Фэстываль «1084. На мяжы» пачаўся з Ночы расстраляных паэтаў у Львове. Ідэя зладзіць імпрэзу нарадзілася ў беларускай мэдыяэкспэрткі Аліны Рудзінай.
«Я трапіла на лекцыю Астапа Ўкраінца — вядомага літаратуразнаўцы, які папулярызуе ўкраінскую літаратуру. Ён акурат расказваў пра расстралянае ўкраінскае адраджэньне. Я зразумела, што гэта тэма, вельмі блізкая да нашай Ночы расстраляных паэтаў. Падзялілася гэтым з сваімі львоўскім сябрамі, Анісіяй і Тацянай, яны сказалі: „А давай штосьці зробім“. Тацяна прапанавала зрабіць гэта як кінафэстываль. І ў нас атрымаўся такі тыдзень беларускай культуры», — кажа Аліна Рудзіна.
Праваабаронца Анісія Казьлюк і мэдыяэкспэртка Аліна Рудзіна кажуць, што на Ноч паэтаў нечакана прыйшло вельмі шмат людзей. Беларусы прыяжджалі, каб пачытаць вершы.
«У нас былі пераклады беларускіх вершаў на ўкраінскую мову і ўкраінскіх — на беларускую, — расказвае Аліна. — Былі беларусы, журналісты зь Цярнопаля, Кіева. Мы ўвогуле не чакалі, што гэта будзе так клясна, так цёпла, улічваючы, што гэта была імправізацыя, мы так упершыню сабраліся. Я дамовілася зь сябрам-музыкам, што ён зладзіць невялічкую фонавую музыку на віялянчэлі, мы зрабілі нейкі відэашэраг. Усё было імправізацыяй, апроч таго, што мы вырашылі, у якой пасьлядоўнасьці будзем выступаць. І гэта спрацавала».
Ідэя зладзіць фэстываль беларускага кіно зьявілася ў праваабаронцы Тацяны Гацуры-Яворскай таму, што падчас актыўнай фазы вайны высьветлілася: украінцы насамрэч мала ведаюць пра беларусаў, а беларусы — пра ўкраінцаў.
«Праблема на паверхні, — кажа Тацяна. — А вырашае яе хто і як умее. У мяне вялікі досьвед з фэстывалямі, з грамадзкімі дыскусіямі, таму для таго, каб рухацца ў кірунку разуменьня, гарызантальных сувязяў, узьнікла ідэя зрабіць фэстываль, каб украінцам паказаць невялічкую праграму пра Беларусь, а беларусам — пра Ўкраіну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У вачах наведнікаў было спачуваньне, у сацыяльных сетках — неразуменьне». У Бучы адкрылася выстава пра беларускіх палітвязьняў. ФОТА«Ва ўкраінцаў былі сьлёзы»
Назва фэстывалю — «1084. На мяжы» — мае шмат значэньняў, сьцьвярджаюць арганізатаркі.
«1084 — гэта працягласьць мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай у кілямэтрах. „На мяжы“, бо і наша краіна ў нечым на мяжы, і адносіны паміж Украінай і Беларусьсю на мяжы. Тут можна шмат разважаць», — кажа Тацяна.
На этапе плянаваньня імпрэзы Тацяна размаўляла з рознымі ўкраінскімі актывістамі, якія добра знаёмыя з беларускай сытуацыяй.
«Яны, канечне, казалі, што „цягнік пайшоў“, зараз ва Ўкраіне зусім іншыя праблемы, і разважаць пра Беларусь, пра праблемы ў Беларусі — гэта зусім ня той час. Таму мы і не рабілі вялікі фэстываль, а больш такі камэрны, каб таксама аб’яднаць дыяспару беларускую ва Ўкраіне. Калі б мы занадта крычалі пра наш боль, нашы праблемы, то гэта выглядала б ня вельмі дарэчна ў сёньняшняй сытуацыі. А так на фэстываль прыходзяць актывісты, знаёмыя зь беларусамі, і водгукі вельмі пазытыўныя, ляяльнае стаўленьне. Ну, і пра гэтую падзею пісала ўкраінскае СМІ, і не было адмоўных водгукаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лёзунг «Жыве Беларусь» абвясьцілі нацысцкім. Яго прыдумаў Купала, бараніла СБ і крычаў дэпутат за ЛукашэнкуУ рамках фэстывалю ў Львове паказалі фільмы «Тата» Ларысы Арцюгінай і Марты-Дар’і Клінавай, «Courage» Аляксея Палуяна, фільм пра беларускую альтыстку Караліну Орсік «Вырасла, пакуль ты спала» рэжысэра Марціна Саўтэра.
«Я займаюся фэстывалямі даўно, і гэта найлепшыя фільмы, каб расказаць і пра падзеі 2020 году, і пра сытуацыю ўвогуле, — кажа Тацяна. — Фільм Марты Клінавай пра Ўкраіну мы паказвалі і будзем паказваць украінскай аўдыторыі. А фільмы для беларускай аўдыторыі мы абіралі, каб яны расказвалі пра ўкраінскі мэнталітэт, пра культуру, хоць пераважна, канечне, гэта тэма вайны, акупаваных тэрыторый».
Першым гледачам паказалі фільм Марты Клінавай «Тата», які расказвае пра сьмерць байца батальёну «Данбас» Уладзіміра Самаленкі. Аліна Рудзіна кажа, што ўсе паказы праходзілі ўтульна, лямпава.
