У Гомельскім абласным судзе працягваецца працэс у крымінальнай справе «Рабочага руху». 10 чалавек, працаўнікоў буйных прамысловых прадпрыемстваў, судзяць за «здраду дзяржаве» і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні». Некаторых фігурантаў дадаткова абвінавацілі ў «паклёпе». Ідзецца пра іх выказваньні ў адрасм кіраўніка прадпрыемства. Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Піскуноў.
На судзе ў першыя дні зачыталі абвінавачаньні. Далей судзьдзя прыняў рашэньне спачатку зачытаць матэрыялы справы, потым дапытаць тых, хто лічыцца пацярпелымі, а затым перайсьці да допыту абвінавачаных.
Усяго ў справе 38 тамоў, адзін зь іх сакрэтны, яго будуць вывучаць без удзелу сваякоў і староньніх асобаў. Як даведалася Свабода, падчас разгляду справы высьветлілася, што Ігар Мінц, былы юрысконсульт «Нафтану» (Наваполацк), раней удзельнічаў у судах як «народны засядацель». З гэтай прычыны Гомельскі абласны суд накіраваў запыт у суд Наваполацку і Вярхоўны суд. Цяпер судзьдзя чакае адказу. Гэта можа паўплываць на далейшы працэс, бо справу могуць перадаць на разгляд у Вярхоўны суд Беларусі ў Менску.
Пакуль жа на працэсе агучылі падрабязнасьці таго, як і хто ствараў і распаўсюджваў розныя ўлёткі ў пэрыяд 2020–2021 гадоў. Таксама зачыталі пратаколы допытаў абвінавачаных і сьведак. На гэтым тыдні суд перайшоў да прагляду запісаў zoom-канфэрэнцыяў. На іх у тым ліку прысутнічалі Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі яе штабу.
«Пакуль паказвалі, што на zoom-канфэрэнцыях больш за іншых выступала Аляксандра Логвінава, прадстаўніца штабу Ціханоўскай. Відавочна, нехта запісваў іх. Але наўрад ці агучаць, хто гэта быў. На zoom-канфэрэнцыях вельмі шмат балбатні, такое „ні пра што“. Пакуль нейкіх радыкальных ідэяў, у якіх абвінавачваюць „Рабочы рух“, не прагучала там. Але іх шмат і праглядаць у судзе іх будуць яшчэ доўга. Абмяркоўвалі эканамічныя санкцыі і тое, як яны могуць паўплываць на працу буйных прадпрыемстваў», — расказала Свабодзе крыніца, якая была на паседжаньнях.
Нагадаем, у справе «Рабочага руху» праходзяць 10 чалавек: Сяргей Шэлест, Уладзімер Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька і Аляксандар Капшуль.
Усіх фігурантаў абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Капшуля дадаткова — у «незаконных дзеяньнях у дачыненьні агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295 КК). Шэлеста, Жураўку і Пагерылу дадаткова — у «паклёпе» (арт. 188 КК).
«Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інфармацыя перадавалася спэцслужбам Літвы, ЗША і Офісу Ціханоўскай». За што судзяць фігурантаў «Рабочага руху»