Даведаліся, якія ёсьць варыянты пабрацца шлюбам за мяжой, а таксама сабралі некалькі рэальных гісторыяў.
Польшча: працэдура рэгістрацыі шлюбу займае мінімум 8 месяцаў
Нявеста Паўла (грамадзянка Беларусі) знаходзілася ў Польшчы зь візай. Сам Павал мае беларускае і польскае грамадзянства. Але ў Беларусі на яго завялі «палітычную» крымінальную справу, таму на Радзіму маладыя людзі не маглі паехаць і вырашылі пабрацца шлюбам у Польшчы.
Паўлу было прасьцей — ён браў шлюб як грамадзянін Польшчы. А нявесьце як іншаземцы трэба было атрымаць так званы «дазвол на заключэньне шлюбу за мяжой». Гэта даволі доўгая бюракратычная працэдура. І, як высьветлілася, нятанная.
«Спачатку нявеста мусіла ўзяць дублікат пасьведчаньня аб нараджэньні і даведку аб адсутнасьці шлюбу зь беларускага ЗАГСу. Мы рабілі даверанасьць на маці нявесты праз польскага натарыюса з прысяжным перакладам на беларускую/расейскую мову, потым рабіўся яшчэ адзін прысяжны пераклад рэшты тэксту даверанасьці праз прысяжнага перакладніка ў Беларусі. Таксама ў Польшчы рабілі прысяжны пераклад на польскую мову дублікату атрыманага пасьведчаньня аб нараджэньні нявесты і даведкі аб адсутнасьці шлюбу», — пералічвае шматлікія бюракратычныя працэдуры Павал.
Каб атрымаць дазвол узяць шлюб, з усімі дакумэнтамі можна было зьвяртацца альбо ў беларускую амбасаду ў Польшчы, альбо ў польскі суд на месцы жыхарства. У беларускую амбасаду маладыя людзі пабаяліся ісьці праз крымінальную справу Паўла. Да таго ж каб трапіць на прыём у амбасаду, трэба запісвацца загадзя — за некалькі месяцаў. Таму беларусы зьвярнуліся ў польскі суд на месцы жыхарства нявесты (sąd rejonowy, wydział spraw rodziny i nieletnich), пісьмова матывуючы гэта немагчымасьцю зьвярнуцца ў беларускую амбасаду праз палітычны перасьлед.
«Пасьля падачы заявы ў суд чакалі прыкладна 4 месяцы, пакуль адбыўся сам працэс. Яшчэ 2 тыдні чакалі выдачы судовага рашэньня. Затым заняліся пошукам польскага ЗАГСу (Urząd Stanu Cywilnego — USC), дзе няма вялікіх чэргаў і дзе можна пабрацца шлюбам у зручны дзень, а ня толькі ў суботу (як у большасьці USC). Нават калі няма чэргаў, ад падачы заявы да дня ўзяцьця шлюбу павінен прайсьці прынамсі месяц», — расказаў Павал.
У выніку на ўсе бюракратычныя працэдуры ад моманту прыняцьця рашэньня ажаніцца да дня ўзяцьця шлюбу ў Польшчы ў беларусаў пайшло амаль 8 месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Прэс-сакратар прэзыдэнта Чэхіі павянчаўся з украінскай уцякачкайДанія: самастойна — складана, праз шлюбную агенцыю — нятанна
Чытач Свабоды Антон падзяліўся досьведам рэгістрацыі шлюбу ў Даніі. Ён пераканаўся, што ў іншых эўрапейскіх краінах нават з часовым дазволам на жыхарства гэта зрабіць даволі складана, а без дазволу на жыхарства заканадаўча немагчыма. Прасьцей за ўсё скарыстацца паслугамі шлюбнага агенцтва, а ня дзейнічаць самастойна.
