«Нас па-ранейшаму большасьць». Кіраўніца ініцыятывы «Движбот» пра тое, якая грамадзкая актыўнасьць яшчэ магчымая ў Беларусі

Ганна Краўчанка. Архіўнае фота

Ганна Краўчанка, кіраўніца праекту Каардынацыйнай рады «Движбот», расказвае Свабодзе Premium пра сутнасьць гэтай ініцыятывы, пра тое, як зьмянілі яе жыцьцё падзеі 2020 году. Грамадзкая актывістка перакананая, што прыхільнікаў пераменаў па-ранейшаму большасьць, нягледзячы на брутальныя рэпрэсіі.

Глядзець размову цалкам на відэа

Сьцісла

  • У нас была ў сям’і дамоўленасьць, што мы знаходзімся ў Беларусі колькі магчыма, бо тады ў Беларусі было можна рабіць болей, чым за мяжой. Мы пакінулі Беларусь у красавіку 2021-га.
  • Увосень 2020-га мы сапраўды ведалі, што мы большасьць, і ўсе сябе адчувалі большасьцю. Таму і назва — «Движение большинства». Цяпер гэта бот для тых, хто хоча рухацца далей, а не пра высьвятленьне, большасьць мы ці не.
  • Вы падпісваецеся ў Viber ці Telegram на бот. Гэта абсалютна ананімна. Далей вам раз на тыдзень прыходзяць заданьні — напамін напісаць ліст палітвязьню, інфармацыя пра тое, што ідзе нейкі важны збор, спасылка на пэтыцыю, подпісы пад якой цяпер зьбіраюць.
  • Цяпер у нас больш за 22 тысячы ўдзельнікаў у боце. За два гады людзі выканалі 500 тысяч заданьняў. Самы вялікі збор, які мы рабілі, быў больш як 4 тысячы эўра. Кожны месяц шлецца звыш сотні лістоў палітвязьням.

«Усё зьмянілася ў дзень арышту Віктара Бабарыкі»

— Ганна, як зьмянілася ваша жыцьцё пасьля выбараў 2020-га?

— Зьмянілася моцна. Да 2020 году я займалася маркетынгам у бізнэсе. У канцы 2019 году ў нас нарадзілася дачка, і да лета 2020 году гэта цалкам мяне паглынула. Усё зьмянілася ў дзень арышту Віктара Бабарыкі. Як маладая маці я легла рана спаць, прачнулася а 5-й раніцы і пабачыла ў Telegram інфармацыю пра тое, як выйшлі людзі, абсалютна стыхійна. Я зразумела, што не магу заставацца ўбаку, што гэта мой абавязак — выказаць сваю пазыцыю. Гэтая кампанія адрозьнівалася ад папярэдніх.

І пасьля гэтага пачалася мая грамадзкая дзейнасьць. Я ўдзельнічала паўсюль, дзе магла, выказваючы сваю незадаволенасьць тым, што адбываецца. Потым былі выбары, далей дваровыя ініцыятывы, у якіх я брала актыўны ўдзел. Далей адбыўся «Сход», і ад нашага раёну вырашылі дэлегаваць прадстаўніцай мяне. «Сход» — гэта ініцыятыва, запушчаная як альтэрнатыва «ўсебеларускаму народнаму сходу» ў лютым 2021 году. У яе рамках выбіралі свайго прадстаўніка, дэлегата ад раёну, у якім было ня менш за 20 тысяч чалавек.

Да гэтага была вялікая кампанія адкліканьня дэпутатаў і нашы спробы неяк зьмяніць сытуацыю праз гэта. Урэшце стала зразумела, што гэта тупіковы шлях, ад нас проста адварочваліся. А калі зьявіўся «Сход», я расцаніла гэта як пляцоўку, на якой можна было расказваць аб праблемах і абменьвацца досьведам з дэлегатамі зь іншых раёнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз заклікаў улады Беларусі вызваліць затрыманых актывістаў плятформы «Сход»

«Страх быў, што дачка застанецца ўвогуле бяз мамы»


— Вы на той момант яшчэ знаходзіліся ў Беларусі?

