Сьпікерка Савету Рэспублікі Натальля Качанава заявіла 22 лістапада, што «праблем з асартымэнтам тавараў у крамах няма». А калі нехта кажа адваротнае, то гэта «інфаатакі супраць улады». Свабода запыталася беларусаў, якія яны бачаць праблемы з асартымэнтам у крамах.
«Садавіну хочацца абняць і плакаць»
Жыхарка Менску расказала Свабодзе, чаго цяпер не хапае ў крамах ля яе дому: малочных прадуктаў, цукерак, вафляў.
«З таго, што зьмянілася ў крамах: па-першае не стае „малочкі“: калі раней было шмат варыянтаў тлустасьці ці вытворцы, то цяпер па паліцах „размазваюць“ лічаныя найменьні тавару. Нібы ёсьць асартымэнт. Вяршкі, якія раней былі ў кожнай краме, ня знойдзеш, толькі ў вялікіх крамах яны ёсьць. Там увогуле зьмены не назіраюцца, калі туды зайсьці, там і Lay’s ёсьць і Snickers. У крамах каля маёй хаты паліцы з „Лэйсам“ ператварыліся ў паліцы зь невядомымі снэкамі. Замест вядомых шакалядных батончыкаў ля касаў ляжаць вафлі, нейкія турэцкія цукеркі і шмат расейскіх», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У дарагія крамы мы ходзім проста паглядзець». Дзе цяпер апранаюцца беларусы?Таксама яна гаворыць аб праблемах з асартымэнтам садавіны.
«З садавіной цяжэй, чым раней, яе хочацца абняць і плакаць зь ёй разам, а не купляць. Польскіх яблыкаў няма, украінскія тавары зьніклі, сыры некаторыя таксама ў буйных крамах толькі (рыкота, чэдар. — РС)», — гаворыць дзяўчына.
Па яе словах, у крамах зараз праблемы таксама і з бытавой хіміяй.
«З бытавой хіміі ў гэтым месяцы трэба было купляць усё беларускай вытворчасьці, бо іншага не было. Яно зьнікае, потым нешта прывозяць, але ў наяўнасьці можа ня быць у дадзены момант», — гаворыць пакупніца.
«Малы выбар кансэрваў»
Яшчэ адна жыхарка Менску заўважыла, што ў крамах ля яе дому стаў меншы выбар кансэрваванай прадукцыі, асабліва гародніны.
«Першае, што кідаецца ў вочы — мала кансэрваванай прадукцыі: гарошку, фасолі напрыклад. Варыянтаў мала. Часта так адбываецца, што паліцы застаўленыя аднатыпным таварам. Раней было некалькі брэндаў, цяпер іх ад сілы два. Тое ж з грыбамі — амаль ня знойдзеш. Мала салодкіх прадуктаў. Раней было шмат рознага брэндаванага печыва. Цяпер у асноўным расейскія брэнды. Зьніклі Snickers, Nuts, Mars — гэтыя паліцы ці то пустыя, ці то запоўненыя беларускімі ці расейскімі маркамі.
Праблемы з „малочкай“. Я хаджу ў краму каля 22 гадзін, калі мала людзей. Раней на паліцах было шмат чаго, быў выбар, а цяпер паліцы амаль пустыя, „малочку“ і сыры за дзень людзі разьбіраюць. Пазыцый стала менш па малацэ і сьмятане», — кажа дзяўчына.
Мянчанка зьвяртае ўвагу таксама на тое, што аб’ём пакета крупаў зьменшыўся, але цана засталася такой жа.
«Учора ўвечары я купляла рыс і заўважыла, што раней быў пакет на 800 грамаў, а цяпер 650 грамаў. А цана такая ж засталася», — даводзіць дзяўчына.
«Праблемы з рыбай і сьвежай курацінай»
Яшчэ адна жыхарка сталіцы расказвае, што «цяпер вялікія праблемы з асартымэнтам рыбы», амаль няма выбару.
«Таксама ў крамах не знайсьці сьвежай кураціны: усё замарожанае. Ні тушак, ні асобных частак. За гэтым даводзіцца езьдзіць на рынак, але там даражэй», — гаворыць яна.
Жыхар Менску ў размове са Свабодай заўважыў, што ў некаторых крамах асартымэнт зьменшыўся ўдвая і гэтае зьніжэньне закранула шмат пазыцый.
«Часта можна бачыць паліцы з выключна адным відам тавару. Макарона, напрыклад, выбар паміж расейскай і беларускай, у малочнай прадукцыі стала менш пазыцый і спрасьцілася ўпакоўка», — кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэальныя даходы беларусаў у студзені-верасьні ўпалі на 3,8%«Пазьнікалі кармы для жывёлаў»
«Сухога корму для катоў і сабак амаль няма», — зазначаюць наведнікі крамаў. Вялікія праблемы з «вэтэрынарным кормам».
"Асартымэнт моцна ўпаў, макарона толькі расейская, сланечнікавы алей таксама. Выбар яблыкаў скараціўся ўдвая, ёсьць 3-4 віды, — апісвае мянчук.
Яшчэ прадукты, зь якімі пакупнікі маюць праблемы:
- Фарба для валасоў — многія маркі зьніклі.
- Цыбуля — малы выбар.
- Часнок толькі кітайскі.
- Аліўкі маленькія і няма выбару.
- Хурма несалодкая.
- Брокалі цяжка знайсьці.
- Туалетная папера — малы выбар.
- Цыгарэты — няма пэўных марак.
- Соўсы — многія гатункі прапалі.
- Шакаляд — альбо расейскі, альбо беларускі.
- Дэзадаранты — малы выбар, некаторыя маркі зьніклі.
Што сьведчаць лічбы
Гадавая інфляцыя ў Беларусі (рост цэнаў на тавары і паслугі) у кастрычніку склала 15,2%. Аднак тады забаранілі павышаць цэны, у выніку чаго па выніках месяца яны нават зьнізіліся на 1% па падліках Нацбанку.
Па дадзеных Міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых дасьледаваньняў (МАСМІ), беларусы сёлета сталі эканоміць на адпачынку (пра гэта заявілі 45% рэспандэнтаў), забавах (41%), куплі бытавой тэхнікі (29%).
Акрамя таго, людзі больш ахвотна купляюць тавары на зьніжках і абмяжоўваюць сябе ў неабавязковых выдатках, сьведчаць дадзеныя дасьледаваньня.