У Даніі будзе патрэбны засьведчаны перакладніцкім агенцтвам пераклад даведкі зь беларускага ЗАГСу аб адсутнасьці шлюбу (апастыль не патрэбны), фота ўсіх старонак пашпарту (ня скан) і доказы стасункаў. Антон кажа, што гэта могуць быць фота з сумесных паездак (лепей за ўсё здымкі экрану з сацыяльных сетак, каб былі бачныя адрас старонкі і дата), чэкі сумесных аплатаў арэнды кватэры, даверанасьці адно на аднаго, генэральныя даручэньні, здымкі перапісак у месэнджарах — на яго думку, пералік даволі дзіўны.
«Потым вам патрэбна аформіць заяву ў дацкім Сямейным судзе. Гэта патрабуе рэгістрацыі на іхным сайце праз SMS (на беларускія нумары не даходзіць). Неабходна пераслаць усе дакумэнты на праверку, атрымаць дазвол, з дазволам зьвязацца з ратушай якой-хаця дацкай камуны. З камунай дамовіцца аб даце рэгістрацыі, прыляцець у Данію ды аформіць шлюб.
Выдаткі, здавалася б, невялікія: квіткі на самалёт, аплата гатэлю і невялічкі падатак у 20 крон. Яшчэ прыкладна столькі ж давядзецца аплаціць за апастыль (гэта робіцца у Капэнгагене ў жывой чарзе недзе за паўгадзіны)», — піша Антон.
Аднак ён раіць рабіць усё праз шлюбнае агенцтва, бо калі намагаесься зрабіць самастойна — агенцтва можа не адказваць, патрабаваць нейкіх дадатковых папераў.
«Вы нават ня здолееце зарэгістравацца на іхным сайце. Таму самы просты варыянт — знайсьці дацкае шлюбнае агенцтва. Іх шмат, паслугі каштуюць па-рознаму, недзе ад 700 да 2000 эўра. Але яны зробяць ўсё, вам застаецца толькі прыляцець у Капэнгаген ды наведацца у ратушу і МЗС па апастыль».
Грузія: патрэбны толькі пашпарт
Беларуска Наста і яе партнэр Ягор, якія жывуць у Познані, пабраліся шлюбам у Грузіі. Гэта заняло адзін дзень плюс час на пералёты.
Наста і Ягор прыехалі ў Польшчу ў ліпені 2021 году з гуманітарнымі візмі праз палітычны перасьлед на Радзіме. Насту звольнілі з працы, калі даведаліся, што яна хадзіла на пратэсты і на суды (працавала юрыстам у дзяржаўнай установе). На Ягора завялі крымінальную справу.
Калі маладыя вырашылі ажаніцца, у іх яшчэ не было легалізацыі ў Польшчы. Наста вывучыла ўсе магчымыя варыянты ўзяцьця шлюбу для іншаземцаў, палічыла, колькі каштавацьмуць бюракратычныя працэдуры.
«Каб аформіць адносіны ў Польшчы, нам трэба было прайсьці прынамсі тры складаныя інстанцыі, — расказвае Наста. — Як паказвае практыка, гэта займае 8–9 месяцаў. І каштуе даволі дорага: толькі афармленьне даверанасьці праз прысяжнага перакладніка з засьведчаньнем у натарыюса, апастылем, судом каштуе мінімум 750 злотых (каля 170 эўра).
Маладыя людзі даведаліся, што шмат беларусаў едуць жаніцца ў Грузію. Там гэтая працэдура найпрасьцейшая з усіх краінаў СНД і суседніх. Да таго ж, Грузія бязьвізавая для беларусаў.
