Кароткая гісторыя мітынгу, які адкрыў дарогу пераменам. Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі за кратамі падчас экскурсіі. Архіўнае фота

Пісаць успаміны пра Алеся Бяляцкага рана ды й не да месца. Чалавек у росквіце гадоў, на піку міжнароднага прызнаньня і зь яснаю пэрспэктываю плённай і актыўнай дзейнасьці ў вольнай Беларусі, дарма што пакуль у турме.

А вось паспрабаваць вызначыць галоўныя рысы асобы Нобэлеўскага ляўрэата ў дні ягонага найвышэйшага прызнаньня, згадаўшы пару фактаў нашага зь ім знаёмства і супольнай дзейнасьці, можна.

Вырашальны 1987-ы

Для мяне Алесь Бяляцкі заўсёды быў актыўным, энэргічным і крэатыўным беларускім пасыянарам. Добра, што ягоныя бацькі вярнуліся ў Беларусь з Карэліі, дзе Алесь нарадзіўся. Інакш бы мы ня мелі такога актывіста і шматлікіх ягоных ініцыятываў і дасягненьняў.

Разам з Алесем мне давялося браць удзел у многіх імпрэзах і акцыях, арганізаваных моладзевымі структурамі ў 1980-я гады. Гэта першы Вальны сойм беларускіх суполак, мітынг у абарону Верхняга гораду, мітынгі і шэсьці на Дзяды, так званыя ралі ў абарону Дзьвіны і Прыпяці, сход «Мартыралёгу Беларусі», першы зьезд БНФ і іншыя. Былі і падпольныя нарады, распаўсюджваньне самвыдаву, капіяваньне і пераплёт забароненых кніжак, друкаваньне абвестак і ўлётак.

Але чамусьці помніцца першы антысавецкі мітынг у гісторыі савецкай Беларусі — мітынг на Дзяды 1987 году ў Менску.

1987 год у БССР быў асаблівы. Менская «Талака» і аналягічныя моладзевыя беларусацэнтрычныя клюбы ў іншых гарадах нарошчвалі актыўнасьць і рабілі на савецкі агітпроп ідэалягічны ціск, на які КПБ і ЛКСМБ ня мелі адэкватнага адказу і мусілі патроху саступаць «нефармалам».

Кульмінацыяй таго году стаў першы Вальны сойм беларускіх суполак, праведзены 26–27 сьнежня ў Палачанцы пад Ракавам на базе аднаго зь піянэрскіх лягераў. У Сойме бралі удзел 560 чалавек, якія прадстаўлялі 30 беларускіх моладзевых нефармальных структураў. Сойм стварыў Канфэдэрацыю беларускіх суполак, якая ў наступным годзе стане асновай для стварэньня БНФ, і фактычна быў вызначаны курс на нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі — менавіта такім быў зьмест прынятых на Сойме пастановаў.

Прычым прынятыя гэтыя пастановы былі насуперак актыўнай барацьбе супраць іх сакратароў ЦК ЛКСМБ, якія разам з талакоўцамі былі куратарамі сэкцыяў Сойму (напрыклад, за працаю гістарычнае сэкцыі Сойму, якою кіраваў аўтар гэтых радкоў, наглядаў сакратар ЦК ЛКСМБ Міхал Падгайны).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі, трэці ў гісторыі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за кратамі

Дзяды 1987-га

Але ў першага Вальнага сойму беларускіх суполак быў папярэднік, які, у маім разуменьні, стаў своеасаблівым Рубіконам, перайшоўшы церазь які, моладзевы беларускі рух павёў краіну і народ да незалежнасьці — нават насуперак таму, што гэтага тады маглі ня бачыць і не разумець як яго ўдзельнікі і кіраўніцтва БССР, так і сам беларускі народ. Гэта першая публічная антысавецкая акцыя ў савецкай Беларусі — мітынг на Дзяды 1987 году ў Менску, каля помніка Янкі Купалы ў парку ягонага імя.