— Так. Мы пакінулі Беларусь у красавіку. Пасьля Дня Волі сілавікі пачалі хадзіць па кватэрах. У нас на бальконе вісеў партрэт Рамана Бандарэнкі. І да красавіка 2021 году так званыя праваахоўныя органы не лічылі гэта пікетаваньнем. А ў красавіку яны пачалі ціснуць, прыходзілі да нас у дом, спрабавалі трапіць у кватэру рознымі спосабамі, тэлефанавалі бацькам, родным, на працу. Пачаўся псыхалягічны ціск з разраду «Прыходзьце на размову». Калі праз адваката мы запыталі, ці гатовыя яны прад'явіць дакумэнты з канкрэтнымі прэтэнзіямі да мяне, то праз тыдзень сілавікі прыйшлі дадому з позваю. Стала зразумела, што гэта сыгнал зьяжджаць.

— Я так разумею, што давялося зьехаць разам з малой дачкой, што няпростая справа...

— Тады мы гэтага не разумелі, бо страх быў іншы. Страх быў у тым, што дачка застанецца ўвогуле бяз мамы. Тады ўжо былі прыклады, калі затрымлівалі жанчын з малымі дзецьмі, ужо ішлі размовы, што калі ёсьць некалькі адміністрацыйных спраў, то гэта падстава завесьці крымінальную справу.

У нас была ў сямʼі дамоўленасьць, што мы знаходзімся ў Беларусі колькі магчыма, бо тады ў Беларусі было можна рабіць болей, чым за мяжой. Я разумела, што маглі затрымаць за розныя актыўнасьці. Нас спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці яшчэ ў сьнежні за ўдзел у маршы інвалідаў. Тады я выйшла зь дзіцем да сілавікоў, і яны не настойвалі на тым, каб я праехала ў аддзяленьне, і гэта мяне тады ўратавала. Я разумела, што цяпер будзе больш сур’ёзны ціск, улічваючы, што я была дэлегатам на «Сходзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рашучая меншасьць альбо падтрымка большасьці: дыскусія Астапені і Шрайбмана пра выбар апазыцыі

«Заданьні павінны быць ананімныя і бясьпечныя»

— У чым сутнасьць ініцыятывы «Движбот»?

— Гэта выглядае як бот у тэлеграме і вайбэры. Сутнасьць — што яшчэ можна зрабіць беларусам, якія знаходзяцца ўнутры краіны і па-за межамі краіны. Мы разумеем, што вельмі многія магчымасьці ўплываць на сытуацыю цяпер абрэзаныя, спыняюцца і перасьледуюцца. Таму мы шукаем, дзе ж яшчэ беларусы могуць прымяніць сваю актыўнасьць на карысьць сваёй краіны. Мы разумеем, што любая актыўнасьць расцэньваецца як супраціў рэжыму і перасьледуецца, таму мы абмежаваныя ў выбары заданьняў. Яны павінны быць ананімныя і бясьпечныя.

— Чаму такая назва ініцыятывы? Ці ёсьць назва па-беларуску?

— «Рух большасьці», «Рухбот» скарочана. Бот зьявіўся восеньню 2020 году, калі актыўнасьці было шмат і было пытаньне, як яе каардынаваць. Людзі былі гатовыя шмат што рабіць, шмат у чым дапамагчы, але гэта было разрозьнена. Патрэбны быў інструмэнт, які б паказваў, дзе ёсьць запыт, каб людзі ня самі шукалі, а ім інфармацыйна дапамагалі. Тады мы сапраўды ведалі, у нас былі доказы, тады ўсе сябе адчувалі большасьцю. Таму была назва «Движение большинства». Цяпер гэта «Движбот», таму што гэта хутчэй пра рух, чым пра высьвятленьне, большасьць мы ці не. Гэтае пытаньне сышло з парадку дня. Цяпер гэта бот для тых, хто хоча рухацца далей.

«Быць актыўным цяжка, калі ідзе вайна, калі вакол рэпрэсіі»


— У апісаньні ініцыятывы гаворыцца, што «Движбот» — бясьпечны інструмэнт, які дазваляе з дапамогай простых мэханік мяняць Беларусь. Як гэта выглядае практычна?

