Дакладная колькасьць беларусаў, якія зьехалі з краіны з палітычных і эканамічных прычынаў пасьля жніўня 2020 году, невядомая. Гэта могуць быць і дзясяткі, і сотні тысяч чалавек. Найчасьцей для эміграцыі беларусы абіралі Польшчу, Літву, Украіну і Грузію. Пасьля пачатку вайны частка новых эмігрантаў трапіла ў Цэнтральную Азію.
Свабода распытала беларусаў, як ім удаецца гатаваць за мяжой самую беларускую страву.
Аджарыя
Сяргей пераехаў зь Беларусі ў Грузію разам зь сям’ёй улетку 2021 году. Жыве ў сталіцы рэгіёну Аджарыя — Батумі. Кажа, што першыя месяцы харчаваўся выключна грузінскімі стравамі, аднак даволі хутка адчуў цягу да роднага.
«Недзе год таму я „раскадаваўся“, вырашыў нарэшце штосьці сваё згатаваць, — расказвае Сяргей. — Тут акурат ужо можна было параўнаць мясцовую бульбу з прывазной, свой ураджай падасьпеў. Бо грузінская бульба існуе, але менавіта тут, у Аджарыі, яе не хапае, бульбу прывозяць з Турцыі. Яна лепшая на смак, лепш захоўваецца. Яна больш такая акуратная. Цаной ня надта адрозьніваецца. Грузінскай шмат хворай, яна хутка гніе, псуецца».
На смак, гаворыць Сяргей, бульба ў Батумі даволі блізкая да беларускай. Галоўнае купляць не чырвоную, а жоўтую. Чырвоная бульба для дранікаў не пасуе зусім, яны робяцца кіслымі. Яшчэ адчувальная праблема, з словаў беларуса, з умовамі захоўваньня. У Аджарыі гародніну часта прадаюць на вуліцы, таму бульба хутка зелянее на сонцы.
«Калі плянуюцца дранікі, то я хаджу выбіраю бульбу, іначай іх не прыгатуеш, — кажа Сяргей. — Асабліва калі госьці якія. Сьмятана ў Батумі самая розная ёсьць. Вельмі падобная і на нашую, ваўкавыскую, бывае. Не адрозьніш. Але цікава, што яна вельмі густая. Нават калі 15% тлустасьці будзе, то лыжка ў ёй стаіць, не падае. Нармальная сьмятана. Але бывае так званая „парашковая“, адноўленая з сухога малака, яе ня раю. У прынцыпе, калі пашукаць бульбу і сьмятану патрэбных гатункаў, то можна згатаваць так, што не адрозьніш ад беларускіх».
Самі жыхары Батумі і ваколіцаў падобнай да беларускіх дранікаў стравы не маюць. Аднак кавярню з дранікамі ўжо адкрылі перасяленцы. Там можна пакаштаваць прыстойны прадукт, кажа Сяргей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дранікі і бабка атрымаюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці БеларусіФінляндыя
Ганна жыве ў краіне Суомі, у Беларусі не была два гады. За гэты час вывучыла фінскую мову, асвоілася на новым месцы. Сувязь з Радзімай трымае ў тым ліку і дзякуючы родным стравам.
«Бульба тут іншая крыху, — гаворыць аб праблемах прыгатаваньня беларускіх дранікаў у Фінляндыі Ганна. — У ёй менш крухмалу. Але калі пра гэта ведаць, то можна скарыстаць хітрыкі: альбо дадаваць крыху крухмалу, альбо зьліваць ваду з надзёртай бульбы так, каб разам зь ёю не зьліваўся крухмал. І яшчэ мясцовая бульба менш разварыстая. Але смак падобны».
З словаў Ганны, бульбу ў Фінляндыі можна купіць без праблем. Цэны на яе прыкладна такія ж, як у Беларусі. Сама жанчына зараз купляе бульбу ва ўкраінцаў, зьвязаных зь мясцовымі фэрмэрамі. Выходзіць каля 50 цэнтаў за кіляграм (1,2 рубля. — РС).