Парк Янкі Купалы быў ачэплены ўперамешку чорнымі «Волгамі» КДБ і жоўта-сінімі міліцэйскімі «казламі», якія стаялі суцэльным ланцугом з боку вуліцы Купалы і праспэкту Леніна. Было вельмі страшна і нават вусьцішна, ніхто з нас ня ведаў, вернецца ён у той дзень дадому ці трапіць у турму КДБ «Амэрыканку». Гэта быў СССР, яшчэ ў турмах сядзелі дысыдэнты, а на мітынгу размова ішла не пра беларускую мову і культуру (што таксама яшчэ ня надта ўхвалялася, але ўжо было прадметам публікацый у друку, асабліва ў «ЛіМе»), але пра рэабілітацыю ахвяраў камуністычнай сыстэмы.

На мітынгу ўпершыню ў БССР былі публічна названыя імёны ахвяраў рэпрэсіяў НКВД 1920–30-х гадоў зь ліку беларускай эліты, гучалі патрабаваньні рэабілітацыі бязьвінна забітых, пакараньня вінаватых і асуджэньня злачыннай дзейнасьці НКВД. Гэта была палітыка чыстай вады. І менавіта гэта выклікала жах у тых, хто за мітынгам назіраў паводле пасады ці «па доўгу службы». Памятаю, як да мяне, тады студэнта гістарычнага факультэту БДУ, і майго 17-гадовага брата Андруся з поўнымі жаху вачыма падышоў намесьнік дэкана і сакратар партыйнай арганізацыі факультэту Мечыслаў Часноўскі і з адчайнай надзеяй у голасе пачаў пытацца:

— Сяргей, ты ж ня сам сюды прыйшоў? Ня сам? Цябе запрасілі, так? Ты ж ня сам?..

Клопат Мечыслава Эдвардавіча можна было зразумець — удзел студэнта ягонага факультэту ў антысавецкім мітынгу пагражаў ня толькі стратаю пасады, але і разбурэньнем усяе кар’еры.

Але нас не арыштавалі і рэпрэсіяў пасьля мітынгу не было. Былі дробныя разборкі на месцы працы ці вучобы з боку партыйных і камсамольскіх структураў. Назаўтра пра нашу акцыю напісалі многія эўрапейскія газэты.

На тым мітынгу 1987 году з асноўнай прамовай выступіў Анатоль Сыс. У яго гарэлі вочы, палалі шчокі і трэсьліся рукі — ад холаду і хваляваньня. Ён, як і ўсе мы, ня ведаў, чым гэтая акцыя скончыцца, але тым ня менш узяў рызыку і гонар прамоўцы на сябе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маналёг «тутэйшага». Выступ Анатоля Сыса на «Дзядах» у сквэры Янкі Купалы ў Менску 1 лістапада 1987 АЎДЫЁ

Але Анатоль ня быў яе аўтарам. Яго прамову напісалі Алесь Бяляцкі, Сьвятлана Лобач (цяпер Жынкіна) і я.

Як мы прамову пісалі

За тыдзень да мітынгу ў памяшканьні менскага гаркаму камсамолу на плошчы Леніна ў Менску каля Чырвонага касьцёлу (цяпер праспэкт Незалежнасьці, 17) адбывалася чарговае паседжаньне «Талакі». Правадзейныя сябры сядзелі за вялікім доўгім сталом з двух бакоў. Зьлева ад мяне сядзела Сьвятлана Лобач, за ёю Алесь Бяляцкі, які на той час ужо другі год кіраваў таварыствам маладых літаратараў «Тутэйшыя».

Ня памятаю, пра што была гаворка і хто браў удзел у абмеркаваньні на паседжаньні «Талакі». У нашай тройкі быў зусім іншы клопат. Рыхтаваліся да першых Дзядоў у Менску, і нам трэба было напісаць тэкст галоўнага выступу, бо менавіта «Тутэйшыя», старшынём якіх быў Алесь Бяляцкі, падалі заяўку на мітынг і атрымалі дазвол.

