Дырэктар Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімер Вятровіч у вялікім інтэрвію Liga.net заявіў, што ва ўкраінскіх гарадах больш няма помнікаў Леніну.
Паводле зьвестак Вятровіча, ва Ўкраіне ў межах дэкамунізацыі дэмантавалі 1320 помнікаў Леніну і яшчэ 1069 іншых савецкіх помнікаў (такія ж лічбы называліся па выніках 2016 году).
Але «ленінапад» не завершыўся. Помнікі Леніну застаюцца на ўкраінскіх тэрыторыях, якія Ўкраіна не кантралюе (так званыя «ДНР» і «ЛНР», акупаваны Расеяй Крым). Таксама помнікі маглі застацца ў сельскай мясцовасьці і на тэрыторыі прадпрыемстваў: яны не заносіліся ў рэестры, таму іх можна дэмантаваць «па факце выяўленьня», кажа Вятровіч.
Большая частка помнікаў, паводле яго, была гіпсавымі фігурамі, што ня мелі ні матэрыяльнай, ні гістарычнай каштоўнасьці — такія проста зьнішчаліся. Але тыя, што мелі матэрыяльную каштоўнасьць, перарабляліся (напрыклад бронзавыя, што пераплаўляліся). Некаторыя савецкія помнікі захаваныя для музэю манумэнтальнай прапаганды СССР, што плянуюць увосень адкрыць на тэрыторыі Экспацэнтру Ўкраіны (былая ВДНГ).
Засталася праблема «пянькоў»
Вятровіч кажа, што застаецца праблема «пянькоў» — так Вятровіч называе пустыя пастамэнты, што застаюцца пасьля зносу савецкіх скульптураў. На іх мяркуецца паставіць новыя помнікі або, як у Кіеве, проста прыбраць большую частку.
Таксама ў межах дэкамунізацыі ва Ўкраіне перайменавана 987 населеных пунктаў, зь іх 32 горады і 52 тысячы вуліц. Не перайменаванымі застаюцца Днепрапятроўская і Кіраваградзкая вобласьці, бо так яны прапісаныя ў Канстытуцыі, і, каб іх перайменаваць, трэба ўнесьці праўкі ў Канстытуцыю. Але цэнтры гэтых абласьцей ужо перайменаваныя: Днепрапятроўск у Дняпро (укр. Дніпро), Кіраваград у Крапіўніцкі (укр. Кропивницький).
«Асабіста я супраць таго, каб замест помніка Леніну паставілі новы помнік, — кажа Вятровіч. — Цень Леніна занадта густая, каб адмаліць карму гэтага месца. Трэба проста дэмантаваць. Але ў маленькіх мястэчках часта такія помнікі стаялі ў самым цэнтры, і, магчыма, там ёсьць сэнс ставіць новыя. Гэта ўжо робіцца: зьяўляюцца помнікі Нябеснай сотні, героям вайны з Расеяй. Але тут, зноў жа, трэба, каб людзі бралі адказнасьць на сябе.
А ўкраінцы ўжо адчулі смак і пераймяноўваюць нават тыя тапонімы, што не падпадаюць пад дэкамунізацыю. Ватуцін не падпадаў пад дэкамунізацыю, вуліцы Кутузава, Суворава таксама. Тым ня менш мясцовая грамада мае права на такую ініцыятыву. І такія выпадкі сталі масавымі».