Калі адгрымяць апошнія стрэлы «Гаймарсаў» і выбухі «Іскандэраў», калі на адным баку расейска-ўкраінскай мяжы будуць салютаваць і ўсенародна сьвяткаваць Дзень перамогі, а на другім — з раздражненьнем і расчараваньнем сустракаць ацалелых і пакалечаных пераможаных і разьбірацца, хто вінаваты і што далей рабіць, — што ў гэты момант будзе з Лукашэнкам і ягонай дыктатурай?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка як чырлідэр: бегае, скача, падтрымлівае расейскую каманду — але сам выходзіць на поле не жадае», — палітоляг ЯгораўЯкім можа быць фінал гэтай вайны — калі ўявіць, што да самага апакаліптычнага сцэнару ня дойдзе, а Ўкраіна з дапамогаю маштабнай вайсковай падтрымкі Захаду даб’ецца перамогі?
Ужо сёньня відавочна: танкавых калёнаў украінскай арміі на дарогах Курскай і Ліпецкай вобласьцяў мы ня ўбачым. Ня будзе ні бітвы за Маскву, ні «катлоў» пад Смаленскам і Калугай, ні штурму жалезабэтоннага бункеру пад маскоўскім Крамлём, ні жоўта-блакітнага сьцяга над Вялікім Крамлёўскім палацам. Усе тыя звыклыя ілюстрацыі з школьнага падручніка гісторыі, якія ўпрыгожвалі разьдзелы пра Другую сусьветную вайну, да расейска-ўкраінскай вайны 2022–2023 гадоў маюць мала дачыненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карбалевіч: Людзей палохае ня столькі Лукашэнка-дыктатар, колькі Лукашэнка — падпальшчык вайныШтабны вагон маршала Фоша
Куды больш аналёгіяў з Першай сусьветнай, асабліва з Заходнім фронтам. З тым самым, дзе спачатку была няўдалая спроба нямецкага бліцкрыгу і наступу на Парыж у 1914-м, а потым — вымушаная працяглая і крывавая пазыцыйная вайна, падчас якой за якіясьці некалькі квадратных кілямэтраў захопленай тэрыторыі недзе пад Вэрдэнам ці на Марне плаціць часам даводзілася дзясяткамі тысячаў чалавечых жыцьцяў, а некаторыя гарады і мястэчкі па некалькі дзясяткаў разоў пераходзілі з рук у рукі. Здаралася, лінія фронту заставалася нязьменнай цягам месяцаў і гадоў. Гэта была вайна на зьнясіленьне, на вычарпаньне рэсурсаў, суперніцтва за тое, хто прыцягне на свой бок больш магутных саюзьнікаў, у чыіх руках апынуцца больш значныя і сучасныя арсэналы і хто здолее рэкрутаваць у свае шэрагі больш «гарматнага мяса».
Нямеччына, як вядома, у тым маштабным супрацьстаяньні ўрэшце пацярпела паразу. Але вось адметная дэталь, якая выклікае пэўныя аналёгіі з хадою пуцінскай вайны ва Ўкраіне. У момант, калі Бэрлін асэнсаваў і прызнаў непазьбежнасьць сваёй паразы, на мапе ваенных дзеяньняў ягоныя пазыцыі выглядалі зусім ня пройгрышнымі — хутчэй наадварот. Усе чатыры гады вайны Нямеччына ваявала пераважна не на сваёй тэрыторыі. Увосень 1918-га нямецкія акопы і траншэі па-ранейшаму перарэзвалі немалыя акупаваныя тэрыторыі Францыі, Бэльгіі і Люксэмбургу. (Ня кажучы ўжо пра былы Ўсходні фронт: у выніку Берасьцейскага міру і няздольнасьці бальшавікоў супраціўляцца нямецкія войскі ў другой палове 1918-га акупавалі вялізныя тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі: амаль усю Беларусь, Украіну, Прыбалтыку.)