«Я бачыла, што ёсьць зацікаўленасьць. Былі два гледачы, якія проста прыходзілі на кожны наш паказ, у іх такая зацікаўленасьць у беларускай тэматыцы, яны вельмі падтрымлівалі. Некаторыя беларусы, якіх я запрашала асабіста на паказ „Courage“, наўпрост казалі: „Прабач, але я зараз не гатовы глядзець на пратэсты, я прыйду на наступны фільм“. Вельмі цікава тое, што ўкраінцы, якія паглядзелі „Courage“, выходзілі і казалі: „Кожнаму ўкраінцу трэба ўбачыць гэты фільм“. Яны яго зразумелі, апынуліся ўнутры, наколькі гэта было магчыма, і гэтая рэакцыя была вельмі важная для нас. На трэці фільм пра дзяўчыну-музыку, пра агульныя праблемы міграцыі, пра сувязь пакаленьняў было ня вельмі шмат гледачоў, але былі ўкраінцы, у іх былі сьлёзы», — кажа Аліна Рудзіна.
«Мы ладзілі дыскусію толькі пасьля паказу фільму Аляксея Палуяна „Courage“, — дадае Анісія. — Вялікая колькасьць людзей засталася, у асноўным украінцы, ім было цікава, яны задавалі пытаньні: „А чаму насамрэч нешта не атрымалася? Як гэта адбывалася? Ці праўда гэта ўсё?“ Гэта была больш сяброўская размова, чым нейкія правакатыўныя пытаньні, і гэта добра, бо мы перажывалі, што можа быць нейкая адмоўная рэакцыя на такую тэматыку фільму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм пра зьняволеных журналістак «Белсату» атрымаў узнагароду на Чыкагскім міжнародным кінафэстывалі«Мы хочам патлумачыць розьніцу паміж Лукашэнкам і беларусамі»
Анісія кажа, што яшчэ з пачатку лета пачала разумець праблему. Бачыла, як узрастае ўзровень непаразуменьня паміж беларусамі, якія засталіся ва Ўкраіне, і ўкраінцамі.
«Вялікую ролю ў гэтым грала тое, што беларуская дзяржава ўступіла ў вайну супраць Украіны. Мы разумеем, што асьветніцкія мерапрыемствы, якія маглі б расказаць пра рэальную Беларусь, пра беларускі супраціў, пра тое, што не данесьлі СМІ ў 2020–21 годзе, — гэта вельмі важныя мерапрыемствы. Мы менавіта таму рабілі выставу пра беларускіх палітвязьняў, цяпер рабілі кінапаказы, дыскусію, бо камунікацыя — гэта важна. Мы застаёмся ва Ўкраіне, мы хочам патлумачыць розьніцу паміж Лукашэнкам і беларусамі».
У межах падзей фэстывалю арганізатаркі зьбіраюць сродкі на закуп мэдычнага абсталяваньня ў цывільныя і вайсковыя шпіталі Ўкраіны, якая можа дапамагчы вялікай колькасьці параненых. Анісія кажа, што гэта ўжо другая кампанія збору. Падчас першай, зладжанай беларускімі дыяспарамі, грамадзкім аб’яднаньнем «Зьвяно/Ланка» і Беларускім фондам мэдсалідарнасьці, сабралі 50 тысяч эўра на вакуўмныя сыстэмы, цяпер жа беларусы зьбіраюць на расходнікі — для працы аднаго апарату патрэбныя 450 эўра на месяц.
«Спачатку мы былі шакаваныя тым, што пачынаючы з Ночы расстраляных паэтаў нам пачалі скідаць грошы на картку, — дадае Аліна Рудзіна. — У нас была чырвоная скрыня на імпрэзах, і ў ёй таксама зьявіліся грошы. Я гэтага не чакала, бо тут штодзень праходзіць шмат збораў, і тое, што людзі пранікнуцца і абяруць нас, каб заданаціць, было вельмі шчымліва, клясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У людзей няма страху, ёсьць толькі злосьць і жаданьне працаваць далей і болей». Беларускі фатограф і праваабаронца пад бамбёжкамі ў ЛьвовеКалі Анісія і Аліна запісвалі адказы на пытаньні для гэтага матэрыялу, у Львове толькі скончылася паветраная трывога. Нягледзячы на гэта, Анісія кажа, што Львоў зараз спакойны і бясьпечны горад.
«Фэстываль мы праводзілі ва ўкрыцьці — бамбасховішчы ў ніжняй залі тэатру лялек. Мы не перажывалі, што можа быць нейкая пагроза бясьпецы людзей, таму нават ваенныя дзеяньні не маглі нам замінаць праводзіць фэстываль».
Тацяна кажа, што ў некаторых момантах было эмацыйна складана займацца арганізацыяй.
«Мы гнуткія, і фэстываль працягваецца. Вельмі добра адгукнулася дыяспара беларусаў у Адэсе, таму, хутчэй за ўсё, нашы пляны паказаў будуць ня толькі на Львоў і Кіеў. Вядома, эмацыйна складана, і ў бытавым сэнсе складана, бо то сьвятла няма, то трывогі, настрою няма. Не магу сказаць, што ўмовы „лайтовыя“: і аўдыторыі ня ведаеш, і пляцоўкі ня ведаеш, усё новае. Таму гэта ўсё складана. Але мы верым у тое, што робім, і проста робім гэта».
Фэстываль працягнецца да 18 сьнежня. Таксама каманда плянуе зрабіць выставу работ Уладзіміра Цэсьлера.
«Доўгатэрміновае плянаваньне рабіць вельмі цяжка, — кажа Тацяна. — Я хачу перажыць фэстываль, а пасьля перажыць зіму. З выставай Цэсьлера таксама ў нас ёсьць праблемы, бо ў Львове на вуліцы нам не дазволілі рабіць, і мы зараз шукаем памяшканьне. У Адэсе беларуская дыяспара зацікавілася, падключылася, так што, можа, выстава Цэсьлера пачнецца з Адэсы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якое беларускае кіно можна будзе пабачыць на фэстывалі «Паўночнае зьзяньне»