Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран заявіў, што стварыў гіпэргукавую ракету — пра яе выпрабаваньне не паведамлялася


Выпрабаваньні расейскай гіпэргукавой ракеты «Цыркон», травень 2022 году
Выпрабаваньні расейскай гіпэргукавой ракеты «Цыркон», травень 2022 году

Камандуючы паветрана-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што ў Іране створана гіпэргукавая балістычная ракета. Ягоныя словы прыводзіць іранскае агенцтва Tasnim.

«Ракета разьвівае высокую хуткасьць, можа манэўраваць як ніжэй, так і вышэй зямной атмасфэры», — расказаў Хаджызадэ. Ён дадаў, што ракета здольная паражаць і прабіваць абарону сучасных сыстэм супрацьпаветранай абароны.

Аднак аб выпрабаваньнях такой ракеты Іран не паведамляў, піша агенцтва Reuters. Па словах заходніх вайсковых аналітыкаў, Іран «часам перабольшвае свае магчымасьці ў галіне ўзбраеньняў».

Гіпэргукавыя ракеты могуць ляцець па складанай траекторыі з хуткасьцю як мінімум у пяць разоў большай за хуткасьць гуку, таму перахопліваць іх цяжэй. Вядома, што выпрабаваньні такіх ракет праводзілі Расея, Кітай і, верагодна, КНДР. Аб плянах стварыць гіпэргукавую зброю таксама заяўлялі Аўстралія, Вялікая Брытанія і Францыя.

Раней у лістападзе Іран заяўляў, што правёў выпрабаваньні сваёй першай трохступеньчатай касьмічнай ракеты-носьбіта Ghaem 100, якая зможа выводзіць спадарожнікі вагой да 80 кіляграмаў на арбіту 500 кілямэтраў над паверхняй Зямлі.

ЗША назвалі дзеяньні Ірану «дэстабілізуючымі». Вашынгтон асьцерагаецца, што Ghaem 100 можа быць скарыстана і для пераносу ядзернай боегалоўкі. Тэгеран адмаўляе, што мае такія намеры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG