.

Марэн адзначыла, што Беларусь не падпісала Канвэнцыю аб скарачэньні безграмадзянства ад 30 жніўня 1961 году. Паводле яе, дакумэнтам вызначана, што «ніякая дзяржава не павінна пазбаўляць ніякую асобу свайго грамадзянства, калі такое пазбаўленьне зрабіла б гэтую асобу апатрыдам».

«Нельга рабіць чалавека апатрыдам! Няма прэцэдэнту ў сьвеце, каб дзяржавы пазбаўлялі адзінага грамадзянства ад нараджэньня. Ёсьць выпадкі, калі чалавека пазбаўляюць аднаго з двух грамадзянстваў, але не адзінага», — падкрэсьліла экспэртка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго і за што могуць пазбавіць беларускага грамадзянства? Тлумачыць юрыст Кацярына Дзейкала
  • Улады Беларусі рыхтуюць зьмены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць магчымасьць пазбаўленьня грамадзянства асобаў, асуджаных за «ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасьці» або «нанясеньне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусі».
  • Адпаведны законапраект аб грамадзянстве паступіў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 16 верасьня. Ён знаходзіцца на разглядзе ў камісіі правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі. За яго адказвае дэпутатка Лілія Ананіч.
  • Законапраект аб грамадзянстве ўнесла ў ПП НС Міністэрства ўнутраных справаў. Падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі 6 верасьня міністар Іван Кубракоў паведаміў, што папраўкі дадуць магчымасьць пазбаўляць «экстрэмістаў» беларускага грамадзянства, атрыманага па праве нараджэньня. Асобам, пазбаўленым грамадзянства, прапануецца забараніць уезд у Беларусь на 30 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады гатовыя да «завочных судоў»: у першым сьпісе член офісу Ціханоўскай, аўтарка ютуб-каналу і мэдыямэнэджар
  • Акрамя таго, МУС прапанавала абавязаць грамадзян Беларусі паведамляць «кампэтэнтным органам» аб атрыманьні іншага грамадзянства або «льготных дакумэнтаў» іншых дзяржаваў, напрыклад, «карты паляка».
  • 5 ліпеня «экспэртны савет» пад кіраўніцтвам старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай разгледзеў законапраект з папраўкамі да закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусі».
  • «Адной з прапанаваных экспэртамі навацыяў ёсьць увядзеньне нормы аб страце грамадзянства ў сувязі з наяўнасьцю выраку суду Рэспублікі Беларусі, які ўступіў у законную сілу, пацьвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ёю цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы, калі такая асоба знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусі», — паведаміла тады прэс-служба Савету Рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падсудны па справе «АГСБ» заявіў у судзе, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі
  • Летам 2021 году ўступілі ў сілу заканадаўчыя зьмены, паводле якіх чалавека можна пазбавіць атрыманага грамадзянства Беларусі, калі ён прызнаны вінаватым у экстрэмізьме, тэрарызьме або цяжкой шкодзе інтарэсам дзяржавы.
  • Артыкул 10 Канстытуцыі абвяшчае, што «ніхто ня можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусі або права зьмяніць грамадзянства», але «набыцьцё і спыненьне грамадзянства ажыцьцяўляюцца ў адпаведнасьці з законам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчык ААН: нават пасьля выезду за мяжу многія беларусы жывуць у страху