Але ўсё гэта ўвосень 1918-га Германская імпэрыя ўжо ня здольная была ўтрымліваць. Зьнясіленую вайной манархію разьдзіралі ўнутраныя супярэчнасьці; насьпявала рэвалюцыя; рэсурсаў працягваць баявыя дзеяньні не было; уступленьне ў вайну Злучаных Штатаў зь іхным вялізным вайсковым патэнцыялам рабіла далейшы супраціў бессэнсоўным.
11 лістапада 1918 году нямецкіх генэралаў чакаў штабны вагон францускага маршала Фэрдынанда Фоша ў Камп’енскім лесе, а ў ім — падпісаньне цяжкой і ганебнай капітуляцыі. Цягам наступных двух тыдняў нямецкія войскі мусілі пакінуць усе акупаваныя тэрыторыі Францыі, Бэльгіі, Люксэмбургу, а таксама правінцыі Эльзас і Лятарынгію, адваяваныя ў Францыі яшчэ падчас Франка-прускай вайны, паўстагодзьдзя таму. З акупаваных тэрыторыяў на ўсходзе Нямеччына павінна была вывесьці ўсе войскі на пазыцыі паводле стану на 1 жніўня 1914 году. А ў дадатак да гэтага на яе накладваліся рэпарацыі, кантрыбуцыі, у яе адбіралі калёніі і абмяжоўвалі яе вайсковы патэнцыял.
Вайна на зьнясіленьне
Ужо ў лістападзе 1918-га з усіх акупаваных Нямеччынай тэрыторыяў пацягнуліся ў «фатэрлянд» гружаныя ацалелымі нямецкімі салдатамі цягнікі, грузавікі і фурманкі. Умовы міру былі прыніжальнымі для Нямеччыны: усе чужыя тэрыторыі, цаною вялікіх ахвяраў акупаваныя за мінулыя чатыры гады вайны, давялося вярнуць. (І каб толькі гэтыя тэрыторыі: краіна страціла многія ўласныя правінцыі ў Польшчы і Прыбалтыцы...) І ўсё ж для мільёнаў людзей па абодва бакі фронту гэта быў доўгачаканы канец жахлівай і бессэнсоўнай бойні.
Расейска-ўкраінскі мір у 2023 годзе (хочацца спадзявацца, што не пазьней) будзе, відаць, прыблізна такім жа. Вайна спыніцца, калі Расеі стане відавочна, што яна болей ня здольная ўтрымліваць акупаваныя тэрыторыі, што Ўкраіна з дапамогай Захаду набывае вырашальную перавагу ў зброі і што ніякія дадатковыя мабілізацыі гэтую перавагу кампэнсаваць ня могуць. Вось тады зьявяцца і свой «Камп’енскі лес» дзе-небудзь пад Данецкам ці Марыюпалем, і «штабны вагон маршала Фоша» (генэрала Залужнага), і радок мірнай дамовы пра тое, што «расейскія войскі на працягу 14 дзён павінны быць эвакуаваныя з украінскіх тэрыторыяў за межы паводле стану на 23 лютага 2022 (ці 2014) году.
Што будзе пасьля? Ва ўсіх украінскіх гарадах — Дзень перамогі і гронкі сьвяточных салютаў, усенародныя гуляньні і ўшанаваньні пераможцаў. У Расеі — востры палітычны крызіс, пошукі вінаватых у паразе, спробы Пуціна ацалець і намаганьні ягоных палітычных супернікаў выхапіць уладу з аслабелых рук агрэсара-няўдачніка.
А што ў гэты час будзе рабіцца ў Беларусі?
«Толькі не чапайце маю дыктатуру...»
Лукашэнка да гэтых зусім магчымых і блізкіх падзеяў рыхтуецца ўжо сёньня.