«Мы даведваліся пра суседнюю Чэхію — усё адно патрэбная даведка з ЗАГСу ў Беларусі. А ў Грузіі ўсе працэдуры максымальна спрошчаныя. Каб іншаземцу ўступіць у шлюб, ня трэба нічога, акрамя пашпарту. Пашпарт неабходна перакласьці на грузінскую мову, патрэбныя яшчэ двое сьведак. Калі гэта грамадзяне Грузіі, яны проста прыходзяць з сваімі пашпартамі, калі грамадзяне іншых краінаў, у тым ліку беларусы, якія адмыслова прыехалі ці жывуць у Грузіі, — неабходныя пераклады іхных пашпартоў. І ў прынцыпе ўсё — зь перакладзенымі пашпартамі можна ісьці ў грузінскі ЗАГС», — тлумачыць Наста.
Калі ўсё прадумаць і падрыхтавацца, то аформіць адносіны можна за дзень-два. І ляцець пажадана ў Тбілісі — туды можна знайсьці даволі танныя квіткі. У тбіліскім Доме юстыцыі можна хутка выканаць усе юрыдычныя працэдуры.
«У Грузіі найпрасьцейшая працэдура ўзяцьця шлюбу без усялякіх урачыстасьцяў — бясплатная. Грошы трэба заплаціць толькі за пераклад пашпартоў на грузінскую мову. Нам на дваіх гэта абышлося прыкладна ў 50 даляраў.
Падалі заяву, і літаральна празь некалькі гадзін нам прыйшло паведамленьне, што можна жаніцца. Мы знайшлі ЗАГС крыху далей ад цэнтру Тбілісі і ўсё аформілі даволі танна і хутка.
Маладым адразу выдаюць пасьведчаньне аб шлюбе на грузінскай мове. Можна замовіць вэрсію на ангельскай мове і апастыль за дадатковыя грошы.
«Для Польшчы апастыль не патрабуецца, бо тут ёсьць прысяжныя перакладнікі з грузінскай мовы на польскую (гэта адмысловыя акрэдытаваныя перакладнікі з рэестру Міністэрства юстыцыі, іх пераклад можна несьці ў кожны польскі орган, яго ня трэба дадаткова засьведчваць», — расказала пра свой досьвед узчцьця шлюбу Наста.
Літва: абавязковая легалізацыя, цана пытаньня — 20 эўра
Былы палітвязень Зьміцер Фурманаў і Вольга Каракіна зарэгістравалі шлюб у Літве ў жніўні 2022 году.
Зьміцер хацеў зрабіць прапанову каханай дзяўчыне яшчэ ўвесну 2020 году. Але тады ён шмат езьдзіў зь Сяргеем Ціханоўскім па гарадах, зьбіраў подпісы, не было часу купіць заручальны пярсьцёнак. А 29 траўня Зьмітра затрымал. У ліпені 2020-га Вольга разам з маці Фурманава галадала каля СІЗА на Валадарцы.
Зьмітра асудзілі на 1,5 года турмы. Дзяўчына зьехала ў Літву. Зьмітра яна чакала, пісала лісты ў калёнію. Калі Фурманава вызвалілі, ён паехаў да каханай і зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца. Гэта адбылося на Новы 2022 год.
«Мы ў Вільні падалі дакумэнты на ўцякацтва — дагэтуль Вольга жыла там зь візай. Трэба былі даведкі аб адсутнасьці шлюбу на Радзіме, але тыя, хто чакае статусу, яе ня могуць атрымаць, таму варыянтаў не было. Давялося чакаць разгляду дакумэнтаў паўгода.
Калі атрымалі карткі пастаяннага дазволу на жыхарства, пайшлі зь імі ў віленскі ЗАГС. Напісалі заяву. Заплацілі 20 эўра і пачалі чакаць прызначанага дня. Летам чэргі былі вялікія, людзі чакалі да 3-х месяцаў.
На ўрачыстасьцях у ЗАГСе з намі былі сьведкі з беларускімі пашпартамі. А сама цырымонія адбывалася па-літоўску, але ўсё было зразумела», — узгадвае сваё вясельле былы палітвязень Зьміцер Фурманаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хацеў зрабіць прапанову ў дзень затрыманьня. Відэагісторыя каханьня Фурманавых