Лукашэнка паабяцаў, што праз 10-15 гадоў у Беларусі не застанецца вёсак — будуць толькі аграгарадкі. Што гэта азначае і да чаго можа прывесьці?
За гады панаваньня цяперашняй улады, якую часам яшчэ называюць беларускай, хоць па сутнасьці яна расейская, у Беларусі зьніклі многія знакавыя стаўпы беларускага архетыпу.
Зьнікла сялянства як кляса. Амаль зьнікла вёска — як захавальніца традыцыі, мовы, культуры. Для нацыі як такой гэта, безумоўна, трагедыя. І хоць прыватныя ініцыятывы з усіх сілаў імкнуцца адрадзіць традыцыю, мову і культуру ў горадзе, натуральных носьбітаў гэтых каштоўнасьцяў практычна не засталося. А ўлада тым часам працягвае дабіваць як гарадзкія ініцыятывы, так і рэшткі натуральнага асяродзьдзя.
«Деревня становится другой. Не будет этих деревень старых, которых у нас сотни тысяч было. Будут агрогородки. Останутся крупные деревни. Через 10-15 лет работы, а может быть, и раньше будут только агрогородки».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адраджэньне вёскі — фікцыя». А якой яна павінна быць, каб беларусы ня зьведалі голаду?Тлумачыцца гэта тым, што ў «гыр-гыр-гарадках», як іх называюць старыя вяскоўцы, дзяржаве прасьцей наладжваць гарадзкі побытавы камфорт. Быццам гэта клопат дзяржавы пра насельніцтва, якое само ня можа вырашаць, дзе яму жыць і як наладжваць свой побыт. Насельніцтва або «народзец» успрымаецца як пасіўны статак, а ніяк не суб’ект уласнага лёсу і жыцьця.
Пазытыўны рух даўншыфтараў і аграсядзібнікаў, які яшчэ пару гадоў таму, здавалася, ахопіць Беларусь і прывядзе да адраджэньня вёскі, сёньня замёр у выніку вынішчэньня «беларускімі» ўладамі грамадзянскай супольнасьці і ўсяго ўласна беларускага.
Урэшце і пачыналася тая прадмова, якую я наўмысна працытаваў па-расейску, абсалютна ідыёцкай у кантэксьце нашага часу і беларушчыны фразай:
«Сегодня речь о самом важном — о мелиорации».
Выглядае, што праз 10-15 гадоў такой «работы» маладзейшае пакаленьне ўжо проста ня будзе разумець гэтага слова — вёска — і таго, што за ім стаіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аграгарадок, «вёска будучыні». Як улады ратавалі вёску і што з гэтага атрымалася10 гадоў таму ў «Бібліятэцы Свабоды» выйшла ўнікальная кніга знакаў і мэтафар пад назвай «Слоўнік Свабоды. ХХ стагодзьдзе ў беларускай мове. Слова на дзень для памяці і для роздуму».
Пра слова «вёска» ў той кнізе пашчасьціла напісаць мне.
«Вёска — гэта беларускі сусьвет, космас. Над вёскай — вялізнае неба. У вёсцы ёсьць усё, што можа спатрэбіцца для жыцьця. Тут працуюць — пасьвяць каровы, сьвяткуюць — калядуюць, разважаюць пра жыцьцё і гоняць беларускае віскі. Беларусы на Радуніцу едуць на магілы дзядоў з гораду ў вёску.
У вёсцы жыве беларуская мова.
Слова вёска ў той ці іншай форме ёсьць ува ўсіх індаэўрапейскіх мовах і азначае або селішча, або дом, або нават горад. Літоўскае Viešpatis — Госпад — мае аднолькавае зь вёскай паходжаньне. Але ўласна вёску розныя народы называюць і разумеюць па-рознаму. Напрыклад, расейскае „деревня“ — зусім ня тое, што вёска. У расейцаў нацыянальны поступ зьвязваецца з расейскім горадам. Пры гэтым расейцы гавораць пра „ідыятызм вясковага жыцьця“. У нас жа горад яшчэ не нарадзіўся. А той, што ёсьць, — абыякавы да беларусаў і пазначае нацыянальны рэгрэс.
Сказаць пра „ідыятызм вясковага жыцьця“ па-беларуску — значыць, наракаць на жыцьцё ўвогуле. „Ну ты, деревня“ — гучыць па-расейску як абраза. „Эх ты, вёска“ — гучыць па-беларуску як дакор, у якім ёсьць любоў. Вёска — вясёлка, вёска — вясна і восень, вёска — скала.
Армянін Сараян казаў некалі, што ягонае сэрца ў гарах. Горы бароняць ад ворагаў і не даюць разьляноўвацца, прымушаюць цяжка працаваць і жыць у згодзе з прыродай. Вёскі — гэта горы нашай зямлі. Не выклікае даверу сьведамы беларус, які можа сказаць: не люблю вёскі! Гэта значыць, што ён або ўвогуле нічога ня любіць, або — ня сьведамы беларус.
Сэрца беларуса — у вёсцы».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.