Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля загаду Лукашэнкі ўрад хутка пастанавіў замарозіць цэны ў Беларусі. Але з выключэньнем


У менскай краме. Ілюстрацыйнае фота
У менскай краме. Ілюстрацыйнае фота

«Ад сёньняшняга дня забараняецца ўсякі рост цэнаў. Не ад заўтрашняга, а ад сёньняшняга», — заявіў Лукашэнка. У той жа дзень ва ўрадзе падпісалі пастанову.

Падчас нарады з эканамічным блёкам ураду Аляксандр Лукашэнка забараніў падымаць цэны.

«Ад сёньняшняга дня забараняецца ўсякі рост цэнаў. Не ад заўтрашняга, а ад сёньняшняга», — заявіў Лукашэнка падчас выступу на нарадзе.

У той жа дзень, 6 кастрычніка, урад прыняў пастанову пра забарону росту цэнаў, а 7 кастрычніка яе апублікавалі на Нацыянальным праўным партале. У пастанове «Аб часовых захадах для стабілізацыі цэнаў» урад забавязаў юрыдычныя асобы ўсіх формаў уласнасьці ды індывідуальных прадпрымальнікаў «зафіксаваць цэны і тарыфы не вышэйшыя за тыя, што ўжываліся на 5 кастрычніка 2022 году».

Вызначэньне цаны тавараў, якія раней не вырабляліся ў Беларусі ці ўвозяцца ўпершыню, падвышэньне цэнаў у сувязі з «эканамічнай мэтазгоднасьцю» дапускаецца толькі з дазволу нацыянальных органаў кіраваньня, раённых выканкамаў і Менскага гарвыканкаму. У выпадку падвышэньня цэнаў органы ўлады павінны прыпыніць работу суб’екта гаспадараньня, які дапусьціў «парушэньне».

З пастановы ўраду ёсьць адзін вынятак — юрыдычныя асобы, якія зьдзяйсьняюць пастаўкі ў крамы бязмытнага гандлю (так званыя duty free), а таксама кампаніі, якія рэалізоўваюць тавары ў такіх крамах.
Такім чынам, паводле экспэртаў, пэўныя тавары ў Беларусі, асабліва імпартныя, неўзабаве будзе можна купіць толькі ў крамах duty free альбо на «чорным рынку».

Інфляцыя чакаецца каля 20 працэнтаў за год

Падчас нарады Лукашэнка паведаміў, што за першыя восем месяцаў 2022 году інфляцыя ў Беларусі перавысіла 13%, а да канца году ўрад чакае інфляцыі на ўзроўні 19%. Лукашэнка паставіў ураду і Нацыянальнаму банку задачу да 2023 году зьнізіць узровень інфляцыі да 7–8%.

Інфляцыя ў Беларусі ў студзені–жніўні 2022 году, паводле Белстату, склала 13,8%. Гадавая інфляцыя ў Беларусі (з жніўня 2021 па жнівень 2022-га) склала 17,9%.
Лукашэнка таксама лічыць недастатковымі намаганьні Нацыянальнага банку ў стрыманьні курсу беларускага рубля. Нацыянальны банк «адыгрывае не апошнюю ролю» ў пытаньні цэнаўтварэньня, заявіў Лукашэнка.

«Курсавы фактар цісьне на цану тавараў, якія мы вымушаныя імпартаваць. Дык рэгулюйце, — запатрабаваў Лукашэнка. — Павінна быць уведзеная адказнасьць за абгрунтаванасьць цэнаў імпарту і наладжаная сыстэма [кантролю]. І гэтая сыстэма павінна быць падкантрольная».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG