Іран 13 лістапада вынес першы сьмяротны прысуд у сувязі з пратэстамі, якія ставяць на мэце зрынуць духоўнае кіраўніцтва краіны, піша іранская служба Радыё Свабода.
Амаль два месяцы пратэстаў, выкліканых сьмерцю 22-гадовай Махсы Аміні ў паліцыі, прымусілі ўлады разьвязаць рэпрэсіі, у выніку якіх затрымалі каля 15 тысяч людзей, ёсьць 336 толькі пацьверджаных выпадкаў гібелі пратэстоўцаў, згодна з інфармацыяй іранскага агенцтва ў правах чалавека, заснаванага ў 2009 годзе за мяжой.
Суд Тэгерану асудзіў абвінавачанага на сьмерць. Паводле судовых уладаў, гэта пакараньне за такія злачынствы, як «падпал урадавага будынку, парушэньне грамадзкага парадку, сходы і змова з мэтай учыненьня злачынства супраць нацыянальнай бясьпекі», а таксама за тое, што ён «вораг Бога».
Імя асуджанага на сьмяротную кару пакуль не называюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран: студэнты працягваюць дэманстрацыі, уладальнікі крам аб’явілі страйкТым часам стала вядома, што Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць Ірану. У кастрычніку, у першым пакеце, санкцыі наклалі на некалькі арганізацыяў, якія маглі мець дачыненьне да сьмерці Махсы Аміні і перасьледу пратэстоўцаў. 15 чалавек аб’явілі непажаданымі на тэрыторыі краін ЭЗ і замарозілі іхныя актывы.
Reuters з спасылкай на двух дыпляматаў ЭЗ піша, што новы пакет санкцыяў будзе ўключаць 31 фізычную і юрыдычную асобу, зьвязаную з уладамі Ірану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран заявіў, што стварыў гіпэргукавую ракету — пра яе выпрабаваньне не паведамлялася ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка выявіла, што іранскія дроны пастаўлялі ў Расею пасьля 24 лютага. У іх дэталі з ЗША і Эўразьвязу. ФОТА