Пасьля здачы Херсона Расея заявіла аб «пераносе сталіцы» анэксаванай Херсонскай вобласьці ў Генічаск

Генічаск часова стане адміністрацыйным цэнтрам анэксаванай Херсонскай вобласьці пасьля вываду расейскіх войскаў з Херсона. Пра гэта РІА «Новости» паведаміў прэс-сакратар прызначанага Расеяй намесьніка старшыні акупацыйнага ўраду Аляксандра Фаміна.

«Генічаск цяпер зьяўляецца часовай адміністрацыйнай сталіцай Херсонскай вобласьці, там сканцэнтраваныя ўсе асноўныя органы ўлады», — сказаў Фамін.

Курортны і партовы горад Генічаск разьмешчаны на поўдні Херсонскай вобласьці на беразе Азоўскага мора, прыкладна ў 200 км ад Херсона. Насельніцтва горада — менш за 20 тысяч чалавек. Генічаск быў заняты расейскімі войскамі 24 лютага — у першы дзень уварваньня ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна вярнула кантроль над Херсонам, адзіным абласным цэнтрам, які расейцам удалося захапіць з 24 лютага. ФОТА, ВІДЭА

11 лістапада Міністэрства абароны Расеі абвясьціла аб адводзе расейскіх войскаў з Херсону на левы бераг Дняпра. Адышоўшы, расейцы ўзарвалі за сабой масты цераз Дняпро. У той жа дзень украінскія вайскоўцы ўвайшлі ў Херсон. Сотні жыхароў горада выйшлі на вуліцы з украінскімі сьцягамі, каб павітаць вайскоўцаў. Над цэнтральнай плошчай быў узьняты сцяг Украіны.

Херсон быў адзіным абласным цэнтрам Украіны, захопленым расейскім войскам з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну.

8 лістапада расейская адміністрацыя Херсонскай вобласьці паведаміла, што з Херсону ў Генічаск вывезьлі школьныя падручнікі на складах. Таксама з горада вывезьлі расейскія і савецкія помнікі і нават парэшткі пахаванага там князя Рыгора Пацёмкіна-Таўрыцкага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назад, да новых рубяжоў. Расейцы падрыхтавалі акопы на левым беразе Дняпра
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля адступленьня расейскіх войскаў з Херсоншчыны ў Мікалаеве зьявіцца пітная вада. Яе не было з красавіка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін апантаны вайной і будзе працягваць яе, пакуль трымае ўладу. Лукашэнку прымусяць далучыцца, — экспэрт Самарукаў