У ЗША 8 лістапада пачаліся выбары ў Кангрэс, якія ў выпадку посьпеху рэспубліканцаў моцна ўскладняць два гады кіраваньня прэзыдэнта-дэмакрата Джо Байдэна. Згодна з перадвыбарнымі апытаньнямі, дэмакраты могуць страціць кантроль над абедзьвюма палатамі Кангрэсу.
Амэрыканцы вызначаюць склад усёй Палаты прадстаўнікоў з 435 чальцоў і пераабіраць 35 са 100 сэнатараў. Акрамя таго, яны маюць таксама выбраць губэрнатараў 36 штатаў і трох тэрыторыяў.
Асноўная ўвага прыцягнутая да Кангрэсу, які цяпер кантралююць дэмакраты. Чакаецца ўпартая барацьба за Палату прадстаўнікоў і Сэнат.
- Калі хаця б адну з палатаў будуць кантраляваць рэспубліканцы, яны змогуць блякаваць законапраекты ад дэмакратаў. Прамежкавыя выбары таксама называюць прэзыдэнцкім рэфэрэндумам. Правал дэмакратаў на выбарах можа аслабіць Байдэна і аднавіць заклікі да яго перадаць прэзыдэнцкую кандыдатуру ад Дэмакратычнай партыі ў Белы дом на выбарах у 2024 годзе камусьці іншаму.
- Рэспубліканскі кантроль над Кангрэсам можа дапамагчы былому прэзыдэнту-рэспубліканцу Дональду Трампу зноў балятавацца ў Белы дом праз два гады. Пад пытаньнем і магчымая далейшая вайсковая дапамога Ўкраіне. Некаторыя рэспубліканцы ўжо намякнулі, што ў выпадку перамогі на выбарах усё можа ўскладніцца. Цяперашні лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Кэвін Макарці заявіў у мінулым месяцы, што амэрыканскія выбарнікі «ня будуць выпісваць Украіне неабмежаваныя чэкі ва ўмовах рэцэсіі».
- Аднак Белы дом заяўляе, што падтрымка Амэрыкай Украіны будзе «няўхільнай», нават калі рэспубліканцы, занепакоеныя ўзроўнем выдаткаў, выйграюць прамежкавыя выбары. «Мы ўпэўненыя, што падтрымка Злучаных Штатаў будзе рашучай і непахіснай», — сказала журналістам прадстаўніца Белага дому Карын Жан-П’ер, якую цытуе агенцтва AFP.
- Пытаньні, якія найбольш хвалююць цяпер амэрыканцаў, — высокая інфляцыя і асьцярогі наконт стану эканомікі. Таксама гэты год прынёс з сабой шэраг важных тэмаў, такіх як вайна ва Ўкраіне, кліматычныя зьмены, скасаваньне агульнанацыянальнага права на аборт Вярхоўным судом ЗША.
- Выбары адбываюцца, калі ЗША найбольш палітычна падзеленыя за апошнія дзесяцігодзьдзі. Адмысловы камітэт Палаты прадстаўнікоў усё яшчэ расьсьледуе гвалтоўнае ўварваньне ў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу прыхільнікаў Трампа 6 студзеня 2021 году. Кастрычніцкі напад на мужа лідэра дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі таксама павялічыў страх палітычнага гвалту.
- Афіцыйныя вынікі выбараў ня будуць вядомыя ў ноч выбараў, нагадалі амэрыканскія СМІ. Многія людзі галасуюць дыстанцыйна ці загадзя. Акрамя таго, выбары ў ЗША моцна дэцэнтралізаваныя.