Бяляцкі накідаў праект прамовы, пакінуўшы шматкроп’і на месцы ахвяраў рэпрэсіяў і іх арганізатараў, Сьвятлана дадала некалькі сваіх думак, і, нарэшце, праект прамовы трапіў да мяне.

Фінальным пунктам гэтага «творчага» працэсу я стаў невыпадкова. У «Талацэ» як студэнт гістарычнага факультэту БДУ, які вучыўся на два курсы старэй за Сержука Вітушку, я лічыўся кімсьці накшталт экспэрта ў гісторыі Беларусі. У той час, з другой паловы кастрычніка 1987 году, ужо ішлі цяжкія перамовы аргкамітэту першага Вальнага сойму беларускіх суполак зь Бюро ЦК ЛКСМБ наконт яго правядзеньня і зьместу пастановаў. У аргкамітэце я адказваў за гісторыю, пісаў праект пастановаў гістарычнай сэкцыі і кіраваў пасьля яе працай на Сойме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: Алесь Бяляцкі ніколі не адступаў ад патрабаваньня дэмакратычных свабодаў, якіх заслугоўвае беларускі народ

Усё гэта стала нечаканым вынікам маёй імклівай студэнцкай «кар’еры». Пасьля ацэнкі курсавых працаў за першы і другі курсы з гісторыі СССР мяне запрасілі на паседжаньне катэдры гісторыі Беларусі і паведамілі, што прапануюць застацца пасьля ўнівэрсытэту на катэдры. Далі тэму, якую я меўся пісаць спачатку як курсавыя і дыплёмную працы, а праз год пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту абараніць як кандыдацкую дысэртацыю. Тэма гучала так: «Культурная рэвалюцыя ў БССР. 1928–1932 гг.».

Я пачаў працаваць, пайшоў у Ленінскую бібліятэку, чытаў друк 1920–30-х гадоў, які, як ні дзіўна, быў у вольным доступе, адкрыў для сябе «тарашкевіцу» зь яе «блёк-нотамі» і «пляц-формамі», судовыя працэсы над «нацдэмамі» і... прапаў. Справа скончылася «Талакой», разьвітаньнем з катэдрай гісторыі Беларусі і напісаньнем дакумэнту пад назвай «Праект выкладу патрабаваньняў студэнцтва ў галіне гісторыі», дзе ўпершыню ў Беларусі фармулявался думка, што беларусы павінны глядзець на гісторыю сваімі вачыма і адпаведна пісаць падручнікі. Пазьней гэты «праект» быў апублікаваны ў самвыдавецкай «Студэнцкай думцы».

А ў той дзень ў менскім гаркаме камсамолу на паседжаньні «Талакі», падумаўшы некалькі хвілін, наколькі далёка нам варта заходзіць ў прамове на мітынгу, я вырашыў секануць з пляча. Калі мы ўспамінаем рэпрэсаваных пісьменьнікаў і навукоўцаў, то чаму ня ўспомніць айцоў Беларускай Народнай Рэспублікі, якія таксама былі і пісьменьнікамі, і журналістамі, і навукоўцамі? Прыняўшы гэтае рашэньне, я ўпісаў у прамову імёны рэпрэсаваных дзеячоў БНР, уключна з Ластоўскім, Лёсікам, Некрашэвічам, Цьвікевічам і многімі іншымі, пасьля пералічыў рэпрэсаваных пісьменьнікаў і паэтаў, а таксама вядомых на той час дзеячоў НКВД БССР. Натуральна, былі там і словы пра патрэбу рэабілітацыі бязьвінных ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, выданьне іх твораў і патрэбу пакараньня вінаватых, калі яны яшчэ жывуць.

Атрымаўшы ад мяне тэкст, Бяляцкі ўважліва яго прачытаў, зьдзіўлена пахітаў галавой, і мы па-змоўніцку абмяняліся ўсьмешкамі. За наступныя паўгадзіны мы напісалі і праект рэзалюцыі мітынгу. Справа была зроблена.

