Урад Казахстану падрыхтаваў праект закону, паводле якога няведаньне казахскай мовы, гісторыі і асноў нацыянальнага заканадаўства стане дадатковай падставай для адмовы ў атрыманьні або аднаўленьні грамадзянства краіны.
Пра гэта паведамляецца 8 лістапада са спасылкай на прэм'ера Аліхана Смаілава. Гаворка ідзе аб папраўках да закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Казахстан».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Казахстан спрабуе балянсаваць паміж ЭЗ і РасеяйТэма грамадзянства абмяркоўваецца на фоне наплыву ў краіну, як і ў шэраг іншых былых савецкіх рэспублік, грамадзян Расеі, многія зь якіх зьмянілі месца жыхарства пасьля абвешчанай расейскімі ўладамі ў канцы верасьня частковай мабілізацыі на вайну ва Ўкраіне.
Нядаўна казахстанскае кіраўніцтва прыводзіла зьвесткі, што пасьля 21 верасьня, калі ў Расеі абвясьцілі мабілізацыю, каля 200 тысяч іншаземцаў зьвярнуліся ў Казахстане па індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары. Яны дазваляюць уладкавацца на працу і адкрыць рахункі ў мясцовых банках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Такаеў падпісаў закон аб скарачэньні паўнамоцтваў прэзыдэнта Казахстану