Другі дзень у Ерэване праходзяць акцыі пратэсту з заклікамі да выхаду Армэніі з АДКБ. Армянская служба Радыё Свабода паведамляе пра чатырох затрыманых, сярод іх і старшыня Эўрапейскай партыі Армэніі Тыгран Хзмальян, які апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фота затрыманьня.
Лідэры краін АДКБ прыехалі ў сталіцу Армэніі Ерэван, каб 23 лістапада прыняць удзел у сэсіі Рады калектыўнай бясьпекі — найвышэйшага органу арганізацыі. Сярод удзельнікаў і Аляксандар Лукашэнка, які ўзначальвае беларускую дэлегацыю. Для беларускага боку цяперашні саміт асаблівы — старшынства ў арганізацыі пяройдзе ад Армэніі да Беларусі.
У сувязі з гэтым Лукашэнка агучыць прыярытэтныя кірункі, на якіх налета трэба будзе сканцэнтраваць сумесныя намаганьні, піша БелТА.
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей таксама возьме ўдзел у саміце. Аднак пасьля прыбыцьця 22 лістапада ў Ерэван ён ня стаў раскрываць журналістам падрабязнасьцяў аб прыярытэтах на пэрыяд будучага старшынства.
«Мы пастараліся падрыхтаваць іх такім чынам, каб унесьці рашучы ўклад на працягу наступнага году ўва ўдасканаленьне ўсіх сфэраў дзейнасьці нашай арганізацыі», — сказаў Макей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Лукашэнка — міратворцы? Што здараецца, калі агрэсары спрабуюць выконваць не сваю ролюАрмэнія стала выклікаць больш за ўсё прэтэнзіяў з боку Расеі і яе найбліжэйшай хаўрусьніцы, Беларусі. На адной з папярэдніх сустрэч дайшло да таго, што Лукашэнка крычаў у бок армянскага прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна: «Чаго вы ваюеце?!», назваўшы прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева блізкім сябрам.
Афіцыйны Ерэван не задаволены тым, што альянс ніяк не абараніў Армэнію перад азэрбайджанскімі войскамі, хоць там лічаць, што мусіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване раскрытыкавалі заявы Лукашэнкі пра канфлікт у Карабаху. У Менску параілі армянам «чытаць і перачытваць» ЛукашэнкуНамесьнік старшыні расейскага Савету Фэдэрацыі Канстанцін Касачоў перад самітам у Ерэване ў інтэрвію газэце «Аргументы и факты» заявіў, што канфлікт Азэрбайджану з Армэніяй «не адносіцца да кампэтэнцыі АДКБ».
Напярэдадні саміту АДКБ у Ерэване апазыцыйная партыя «Нацыянальна-дэмакратычны полюс» правяла акцыю пратэсту. Удзельнікі шэсьця скандавалі антырасейскія лёзунгі: «Вораг — Расея!», «Вораг — АДКБ!», маючы на ўвазе, што пасьля крывавых сутыкненьняў на мяжы ў верасьні сёлета вайсковы блёк не аказаў ніякай падтрымкі свайму чальцу — Армэніі.
Сябры апазыцыйнай партыі заявілі, што візыт лідэраў недружалюбных і нават «варожых Армэніі» краін – сяброў АДКБ, у прыватнасьці прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, павінен атрымаць годнае супрацьдзеяньне. Удзельнікі акцыі трымалі таксама плякаты супраць прылёту Лукашэнкі.
23 лістапада «Нацыянальна-дэмакратычны полюс», а таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці зноў праводзяць акцыі пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіргізстан скасаваў вайсковыя вучэньні АДКБ