Беларус Аляксей Манчынскі з 2015 году ваюе за Ўкраіну. Ён мае дзяржаўныя ўзнагароды. За заслугі перад Украінай атрымаў грамадзянства ад прэзыдэнта. Цяпер Аляксей стварае новае падразьдзяленьне беларускіх добраахвотнікаў.
— Вы ў Украіне жывяце з 2015 году? Прыехалі туды, каб ваяваць?
— Я паехаў ва Ўкраіну ў 2015 годзе менавіта для таго, каб ваяваць за Ўкраіну і дапамагаць ёй. Паехаў са сваіх уласных перакананьняў. Баявога ці вайсковага досьведу ў мяне не было. Прыехаў «з карабля на баль». Першы час служыў у «Правым сэктары». Потым перайшоў у 8-ы батальён «Аратта», які належыць да Ўкраінскага добраахвотніцкага войска. Затым падпісаў кантракт і служыў у марской пяхоце. У 2021 годзе я з асабістых прычын звольніўся. Але прыйшла вайна. Цяпер агульным рашэньнем — сваім і вялікай колькасьці сяброў, знаёмых, вырашыў камандаваць групай беларускіх добраахвотнікаў. Мае сябры выказалі мне падтрымку і жаданьне служыць.
— Чым новае падразьдзяленьне будзе адрозьнівацца ад тых, што ўжо існуюць ва Ўкраіне? Чаму не далучыліся, скажам, да палку Каліноўскага ці «Пагоні»?
— Я належу да «Пагоні». Цяпер проста ў нас пэўны «рэбрэндынг». Частка байцоў «Пагоні» служыць у брыгадзе імя Івана Багуна і працягне там служыць. Наша група будзе выконваць іншыя задачы. Цяпер у нас працэс укамплектаваньня. Трэба ўкамплектаваць групу рэчамі, якія патрэбныя для выкананьня нашых задач, закрыць усе пытаньні. Пасьля гэтага мы падпісваем кантракты і рушым на пазыцыі. Укамплектаваць групу нам дапамагаюць беларусы, украінцы, усе, хто мяне ведае, валянтэры.
Наша група будзе выключна зь беларусаў. Многія ўжо бралі ўдзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне, і ў гэтай вайне таксама. Нехта прыехаў ва Ўкраіну раней, нехта пазьней. У нас адна мэта — дапамагаць Украіне.
Чым мы будзем адрозьнівацца? У нас будзе цалкам адкрытая і празрыстая справаздачнасьць, усё будзе асьвятляцца на рэсурсах «Пагоні». Мы будзем паказваць эфэктыўнасьць сваёй дзейнасьці. Мы намагаемся стварыць групу, якой будуць ганарыцца як беларусы, так і ўкраінцы. Будзем навучаць іншых, павялічвацца, ствараць патэнцыял для перамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тры месяцы толькі на падрыхтоўку дакумэнтаў». Ці выплочваюць грашовыя кампэнсацыі сем’ям загінулых ва Ўкраіне беларусаў— Што для вас Украіна? Тэрыторыя, на якой вы ваюеце з 2015 году, ці нешта большае?
— Украіна для мяне другая радзіма. Я маю шмат узнагарод, у тым ліку і дзяржаўных, за вайну на Данбасе. Я атрымаў украінскае грамадзянства за свае заслугі. Тут мае пабрацімы. Украіна дала мне новы позірк на многія рэчы, загартавала мяне. Тут мая сям’я — жонка-ўкраінка і дзіця. У наступным годзе мы чакаем папаўненьня — другое дзіця, сына. Вайну я сустрэў у Адэсе, дзе жыў і жыву. Але адразу я заняўся тым, што вывез жонку і дзяцей у бясьпечнае месца.
— Часам ад беларускіх добраахвотнікаў гучыць такі тэзіс, што «вызвалім Украіну і прыйдзем вызваляць Беларусь». Вы што думаеце наконт гэтага?
— Мы зойдзем ці пойдзем вызваляць Беларусь не тады, калі пераможа Ўкраіна, а калі Беларусь пачне непасрэдны ўдзел у вайне. Толькі ў такім выпадку беларусы, якія знаходзяцца ва Ўкраіне, змогуць трапіць на нейкіх падставах у Беларусь. Цяпер ваююць дзьве краіны — Расея і Ўкраіна. Перамога Ўкраіны ня будзе азначаць, што мы рушым у Беларусь ці ўкраінскія войскі пойдуць у Беларусь. Нешта мы зможам пачаць, калі, паўтаруся, Беларусь пойдзе ва Ўкраіну.
Што тычыцца асабіста мяне, то калі будзе магчымасьць — я адназначна вярнуся ў Беларусь. Гэта мая радзіма, мой дом. Калі так атрымаецца, што рэжым рухне, то там будзе вельмі шмат працы, якой трэба будзе займацца.
Я не пляную лезьці ў палітыку. Для гэтага ёсьць іншыя людзі. Я раблю ўсё магчымае, каб гэтыя людзі пачалі зьмяняць Беларусь.