Паглядзіце, якая ўражальная эвалюцыя характарыстык, што Лукашэнка даваў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзімеру Зяленскаму, адбылася за мінулыя дзевяць месяцаў. Яшчэ ў лютым у інтэрвію пуцінскаму прапагандысту Салаўёву Лукашэнка грэбліва, з прыніжальнай насьмешкай называў яго «безгаловым» і «аморфным чалавекам бяз стрыжня», а ў траўні зьдзекліва-паблажліва раіў «пагаліцца, апрануцца нармальна» і «выходзіць з вобразу», бо «гульня зацягнулася». І вось пачатак лістапада. Той самы Лукашэнка са скрухай і нават бацькоўскай крыўдай у голасе называе прэзыдэнта Ўкраіны «Валодзем», да якога «як да свайго дзіцяці ставіўся»: «І тое зрабіў, і гэта, і папрасіў Расею...»
Тут важна мець на ўвазе, што гэтыя зьмены фармулёвак — ад прыніжэньня і зьнявагаў да бацькоўскай паблажлівасьці і апэляцыі да сваіх былых заслугаў перад Украінай (сапраўдных ці ўяўных) — адбываліся паралельна і адначасова са зьменамі на расейска-ўкраінскіх франтах. Рыторыка Лукашэнкі мянялася адпаведна.
- «Гэтая вайна працягнецца максымум тры-чатыры дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць» (люты);
- «Расея асуджана на перамогу. Расея ня тое што не прайграе, Расея ня можа паводле вызначэньня прайграць ці пацярпець паразу ў гэтай апэрацыі (травень);
- «Няхай літоўцы, латышы і палякі, украінцы ведаюць, што мы людзі мірныя, мы ня хочам ніякай вайны. Мы гатовыя разам паліць у печы, смажыць шашлыкі» (лістапад).
Паступова вымалёўваецца стратэгія Лукашэнкі — на выпадак, калі Расея пацярпіць паразу і ён застанецца сам-насам з Украінай-пераможцай. Зьвярніце ўвагу, як спакваля зьніклі агрэсіўныя і ваяўнічыя выказваньні на адрас Кіева, зьнявагі Зяленскага і апраўданьні вайны. Выказваньні Лукашэнкі апошніх дзён — гэта суцэльныя заклікі да ўсеагульнага міру і прызнаньні ў любові і павазе да ўкраінцаў:
- «Нам там, ва Ўкраіне, рабіць няма чаго. І пасылаць ваяваць туды людзей нам няма неабходнасьці».
- «Самая галоўная мая мара, як у нас у Беларусі заўжды казалі, — «Каб не было вайны».
- «І мяне яшчэ спрабуюць (там улады накатваюць), што я ледзь не ваюю ва Ўкраіне. Ды я лячу сёньня ўкраінцаў (нашы дактары) і расейцаў! Мы ратавалі людзей і ратуем. Нікога не забіваем».
Зь вялікай доляй імавернасьці можна чакаць, што якраз гэтая аргумэнтацыя і будзе гучаць з вуснаў Лукашэнкі ў першыя ж дні пасьля таго, як Расея пацярпіць паразу ў вайне і паўстане пытаньне адказнасьці за агрэсію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А што, калі ўдарыць па Ўкраіне зь Беларусі праз Валынь?» Якім можа быць «другі фронт» галоўнакамандуючага ЛукашэнкіРаптам выявіцца, што Лукашэнка ад самага пачатку адгаворваў Пуціна ад авантуры, спрабаваў быць пасярэднікам, наладжваў перамовы, прымаў дзясяткі тысяч украінскіх уцекачоў (лячыў, уладкоўваў, даваў грамадзянства...). І заўсёды казаў, што ўкраінцы — самыя блізкія людзі для беларусаў, фактычна браты. Іншымі словамі, Пуцін — асобна, а ён — асобна. А таму, маўляў, не чапайце маю дыктатуру, забудзьце пра маё існаваньне, разьбірайцеся з Пуціным і Расеяй.