«Сьмятана у фінаў таксама ёсьць, яна тут так і называецца, — кажа Ганна. — Адно што яна ажно 40%. Вельмі тлустая. Яе складана есьці. Але калі зьмяшаць зь яшчэ адным мясцовым малочным прадуктам, накшталт сыраквашы, то атрымаецца зусім як нашая сьмятана. Але тут ёсьць таксама і эстонскія крамы, дзе прадаецца сьмятана 20%».
Ганна кажа, што дранікі гатуе з мукой, бо так гатавала яе бабуля. Прызнаецца, што, паслухаўшы Бабарыку (патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка падчас сваёй кампаніі прызнаваўся, што гатуе дранікі выключна з бульбы і солі. — РС), спрабавала рабіць без мукі, але атрымалася «ня тое». Таму крыху мукі для скарынкі яна дадае.
«У фінаў з бульбы шмат страваў, — кажа Ганна. — Але ў цэлым у Фінляндыі нечага такога, як дранікі, няма. Затое ёсьць у швэдаў. А я зараз жыву у заходняй частцы краіны, тут шмат швэдскамоўных фінаў, вялікі уплыў Швэцыі. І яны маюць акурат такую нацыянальную страву. Калі я на Дзень нацыянальнай мовы згатавала тут дранікі, то украінцы крычалі, што гэта іхныя дзеруны, а швэдскамоўныя фіны — што іхныя. Але яны цыбулю дадаюць, а я не дадаю. У маёй сям’і не дадаюць».
Беласток
Яраслаў жыве ў Беластоку пяць гадоў. Гаворыць, што самастойна беларускія дранікі пачаў гатаваць толькі пасьля пераезду ў Польшчу, раней гэтым не займаўся.
«У Беларусі я спрабаваў гатаваць, калі зь некім разам, але тут, у Польшчы, пачаў спрабаваць ужо адзін , - кажа хлопец. — Каб бабуліны рэцэпты паўтарыць сваімі рукамі. Спачатку мне не ўдавалася. То я тэлефанаваў бабулі і распытваў, як правільна. Нешта сам удасканальваў. З трэцяга разу атрымалася. Зараз ужо падаецца, што я смачней гатую. Прынамсі мне самому мае ўжо смачнейшымі падаюцца».
Праблем у Беластоку з прадуктамі для дранікаў няма, усё прыкладна тое самае і на смак, і якасьцю, кажа беларус.
«Сьмятана тая ж, — гаворыць ён. — З бульбай трохі ня так, бо трэба купляць у бабуляў на рынку. У крамах эгіпецкая, яна не зусім такая, як нашая. Белая бывае, то ўвогуле сяк-так. Рэцэпт у мяне просты — церці толькі рукамі, ніякіх машынак. Бо тады смак адрозьніваецца. Я муку дадаю, яйкі таксама. Спэцыі спрабую розныя — перац, мята з мэлісай для водару. Кроп, соль».
З словаў суразмоўцы, у Беластоку ёсьць таксама свой польскі варыянт дранікаў. І зь мясам, і безь яго. Аднак яны ўсё ж адрозьніваюцца ад беларускіх. Там больш мукі і тлушчу.
Ташкент
Усевалад разам з жонкай пераехаў у Ташкент, пáра жыве там з сакавіка 2022 году. Гаворыць, што ва Oзбэкістане бульба, як і ўся гародніна ды садавіна, вялікая і смачная.
«Алей тут таксама нармальны, — кажа беларус. А вось са сьмятанай трошкі складаней. У Цэнтральнай Азіі, як мне падалося, больш любяць іншыя малочныя прадукты. Напрыклад, каймак. Таму і сьмятана тут трошкі адрозьніваецца ад нашай. Але ў продажы лёгка знайсьці і беларускую сьмятану, таму тут таксама праблемы няма».
Беларус дадае, што пакуль не адчувае праблемаў з харчаваньнем. Кухня ва Ўзбэкістане вельмі багатая і разнастайная. Хапае кавярняў на любы густ, усе яны маюць нацыянальныя ўзбэцкія стравы ў мэню. Але бяз дранікаў беларусу ўсё адно не абысьціся.
