На сустрэчы Лукашэнка заявіў, што ведае пра неблагую працу «зь нейкім прафіцытам» Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва сёлета.
Пэнсіі пэнсіянэрам з 1 сьнежня павялічаць на 5-6%.
«Хаця павінен сказаць, калі лічыць макраэканамічна ў сярэднім, як гэта робіцца ўва ўсім сьвеце, пэнсіянэры не павінны на нас крыўдзіцца ў сувязі зь невялікім павышэньнем пэнсіі», — сказаў Лукашэнка, якога цытуе ягоная прэс-служба.
Ён адзначыў, што сёлета пэнсіі павышалі ўжо двойчы: з 1 сакавіка і 1 жніўня.
Паводле Лукашэнкі, павелічэньне пэнсіяў «вышэйшае за інфляцыю на сёньня». А «калі зрабіць яшчэ адзін крок», тады будзе дасягнута «значная перавага перад інфляцыяй».
Якім чынам павышэньне пэнсіяў у сьнежні на 5-6% перавысіць інфляцыю, Лукашэнка не сказаў. 7 кастрычніка падчас нарады з эканамічным блёкам ураду ён сам прызнаваў, што за першыя восем месяцаў 2022 году інфляцыя ў Беларусі перавысіла 13%, а да канца году ўрад чакае інфляцыі на ўзроўні 19%. Гэта адпавядае лічбам Белстату, які ацаніў інфляцыю ў Беларусі ў студзені–жніўні 2022 году ў 13,8%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля загаду Лукашэнкі ўрад хутка пастанавіў замарозіць цэны ў Беларусі. Але з выключэньнемТаксама, паводле Белстату, у верасьні ў параўнаньні зь сёлетнім жніўнем спажывецкія цэны вырасьлі на 0,9%, у параўнаньні зь сьнежнем 2021-га — на 14,8%. У гадавым выражэньні (лічачы ад верасьня мінулага году) інфляцыя склала 17,4%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы бюджэт пражытковага мінімуму, падаткі на кватэры, прыбаўка бюджэтнікам. Якія зьмены чакаюць беларусаў у лістападзе