Празь некалькі дзён, 1 лістапада 1987 году, Анатоль Сыс зачытаў поўную вэрсію нашай прамовы бязь зьменаў з патрабаваньнем рэабілітацыі дзеячоў БНР і беларускіх літаратараў. У многіх прысутных быў шок, людзі рэальна былі ўражаныя такой нечуванай на тыя часы сьмеласьцю прамовы. Ніхто, паўтаруся, ня ведаў, чым скончыцца яго ўдзел у гэтым мітынгу.

Пасьля Сыса сьпяваў Сяржук Сокалаў-Воюш і выступалі іншыя прамоўцы, у тым ліку першы сакратар Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Васіль Зуёнак, які меўся там быць паводле пасады, бо акцыю арганізавалі «маладыя літаратары».

Геройства Анатоля Сыса ў гэтай справе бясспрэчнае. Ён разам з Алесем Бяляцкім падаваў заяўку на той мітынг ад імя «Тутэйшых» і ўзяў на сябе цяжар магчымага ўдару за дзёрзкасьць публічнай прамовы.

Рубікон

Але аўтарам ідэі, арганізатарам і галоўным маторам Дзядоў-1987 быў сябар «Талакі» і старшыня Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» Алесь Бяляцкі.

Цяпер, як гісторык і ўдзельнік тых падзей, я бачу велізарнае, ключавое значэньне гэтага мітынгу. Дазвол на правядзеньне Дзядоў 1 лістапада і першага Вальнага сойму беларускіх суполак 26–27 сьнежня 1987 году — быў вялікай, фатальнай памылкай камуністычных уладаў БССР. Пасьля сойму яны спахапіліся і пачалі кампанію цкаваньня «нефармалаў» у друку. Але было ўжо позна.

Створаная на Сойме агульнанацыянальная Канфэдэрацыя беларускіх суполак пачала актыўную дзейнасьць. Аргкамітэт у пачатку 1988 году пайшоў у падпольле, прызначыў адказных за рэгіёны, якія разьвезьлі па абласных цэнтрах размножаны поўны камплект пастановаў Сойму і яго сэкцыяў. Куратараў вобласьцяў паводле аналёгіі з апошняй паўстанцкай функцыяй Кастуся Каліноўскага рамантычна назвалі «дыктатарамі» (мне, напрыклад, даверылі Горадзенскую вобласьць).

«Дыктатары» прыяжджалі ў абласныя гарады, мясцовыя суполкі «нефармалаў» зьбіралі актыў і вэтэранаў беларускага руху на паседжаньні, на якіх прадстаўнікі аргкамітэту Вальнага сойму расказвалі пра яго ход і раздавалі памножаныя тэксты пастановаў. Людзі на месцах прачыталі даўно чаканыя словы пра дыскрымінацыю нацыянальнай культуры і мовы, пачулі праўдзівыя словы пра сваю гісторыю і атрымалі ясныя і зразумелыя задачы і мэты для сваёй грамадзкай дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жузэп Бурэль: Эўразьвяз вітае прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму

Сустрэчы тыя праходзілі часта вельмі натхнёна і кранальна. Ніколі не забуду сьлёзы старэйшых людзей, якія слухалі мяне на паседжаньні горадзенскай «Паходні», седзячы на задніх шэрагах актавай залі музэю Максіма Багдановіча. Гэта былі вэтэраны заходнебеларускага нацыянальнага руху.

