Крамянчуцкая гарадзкая рада (Палтаўская вобласьць) паведаміла аб дэмантажы помніка расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну.
Дагэтуль помнікі Пушкіну зьнесьлі ў Чарнігаве, Цярнопалі, Канатопе (Сумская вобласьць), Мукачаве (Закарпацкая вобласьць), Ужгарадзе, Кіеве, Харкаве, Крапіўніцкім, Жытоміры, Адэсе. Улады шэрагу іншых гарадоў таксама заявілі намер пазбавіцца помнікаў Пушкіну.
У большасьці гарадоў гэтыя помнікі ўваходзілі ў пералік мясцовых культурных каштоўнасьцяў. Праз вайну ва Ўкраіне пачаўся так званы працэс «дэкалянізацыі», калі адмаўляюцца ад усіх сымбаляў, зьвязаных з савецкай дзяржавай і Расейскай імпэрыяй.
У ліпені ў вёсцы Першамайскае на Харкаўшчыне зьнесьлі помнік расейскаму цару Аляксандру ІІІ. Але таблічка, на якой згадваецца, што помнік быў пабудаваны пра падтрымцы Ўладзіміра Пуціна, пакуль засталася на месцы.
Сёлета ў ліпені ў Пераяславе Кіеўскай вобласьці дэмантавалі манумэнт, прысьвечаны 300-годзьдзю «ўзьяднаньня Ўкраіны з Расеяй» і пастаўлены ў 1961 годзе. Цяпер яго перадалі на захаваньне ў Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік «Пераяслаў».
У Адэсе зьнесьлі помнік расейскаму пісьменьніку Максіму Горкаму. Цяпер жыхары гораду патрабуюць дэмантаваць помнік расейскай імпэратрыцы Кацярыне ІІ — цэнтральную фігуру манумэнту заснавальнікам Адэсы.
Ува ўсіх украінскіх паселішчах ў асноўным адбылося і яшчэ працягваецца масавае перайменаваньне вуліц, назвы якіх былі зьвязаныя з гісторыяй Расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу.
З 2014 году ва Ўкраіне пачаўся працэс дэкамунізацыі. У яго межах перайменавалі 987 паселішчаў, 25 раёнаў, больш як 52 тысячы вуліц, а таксама дэмантавалі каля 2500 помнікаў і памятных знакаў, якія зьмяшчалі прапаганду таталітарнага рэжыму.
З пачатку 2019 году пачалася новая хваля рэабілітацыі рэпрэсаваных у савецкія часы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабода Premium №37. Ленінапад. Першы пайшоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Леніна ў гарадах больш няма»: Украіна дэмантавала 2389 савецкіх помнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б у Беларусі адбыўся ленінапад, то беларусы праз 5 хвілін забыліся б пра гэтых ленінаў»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.