Чаму шкодна рэгуляваць цэны і што будзе далей. Разьбіраемся з экспэртам

Крама. Ілюстрацыйнае фота

Эканаміст Дзьмітры Крук расказаў, як на эканоміку паўплывае рэгуляваньне цэнаў і да чаго гэта прывядзе.

Пасьля замарожваньня цэнаў улады Беларусі ўсё ж прынялі мэханізм, паводле якога іх можна павышаць.

19 кастрычніка ўрад Беларусі нарэшце прыняў новую пастанову аб рэгуляваньні цэнаў. У ёй пералічаны 370 відаў тавараў: ад харчоў і адзеньня да аўтамабіляў і рознага абсталяваньня. Уводзяцца гранічныя надбаўкі для імпартэраў і ўнутранага гандлю. Яны вагаюцца ад 15% да 60%. Павышэньне адпускных цэнаў, згодна з пастановай, неабходна ўзгадняць зь дзяржаўнымі органамі. Ёсьць і абмежаваньні ў бартэры. З 1 студзеня 2023 году такія ўгоды без дазволу можна заключаць толькі ўнутры холдынгаў або на экспарт. Усё астатняе можа адбывацца з дазволу ўладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАРГ: Цэны на рэшткі тавараў трэба прывесьці ў адпаведнасьць з новымі патрабаваньнямі да 26 кастрычніка

На думку эканаміста Дзьмітра Крука, усе гэтыя абмежавальныя захады — выключна палітычнае пытаньне.

«Гэта робіцца, каб паказаць грамадзтву, што ёсьць нейкі непакой, заклапочанасьць пра інфляцыю, што ўлада прымае захады, каб гэтаму супрацьстаяць. Калі гэта так, то даволі хутка ўсё можа адыграцца назад, пастанова можа быць адмененая, ці будуць зьмены, каб мэханізм цэнаўтварэньня быў больш адэкватны», — кажа Дзьмітры Крук.

«Рэгуляваньне цэнаў — гэта рызыкоўна»

Дзьмітры Крук ня бачыць у рэгуляваньні цэнаў іншай лёгікі, апроч палітычнай, бо «нават цяперашнія ўлады ўсьвядомілі, што рэгуляваньне цэнаў — гэта рызыкоўна».

Эканаміст Зьміцер Крук

«Такія спробы рэгуляваньня цэнаў былі апошнія 20 гадоў ня раз, але ад гэтага хутка адыходзілі. Бачылі, што гэта прыводзіць альбо да дэфіцыту, альбо да залішняй нагрузкі на прадпрыемствы. Такія інструмэнты можна выкарыстоўваць непрацяглы час, максымум — 4 месяцы. Інакш гэта вядзе да незваротных наступстваў», — гаворыць Дзьмітры Крук.

«Працаваць у мінус ніхто ня будзе»

Паводле Дзьмітрыя Крука, любы вытворца проста адмовіцца прадаваць тавар, «калі ў яго ня будзе выбару».

«Прадаваць сабе ў мінус ніводзін вытворца ня будзе. Ён проста адмовіцца ад вырабу і продажы тавару, а пакупнік будзе бачыць у краме пустую паліцу. Таксама пакупнік дзесьці працуе і калі вытворца, на тым прадпрыемстве, будзе кіравацца пастановай аб коштах, то ў гэтага пакупніка зьменшыцца заробак. Фірма будзе спрабаваць размазаць дадатковыя выдаткі», — прыводзіць прыклад Дзьмітры Крук.

«Дэфіцыт і звужэньне асартымэнту»

Сярод наступстваў жорсткага рэгуляваньня цэнаў Дзьмітры Крук называе дэфіцыт і закрыцьцё прыватнага бізнэсу.

«Наступствы відавочныя — дэфіцыт і значнае звужэньне асартымэнту. Вытворца будзе рабіць тое, што можна зрабіць з найменшымі стратамі. Самы крайні варыянт — калі пастанова будзе дзейнічаць доўгі пэрыяд, то прыватны бізнэс будзе адмаўляцца працаваць, будзе шукаць іншыя шляхі даходу», — даводзіць Дзьмітры Крук.

На яго думку, пастанову аб рэгуляваньні цэнаў будуць даводзіць да ладу, прыбіраць адтуль хібы, пакуль канчаткова ад яе не адмовяцца.

Тым часам забарона павышаць цэны ўжо прывяла да таго, што ІП у некаторых гарадах проста ня выйшлі на працу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІП у Баранавічах і Горадні закрылі гандлёвыя пункты праз палітыку цэнаўтварэньня; падобныя зьвесткі ёсьць і зь іншых гарадоў