У выніку пачалося «брожение умов». У чэрвені 1988 году ў «ЛіМе» быў апублікаваны артыкул Зянона Пазьняка «Курапаты — дарога сьмерці», адбыўся мітынг у Курапатах, а 19 кастрычніка на ўстаноўчым сходзе «Мартыралёгу Беларусі» быў утвораны аргкамітэт БНФ. На заўтра па ўсёй краіне сябры Канфэдэрацыі беларускіх суполак арганізавалі групы падтрымкі БНФ. Фактычна Канфэдэрацыя стала асновай БНФ. Распачаты моладзевымі «Майстроўняй», «Талакой» і «Тутэйшымі» рух краіны да нацыянальнага абуджэньня быў падхоплены старэйшымі беларускімі патрыётамі — тымі, чые творы або праца часта і заахвочвалі моладзь да дзеяньня.

30 кастрычніка 1988 году прайшлі другія Дзяды, якія таксама былі арганізаваныя «Тутэйшымі» пад кіраўніцтвам Бяляцкага і на якіх упершыню быў публічна ўзьняты нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. У 1989 годзе ў Менску не дазволілі правесьці спачатку другі Вальны сойм Канфэдэрацыі беларускіх суполак, а пасьля і першы зьезд БНФ, але гэта камуністам ужо не дапамагло. Беларусь выбрала тады нацыянальны шлях, які быў прыпынены прэзыдэнцкімі выбарамі 1994 году. Зрэшты, як мы ўбачылі ў 2020 годзе, шлях гэты падспудна працягваўся ўсе доўгія гады нацыянальнай цемры.

Але ў пачатку быў мітынг на Дзяды 1987 году.

Цяпер я разумею, што той мітынг як бы адкрыў шлюз для пераменаў у Беларусі. Ён адкрыў дарогу для ўсёй назапашанай энэргіі нацыянальнага беларускага этасу, які на той час ужо быў дастаткова разьвіты і ўмацаваны дасягненьнямі нашай акадэмічнай навукі і культуры насуперак антынацыянальнай камуністычнай ідэалёгіі, якая доўгія дзесяцігодзьдзі панавала ў СССР.

Калі б 1 лістапада 1987 году нас арыштавалі і пасадзілі, шмат якіх падзеяў наступных гадоў магло б ня быць і гісторыя Беларусі была б зусім іншаю. Ня выключана, што і СССР мог бы захавацца ў нейкім моцна ўсечаным выглядзе, бяз Балтыі і Ўкраіны, але зь Беларусьсю і, магчыма, яшчэ якімі-небудзь рэспублікамі ў сваім складзе.

Але кіраўнікі БССР і ЦК КПБ праявілі нерашучасьць, і сьнежны ком, распачаты тым мітынгам, а пасьля і першым Вальным соймам беларускіх суполак, у рэшце рэшт зьнёс з гістарычнай дарогі іх саміх.

Яны спахапіліся праз год і паспрабавалі разагнаць мітынг на Дзяды 1988 году, але было ўжо позна — цягнік сышоў. Разгон выклікаў скандал, усесаюзны розгалас, прыезд маскоўскіх камісіяў і меў адваротны высілкам камуністычнага кіраўніцтва БССР вынік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Схіляюся перад мужнасьцю Алеся Бяляцкага». Рэакцыя на прэмію ў сьвеце

Нават на этапе падрыхтоўкі да другіх Дзядоў мне запомнілася нерашучасьць уладаў. Улёткі з заклікам прыйсьці на той мітынг у раёне Ўсходніх могілак памнажалі і разразалі талакоўцы на вуліцы Сурганава ў кватэры Міхася і Жэні Грыгор’евых. Там жа побач была і кватэра Вінцука і Арыны Вячоркаў, а непадалёк жылі Віктар Івашкевіч з Аленай Радкевіч. Усе яны, натуральна, бралі ўдзел у гэтым працэсе. Калі мы скончылі, расклалі ўлёткі па сумках і сталі разьяжджацца па сваіх раёнах, выявілася, што ў двары дому і на вуліцах нас чакалі некалькі міліцэйскіх «казлоў». Некаторыя зь іх ехалі за тралейбусамі, куды зайшлі талакоўцы з улёткамі. Але нікога не затрымлівалі. Я зрабіў дзьве перасадкі, і ад мяне адчапіліся. У выніку ўлёткі трапілі да жыхароў Менску.

