Прадстаўніца Эўракамісіі пра Беларусь: «Ад 2020 году не было іншай краіны, дзе мы б так падтрымлівалі грамадзянскую супольнасьць»

Катарына Матэрнава, каляж

Катарына Матэрнава, намесьніца генэральнага дырэктара дэпартамэнту Эўракамісіі ў эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні, расказала пра фінансавую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці і пра тое, які ўплыў можа мець офіс Сьвятланы Ціханоўскай на рашэньні структураў Эўразьвязу.

Сьцісла:

  • У нас практычна не засталося супрацоўніцтва з уладамі ў Беларусі, акрамя аднаго маленькага вынятку – невялікай праграмы па змаганьні з COVID-19.
  • Мы па-ранейшаму гатовыя запусьціць праграму на 3 мільярды эўра для хуткага эканамічнага аднаўленьня Беларусі. Але для гэтага трэба абавязковая ўмова – дэмакратычныя пераўтварэньні.
  • Ад 2020 году мы мабілізавалі фінансавых рэсурсаў для Беларусі прыкладна на 100 мільёнаў эўра. Мы ня будзем зьмяншаць памеры падтрымкі.
  • Прыярытэты і агульныя сфэры нашай падтрымкі вызначаем мы ў Брусэлі. Пры гэтым мы заўсёды праводзім вельмі шырокія кансультацыі.
  • Няма непасрэдных кантрактаў ці грантавых адносінаў паміж Эўракамісіяй і офісамі Ціханоўскай.

«У нас практычна не засталося супрацоўніцтва з уладамі ў Беларусі»

— Які цяперашні ўзровень камунікацыі паміж Эўразьвязам і афіцыйнымі ўладамі Беларусі? Ці засталіся нейкія сфэры, дзе супрацоўніцтва паміж імі яшчэ працягваецца альбо дагэтуль магчымае?

— Яшчэ ў кастрычніку 2020 году мы ў Эўрапейскім Зьвязе прынялі тое, што называлася «Высновы аб Беларусі». Гэта было прынята Эўрапейскай Радай — лідэры краін тады сустрэліся, каб вызначыць адказ на фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і на гвалт, які разгарнуўся сьледам за выбарамі.

У выніку мы значна скарацілі нашую падтрымку беларускіх уладаў — і на нацыянальным, і на мясцовым узроўні. Мы скіравалі нашую фінансавую дапамогу недзяржаўным суб’ектам, у тым ліку на мясцовым і рэгіянальным узроўні.

На той час у нас яшчэ заставалася абмежаванае супрацоўніцтва з уладамі — да прыкладу, у пытаньнях навакольнага асяродзьдзя, ядзернай бясьпекі, у некаторых адукацыйных праграмах. Але пасьля расейскай агрэсіі супраць дэмакратычнай Украіны і ролі Беларусі ў гэтым як пляцоўкі для нападу на пачатку вайны мы далей перагледзелі падыход да працы зь Беларусьсю.

У выніку ў нас практычна не засталося супрацоўніцтва з уладамі ў Беларусі, акрамя аднаго маленькага вынятку — невялікай праграмы па змаганьні з COVID-19 і падтрымцы аховы здароўя. Гэтая праграма пачалася і яшчэ не завяршылася. Але новых праграмаў няма, а ўсе астатнія былі скасаваныя альбо перанакіраваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нелегальная міграцыя ў Эўразьвяз за год вырасла на 73%

«Сытуацыя зрабілася горшай»

— Больш за год таму вы казалі, што Эўразьвяз падрыхтаваў плян для дэмакратызацыі Беларусі. Ці пабачылі вы хоць нейкія зьмены да лепшага паводле гэтага пляну?

— На жаль, я не магу сказаць «так». Сытуацыя зрабілася горшай. І, як я ўжо згадала ў папярэднім адказе, вайна пагоршыла ўсё яшчэ больш.

Мы па-ранейшаму падтрымліваем народ Беларусі. Мы верым у дэмакратычную будучыню Беларусі. І мы гатовыя пры магчымасьці запусьціць праграму, пра якую мы абвясьцілі год таму: праграму на 3 мільярды эўра, якая прадугледжвае фінансавую падтрымку для хуткага эканамічнага аднаўленьня, інвэстыцыі ў ключавую інфраструктуру, пакет дапамогі для правядзеньня структурных рэформаў.

Мы гатовыя ўсё гэта рабіць, але для гэтага трэба абавязковая ўмова — дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі. На жаль, на гэтым фронце мы ня маем добрых навінаў.

«Агульная сума каля 100 мільёнаў»

— А які цяпер узровень падтрымкі Эўразьвязам грамадзянскай супольнасьці Беларусі, у тым ліку ў выгнаньні? І ці гэты ўзровень зьмяніўся ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну?

