Тады ў склад дзяржавы ўваходзілі ў тым ліку часткі Румыніі, Аўстрыі, Славаччыны, Сэрбіі, Харватыі, а таксама Закарпацьце, якое зараз у складзе Ўкраіны. Гэта прывяло да скандалу — вугорскіх паслоў у Кіеве і Бухарэсьце выклікалі ў замежнапалітычныя ведамствы Ўкраіны і Румыніі.
У МЗС Румыніі вугорскаму паслу выказалі «рашучае неўхваленьне» дзеяньнямі прэмʼер-міністра. МЗС Украіны запатрабавала прабачэньняў ад вугорскага боку і зьняпраўджаньня замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць краіны.
«Віктар Орбан прыйшоў на футбольны матч з шалікам, на якім выяўлена Вугоршчына з часткай украінскае тэрыторыі. Прапаганда ідэяў рэвізіянізму ў Вугоршчыне не спрыяе разьвіцьцю украіна-вугорскіх адносін і не адпавядае прынцыпам эўрапейскай палітыкі», — напісаў у фэйсбуку сьпікер МЗС Украіны Алег Нікаленка.
Выданьне «Медуза» піша, што гэты шалік Орбану даў адзін з заўзятараў.
Вугоршчына (як адна з правапераемніц Аўстра-Вугоршчыныі) пазбавілася дзьвюх трацінаў сваёй былой тэрыторыі пасьля заканчэньня Першай сусьветнай вайны і пасьля ўступленьня ў сілу ў ліпені 1921 году Трыянонскай мірнай дамовы (падпісанай улетку 1920 году) з краінамі-пераможцамі.
Цяперашняга прэмʼер-міністра Орбана крытыкуюць за шчыльныя сувязі паміж Будапэштам і Масквой, якія склаліся за апошнія гады, і адмову надаваць Украіне вайсковую дапамогу для супрацьстаяньня поўнамаштабнаму ўварваньню Расеі. У прыватнасьці, 26 сакавіка прэмʼер Вугоршчыны заявіў, што ня будзе падтрымліваць эмбарга на расейскія нафту і газ, а патрабаваньні Зяленскага аб вайсковай дапамозе і санкцыях супраць Расеі, паводле яго, супярэчаць інтарэсам Вугоршчыны і нэгатыўна адабʼюцца на эканоміцы.