Сярод іншага ў заяве сказана:
«Сёлетнія ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру нагадваюць нам, што нават у змрочныя дні вайны, перад абліччам запалохваньня і прыгнёту, агульначалавечае імкненьне да правоў і годнасьці ня можа быць задушана.
На працягу многіх гадоў яны нястомна змагаюцца за правы чалавека і фундамэнтальныя свабоды, у тым ліку за права свабодна выказвацца і адкрыта крытыкаваць. Яны выконваюць сваю місію з запалам і настойлівасьцю. [...] Алесь Бяляцкі ніколі не адступаў ад патрабаваньня дэмакратычных свабодаў, якіх заслугоўвае беларускі народ, нават застаючыся ў зьняволеньні. [...]
Перш за ўсё, адважныя людзі, якія робяць гэтую працу, шукаюць праўду і дакумэнтуюць для ўсяго сьвету палітычныя рэпрэсіі супраць сваіх суграмадзян — выказваючыся, супраціўляючыся, не зьбіваючыся з курсу, тым часам як ім пагражалі тыя, хто дамагаўся іх маўчаньня. Тым самым яны зрабілі наш сьвет мацнейшым».
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.