— Я б сказала, што ад 2020 году, на маю думку, не было іншай краіны сьвету, дзе мы б давалі такі ўзровень падтрымкі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці і недзяржаўнага сэктару. Гэта шырокі спэктар — грамадзянская супольнасьць, незалежныя СМІ, студэнты, прадпрымальнікі, дзеячы культуры, прадстаўнікі розных прафэсій.

Агулам ад 2020 году мы мабілізавалі фінансавых рэсурсаў прыкладна на 100 мільёнаў эўра для такой шырокай падтрымкі. Мы не абмяркоўвалі гэтага з калегамі, але я думаю, што ня знойдзецца іншай краіны, дзе такі ўзровень падтрымкі ішоў бы недзяржаўным субʼектам, прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці і гэтак далей.

Гэта тычыцца грамадзянскай супольнасьці і ўнутры Беларусі, і па-за межамі краіны. Цяжка сказаць, колькі канкрэтна ідзе куды, але агульная сума — каля 100 мільёнаў з розных крыніц фінансаваньня.

— Але ці зьменшылася гэтая падтрымка ў сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну і роляй Беларусі ў гэтым як базы для расейцаў?

— Абсалютна не. Абсалютна не. Бо, як я ўжо згадала, мы абрэзалі рэшту праграмаў, якія мы яшчэ мелі зь дзяржавай, хоць і да таго гэта было вельмі абмежавана. Але гэта не закранула ані ўзровень, ані тып дапамогі, якую мы аказваем грамадзянскай супольнасьці.

Пад грамадзянскай супольнасьцю я маю на ўвазе вельмі шырокае кола — ад культуры да студэнтаў, дасьледчыкаў, прадпрымальнікаў і гэтак далей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самы папулярны ў Расеі вобраз перамогі ў вайне — вяртаньне ў стан да 24 лютага», — расейская сацыялягіня Конева

«Стаўленьне беларусаў да вайны значна адрозьніваецца ад такога стаўленьня ў Расеі»

— Што вы думаеце пра тэндэнцыю, якая зьявілася ў некаторых эўрапейскіх краінах пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, калі ня толькі ўлады, але і грамадзян Беларусі і Расеі абʼядноўваюць у адну катэгорыю? У некаторых краінах Эўразьвязу пасьля ўварваньня ўвялі візавыя абмежаваньні, у якіх грамадзяне Расеі і Беларусі трактаваліся аднолькава. Ці лічыце вы, што гэта плённы падыход?

— Я думаю, што працягваюцца дыскусіі пра тое, наколькі эфэктыўныя візавыя забароны. Ёсьць розныя погляды на тое, ці варта караць цэлыя грамадзтвы.

І ўнутры самога Эўразьвязу на гэта існуюць вельмі розныя погляды. Я б нават сказала, што ўнутры розных інстытутаў Эўразьвязу гэтыя погляды таксама розныя.

Але я б хацела тут сказаць адну рэч — наколькі мы разумеем, стаўленьне людзей у Беларусі да вайны значна адрозьніваецца ад такога стаўленьня ў Расеі. Таму я асабіста, напэўна, рабіла б адрозьненьне. Але гэтае пытаньне выходзіць далёка за межы маёй кампэтэнцыі, таму я не хацела б тут пра гэта разважаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з прэм’ерам Канады Трудо

«Мы кансультаваліся ня толькі з офісам Ціханоўскай, але з усімі групамі дэмакратычнай апазыцыі»

— Вяртаючыся да падтрымкі Эўразьвязам беларускай грамадзянскай супольнасьці (у самой Беларусі і ў выгнаньні), хто вызначае прыярытэты гэтай дапамогі? І ці мае офіс Сьвятланы Ціханоўскай уплыў на гэтыя рашэньні?

— Што тычыцца вашага першага пытаньня, яно працуе такім чынам, што прыярытэты і агульныя сфэры нашай падтрымкі вызначаем мы ў Брусэлі разам з нашымі прадстаўнікамі, напрыклад у Беларусі ці ў нейкай іншай краіне.

Як частку гэтага плянаваньня праграмаў мы заўсёды праводзім вельмі шырокія кансультацыі з мноствам ключавых зацікаўленых бакоў. У нашым выпадку гэта, відавочна, сама грамадзянская супольнасьць, а таксама палітычныя субʼекты, міжнародныя арганізацыі, партнэры з асобных краінаў Эўразьвязу, іншыя партнэры, такія як ЗША, Канада, Вялікая Брытанія ды іншыя.

На пачатку гэтага году мы правялі шматбаковую ацэнку патрэб на пэрыяд ад 2022 да 2024 году, каб падрыхтаваць больш прадказальную структуру для падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці ў шырокім сэнсе.

І ў гэтым кантэксьце мы, вядома ж, кансультаваліся з офісам Сьвятланы Ціханоўскай, зь яе камандай, але таксама і з усімі групамі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, калі распрацоўвалі гэты плян.