«Безумоўна, дранікі дапамагаюць адчуць сябе трошкі больш беларусам, — кажа Ўсевалад. — Асабліва ва Ўзбэкістане — тут вельмі шануюць сваю ўзбэцкую кухню. Таму беларусу вельмі прыемна час ад часу паесьці нешта сваё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гастранамічны патрыятызм бяз дранікаў і мачанкі. Ці магчыма такое?Масква
Беларуска Кацярына жыве ў сталіцы Расеі больш за год, яна паехала туды на вучобу. Гаворыць, што хоць беларускіх рэстарацыяў і не шукала сьвядома, але ад сяброў ведае, што справы зь беларускай кухняй у Маскве ня вельмі. Таму гатуе самастойна.
«Алей у крамах прадаецца гэткі ж самы, што брала ў Беларусі, — расказвае Кацярына. — Сьмятану завозяць беларускую. Дарэчы, яна тут адна з найдаражэйшых. Бульбу добрую таксама можна знайсьці. Так што ў прадуктах для хатніх дранікаў розьніцы ніякай няма».
Кацярна гаворыць, што дранікі ў сябе дома яна гатуе паводле традыцыйнага сямейнага рэцэпту. Ужо частавала імі суседак з Расеі і Ўзбэкістану.
«Яны ім вельмі падабаюцца, праз 10 хвілін на талерцы ўжо няма ніводнае штучкі, — кажа Кацярына. — Разьмятаюць. Я не аматарка тлустае ежы, але дранікі гатую часта. Яны даюць адчуваньне дому, якога так бракуе тут. Размаўляла пра гэта са знаёмымі беларусамі, і яны таксама кажуць, што гатуюць дранікі даволі часта. Бо гэта, апрача думак пра дом, яшчэ і даволі танна».
Познань
Ягор жыве тут ужо год, вучыцца ва ўнівэрсітэце. Кажа, што беларускія дранікі дазволілі яму ня толькі ўзгадаць смак Радзімы, але і пазнаёміцца зь дзяўчынай.
«Я і раней зь ёю быў знаёмы, але як патэнцыйнага партнэра яна мяне пачала ўспрымаць толькі тады, калі пабачыла, як я гатую, — расказвае Ягор. — Трапілі ў адну кампанію, усе захацелі дранікаў. Купілі чатыры кіляграмы бульбы. Пачалі гатаваць. І неяк падчас гэтага ўсё пачалося. Яна мне ўжо пасьля расказала пра гэта».
З словаў Ягора, дранікі з польскай бульбы атрымліваюцца не зусім такімі, як зь беларускай. Найлепшыя, зь яго словаў, удаюцца з вырашчанай у вёсцы бульбы. Там больш крухмалу, яна смачнейшая.
«У Польшчы бульба нейкая бяз смаку, — кажа беларус. — А са сьмятанай праблемаў няма. Яна тут звычайная. Спачатку яшчэ, як прыехаў, адрозьніваў смак. Але зараз ужо ня бачу розьніцы. Вось з чым праблема тут — то з сольлю. Солі, як вядома, у Польшчы няма (усьміхаецца. — РС). І мукі няма. Але мы мукі ў дранікі не дадаем, то ў нас усё нармальна».
Польскіх сяброў Ягор пакуль дранікамі не частаваў. Затое часам купляе мясцовы варыянт «пляцкаў земнячаных» (бульбяных бліноў. — РС), якія прадаюцца ў папулярнай сетцы «Бедронка».
«Яны адрозьніваюцца смакам ад дранікаў, таўсьцейшыя, — кажа Ягор. — Але ў прынцыпе смачныя. Я ведаю шмат беларусаў, якія тут іх купляюць рэгулярна. Нічога дрэннага ў іх няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дух сьмерці тут гуляе заўжды блізка». Беларускі добраахвотнік «Рыжы» пра псаваньне «Табакерак» і дранікі на фронце