З таго часу ў нас пачалася традыцыя «палітычнага» адзначэньня Дзядоў, якая можа здавацца палітызацыяй народнага звычаю. Дзяды ў нашага народу — гэта сьвята найперш сямейнае, у той дзень беларусы згадваюць менавіта сваіх дзядоў. Але і нацыя, як вялікая сям’я, павінна згадваць пра сваіх Дзядоў. Так што ўсё ў парадку, трэба і пра сваіх дзядоў не забываць, і нацыянальных памятаць.

Асоба Бяляцкага

Сёньня, разважаючы пра першага ў маім жыцьці Нобэлеўскага ляўрэата, знаёмства зь якім можна назваць блізкім, я думаю найперш пра яго асабістыя якасьці, якія і прывялі Алеся да сусьветнага прызнаньня. І гэта, вядома, вялікі гонар мець у жыцьці такога паплечніка ці, хутчэй, мець магчымасьць назваць сябе ягоным паплечнікам.

Я назіраў за Алесем Бяляцкім у розных грамадзкіх і прыватных сытуацыях. Думаю, гэты чалавек стаў вялікім падарункам для Беларусі. Усё вырашала яго асабістая неўтаймоўная энэргія, ініцыятыўнасьць і крэатыўнасьць. Гэта тычыцца і яго арганізацыйнай дзейнасьці, калі ён кіраваў «Тутэйшымі», быў намесьнікам старшыні БНФ, калі мы разам зь ім адраджалі рэлігійнае жыцьцё ў Беларусі, выдавалі адпаведныя часопісы, уваходзілі ва ўправу адроджанай у пачатку 1990-х гадоў беларускай хадэцыі — партыі «Беларуская хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць».

Бяляцкі ўсюды быў натхняльнікам, ініцыятарам і лідэрам.

Бывала, ён як бы сыходзіў убок, але аказвалася, што там, куды ён сышоў, узьнікала структура ці арганізацыя, якая рабілася вельмі важнаю і патрэбнаю Беларусі. Так ён засноўваў «Тутэйшых», Беларускую каталіцкую грамаду, праваабарончы цэнтар «Вясна» і іншыя структуры. А пасьля зьяўляліся іх вельмі важныя плады.

Гэтак стала і зь «Вясной» у 1996 годзе. Памятаю, як ён, прыехаўшы ў Прагу, з сваёй нязьменнай усьмешкай прэзэнтаваў мне зборнік пра мітынгі менскай пратэставай вясны таго году са здымкам скрываўленага мітынгоўца на вокладцы. Вясна тая, фактычна, стала правобразам падзеяў 2020 году. Менавіта тады Алесь заняўся праваабаронай і чарговы раз у жыцьці меў рацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Нобэлеўскага камітэту патлумачыла, як выбіралі ляўрэатаў прэміі міру

Палітыкі нічога не змаглі зрабіць з рэжымам у Беларусі, палітыка ў краіне як такая зьнікла, апазыцыя аказалася задушанай і маргіналізаванай, незалежныя мэдыі задушаныя і выкінутыя з краіны, і процістаяньне, фактычна, зьвялося да лініі дыктатура — правабарона.

Першая правы людзей парушае, другая іх бароніць і фіксуе парушэньні. Нават з-за мяжы.

На чале адной — дыктатар, на чале другой — Бяляцкі.

Аднаго ў сьвеце ганяць, другога — ушаноўваюць.

Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны дзясяткамі міжнародных прэміяў і стаў ганаровым грамадзянінам многіх эўрапейскіх гарадоў. Нобэлеўская прэмія міру 2022 году стала толькі вянцом гэтага сусьветнага прызнаньня.

Віншую, дарагі Алесь, з заслужанай узнагародай! Гэта твая перамога над цемрай. Ты ня раз мяняў Беларусь. Зьменіш і яшчэ ня раз.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.