— Калі нас зараз слухае ці глядзіць нехта ў Беларусі, хто ладзіць ініцыятывы ўнутры краіны, як яны могуць зьвязацца з вамі нейкім бясьпечным спосабам, каб атрымаць дапамогу ад Эўрапейскага Зьвязу?

— Паслухайце, паколькі мы размаўляем на адкрытым канале, я б хацела сказаць у такой дыскусіі, што бясьпечнага спосабу няма. Відавочна, вы зразумееце, што я ня буду называць імёнаў, назваў арганізацый, сайтаў і тэлефонных нумароў.

Але я магу сказаць, што мы працуем празь сетку нашых партнэраў, якія маюць розныя шляхі, як кантактаваць зь людзьмі і ўнутры Беларусі, і па-за Беларусьсю. І яны сапраўды пільна працуюць, каб даць магчымасьць як мага шырэйшага доступу. Але я хацела б абмежавацца гэтымі словамі.

— То бок вы б сказалі, што гэтыя людзі ня могуць наўпрост бясьпечна скантактавацца з вамі, напрыклад празь нейкі сайт Эўразьвязу, каб папрасіць дапамогі?

— Не.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крызіс АДКБ: адны прычыны рэальныя, другія — прыдуманыя

«Офіс Ціханоўскай не атрымлівае грошай наўпрост ад Эўрапейскай камісіі»

— Ці ёсьць незалежныя мэханізмы кантролю за гэтай фінансавай дапамогай? Як вы кантралюеце тое, ці выкарыстоўваюцца грошы адпаведным чынам у цяперашняй сытуацыі, калі цяжка сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі?

— Безумоўна, мэханізмы кантролю ёсьць. Ёсьць цэлая сэрыя абавязаньняў па дамовах з нашымі партнэрскімі арганізацыямі. Кантроль адбываецца рэгулярна.

Адна з рэчаў, якімі знакаміты Эўразьвяз, гэта якраз яго рэпутацыя арганізацыі, дзе ўсё кантралюецца на поўную магутнасьць. Таму нашыя партнэры часта маюць даволі цяжкія абавязаньні.

І гэта адна з прычынаў, чаму мы выбіраем арганізацыі-партнэры, якія здольныя выканаць нашыя патрабаваньні і не перакладаць гэты цяжар на драбнейшыя і больш уразьлівыя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці — і гэта тычыцца ня толькі Беларусі, але і іншых краінаў.

Тут ёсьць элемэнт навучаньня і дапамогі ўдзельнікам нашых праграм, як выканаць патрабаваньні кантролю. І гэта адбываецца вельмі рэгулярна.

— Зноўку ж, гэта можа быць далікатнае пытаньне, але ці атрымлівае офіс Сьвятланы Ціханоўскай прамую фінансавую падтрымку ад Эўразьвязу?

— Яны не атрымліваюць грошай наўпрост ад Эўрапейскай камісіі. У нас няма прамой дамовы з Офісам. Што тычыцца Эўрапейскага Зьвязу, дык гэта вельмі шырокі тэрмін. Я ўпэўненая, што ёсьць дзяржавы Эўразьвязу і іншыя міжнародныя партнэры, якія падтрымліваюць Офіс.

Ёсьць каналы падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, якія таксама даходзяць да новага ўраду ў выгнаньні — Абʼяднанага пераходнага кабінэту. Але няма прамых кантрактаў ці грантавых адносінаў паміж Эўракамісіяй і офісамі Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савет Рэспублікі ўхваліў праект закону аб амністыі, палітвязьні пад яе не падпадаюць

«Мы ня будзем зьмяншаць памеры падтрымкі»

— Вы ўжо сказалі, што рыхтавалі стратэгічныя пляны да 2024 году. Ці можаце вы сказаць, напрыклад, наконт наступнага году, ці вырасьце падтрымка грамадзянскай супольнасьці Беларусі, якой яна будзе ў параўнаньні зь цяперашнім узроўнем?

— Я думаю, што мы будзем здольныя падтрымаць цяперашні, вельмі значны ўзровень дапамогі, захаваць яго. Мы ня будзем зьмяншаць памеры падтрымкі.

Я ўжо згадвала на пачатку размовы, што сума ў 100 мільёнаў эўра за тры гады — вельмі вялікая ў параўнальнай пэрспэктыве, калі гаворка ідзе выключна пра падтрымку недзяржаўных, няўрадавых субʼектаў.

І я рада сказаць, што мы будзем здольныя захаваць яе на гэтым узроўні ў наступным годзе.

— Як прадстаўніца Эўракамісіі што б вы сказалі тым беларусам, якія цяпер знаходзяцца пад штодзённым ціскам у сытуацыі, калі грамадзянская супольнасьць у Беларусі вынішчаецца ўладамі?

— Працягвайце працу, захоўвайце веру, захоўвайце надзею. Мы з вамі, і мы ня толькі спадзяёмся, але і верым у будучую дэмакратычную Беларусь.