Схавацца ад ветру ўкраінскай свабоды
Тым часам унутры самой Беларусі да моманту заканчэньня вайны палітычная «зачыстка» дасягне апагею: адладжаная машына рэпрэсіяў будзе працаваць не спыняючыся. Колькасьць палітвязьняў працягне расьці. Грамадзтва, ахутанае атмасфэрай страху, падазронасьці і апатыі, не наважыцца ні на які пратэст — якія б зьмены ні адбываліся ў гэты момант у Расеі і Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выражам усіх мярзотнікаў...» Чаму ад Лукашэнкі нельга чакаць хуткай палітычнай адлігі, а рэпрэсіі стануць яшчэ больш жорсткіміІ гэта — якраз тое, чаго дамагаецца сёньня Лукашэнка, рыхтуючы краіну да магчымай паразы Расеі. У той самы момант, калі Ўкраіна будзе ўсенародна сьвяткаваць перамогу і ўпівацца ўласным трыюмфам, у Беларусі ніводзін чалавек не павінен выйсьці на вуліцу з блакітна-жоўтым сьцягам ці віншаваньнем украінцаў. Турэмныя муры павінны быць моцнымі, турэмныя камэры — пад завязку забітыя «палітвязьнямі», а выпаленая палітычная пляцоўка — зіхацець чысьцінёй і пустатой. Вецер украінскай свабоды, незалежнасьці і перамогі мае заблытацца ў калючым дроце на беларуска-ўкраінскай мяжы, пад Пінскам і Мазыром.
Бо найбольшая пагроза для дыктатуры Лукашэнкі — менавіта з боку Ўкраіны, якая ў выпадку перамогі выйдзе значна больш уплывовай і магутнай у вайсковым пляне, адным зь лідэраў ва Ўсходняй Эўропе. Гэта адтуль можа прыйсьці полк Каліноўскага, якога так баіцца Лукашэнка. І гэта там пасьля вайны могуць задумацца: а ці не прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці за саўдзел у агрэсіі, ці не прыкласьці намаганьні, каб на поўначы быў дэмакратычны і прадказальны сусед, а ня схільны да гвалту дыктатар-самадур? Менавіта на адрас той будучай Украіны ўжо сёньня зь Менску пасылаюцца сыгналы і нагадваньні пра тое, што «мы ж ратавалі ўкраінцаў», «нікога не забівалі» «і заўсёды былі супраць вайны». Усё гэта шматкроць узрасьце і на ўсе лады загучыць зь Менску, калі ваенная перамога Кіева стане відавочнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і здань бальшавізму. Лукашэнку наперадзе чакае свой 1917 годНу, а на ўсходнім кірунку — магчымыя варыянты. Ацалее Пуцін — можна працягваць далейшую гульню ў інтэграцыю. Прыйдзе яму на зьмену новы расейскі дыктатар — Лукашэнка тут жа прысягне на вернасьць новаму гаспадару, папросіць пакінуць расейскія войскі на беларускай тэрыторыі і працягне заставацца фарпостам новай расейскай дыктатуры. Найгоршы для яго варыянт — калі ў выніку ваеннай паразы ў Крамлі адбудуцца кардынальныя зьмены, а новы маскоўскі рэжым возьме курс на прымірэньне з Захадам і лібэралізацыю. Вось тады давядзецца альбо падладжвацца пад новыя павевы і імітаваць дэмакратызацыю, альбо нацягваць калючы дрот пад Смаленскам і канчаткова ператвараць Беларусь у закрыты ад сьвету ГУЛАГ — з галечай, міжнароднай ізаляцыяй, усеагульным страхам і вечным Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ і Мінабароны Беларусі заявілі, што ў лістападзе чакаецца атака з Украіны на МаларытуЛукашэнка яўна разьлічвае, што яму і гэтым разам удасца ўсіх перахітрыць — адседзецца, адмаўчацца, сьпіхнуць усю віну на Пуціна, абяліць сябе ў вачах украінцаў і — захаваць сябе і сваю дыктатуру. Ці ёсьць у яго на гэта шанцы? Безумоўна, ёсьць. Пераможцы — яны звычайна такія: велікадушныя, незлапомныя і схільныя паблажліва ставіцца да былых ворагаў. Зрэшты, як сьведчыць гісторыя, заўсёды знойдуцца тыя, хто і не забудзе, і не даруе. Пытаньне ў тым, чые аргумэнты ў вырашальны момант акажуцца мацнейшымі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.