— Вы падпісваецеся ў вайбэры ці тэлеграме на бот. Гэта абсалютна ананімна, мы не зьбіраем дадзеныя ID вашага тэлеграму. Далей вам раз на тыдзень прыходзяць нейкія заданьні — напамін напісаць ліст палітвязьню, інфармацыя пра тое, што ідзе нейкі важны збор, спасылка на пэтыцыю, подпісы пад якой цяпер зьбіраюць. Гэта розныя спосабы неяк паўплываць на сытуацыю там, дзе яшчэ можна ўплываць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас пазбавілі дзяржавы, тады мы зробім сваю». Беларускія айцішнікі рыхтуюць запуск «Лічбавай Беларусі»

— З прычыны вельмі жорсткіх рэпрэсій людзі ў Беларусі ўсё больш асьцерагаюцца ўдзельнічаць у самых розных ініцыятывах і актыўнасьцях у сеціве. Як вы гэты чыньнік улічваеце? Бо тут справа ня толькі ў бясьпецы, але і ў жаданьні паглыбіцца ў прыватнае жыцьцё без грамадзкіх актыўнасьцяў.

— Мы разумеем, што гэта ёсьць, што гэта лягічна. Гэта вынік двух гадоў такіх рэпрэсій. Мы падзяляем заданьні для тых, хто ў Беларусі, і для тых, хто за яе межамі. Людзі знаходзяцца ў розных асяродзьдзях, з рознымі праблемамі і рознымі магчымасьцямі. Мы разумеем, што дзейнічаць цяжка. Што да бясьпекі, раней мы маглі арыентавацца на законы, цяпер гэтага рабіць ня можам.

Дзеля бясьпекі мы засяродзіліся на ананімнасьці — даём заданьні, у якіх чалавека цяжка ідэнтыфікаваць. Мы запускалі дадатковыя інструмэнты, якія дазваляюць чалавеку праверыць, наколькі ён не ідэнтыфікаваны ў Telegram. Цяпер пры рэгістрацыі можна, націснуўшы кнопку, перайсьці на асобны трэк, дзе вам па чэк-лісьце зададуць пытаньні, каб вы разумелі, дзе ў вашай ідэнтыфікацыі ўразьлівыя месцы. Мы вельмі акуратна ставімся да гэтага рэсурсу, бо быць актыўным цяжка ня толькі таму, што гэта небясьпечна. Быць актыўным цяжка, калі ідзе вайна, калі вакол рэпрэсіі, калі цяжка нават проста чытаць навіны, ня кажучы ўжо пра дзеяньні.

— Маглі б вы прывесьці лічбы?

— Цяпер у нас больш за 22 тысячы ўдзельнікаў у боце. За два гады людзі выканалі 500 тысяч заданьняў. Самы вялікі збор, які мы рабілі, быў больш як 4 тысячы эўра. Кожны месяц дасылаецца больш за сотню лістоў палітвязьням. Хочацца расьці, але мы разумеем сытуацыю, у якой быць актыўным і страшна, і цяжка. Мы засяроджаныя, каб знайсьці людзей, якія яшчэ хочуць быць актыўнымі, каб гэты актывізм максымальна спрасьціць, каб людзі ня страчвалі надзеі, што можна яшчэ нешта мяняць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не паеду зь Беларусі, бо хто тады будзе сустракаць наша войска?» Што думаюць актыўныя беларусы, якія застаюцца на радзіме

«Я ня бачу, каб каштоўнасьці людзей зьмяніліся»

— У такой цяжкай сытуацыі, як цяпер, ці адчуваеце вы сябе па-ранейшаму большасьцю?

— Так. Гэта ж пра каштоўнасьці. Цяжка рабіць ацэнку грамадзтва ў Беларусі, не знаходзячыся ў Беларусі. Мы імкнёмся больш размаўляць зь людзьмі. Мы зьбіраем у тым ліку статыстыку выкананьня заданьняў, каб разумець, што важна людзям выконваць, што яны могуць выканаць, а што не. Гледзячы на апытаньні, мы бачым, што людзі хутчэй пераходзяць у разрад «нэўтральныя», чым у іншы бок. Я ня бачу, каб каштоўнасьці людзей зьмяніліся. Я бачу, што мяняецца асяродзьдзе, што ідзе ціск, што людзі губляюць свае рэсурсы, але я ня бачу, каб яны зьняверыліся ў тым, з чым яны выходзілі на вуліцы ў 2020 годзе.

— Якая бясьпечная грамадзкая актыўнасьць магчымая цяпер у Беларусі?

— Нельга гаварыць пра бясьпеку ў Беларусі. У Беларусі нічога няма бясьпечнага. Што я бачу цяпер як сфэру, дзе яшчэ можна сябе праяўляць? Гэта ўрбаністыка, падтрымка палітвязьняў, падтрымка семʼяў, якія сутыкаюцца з хваробамі. Гэтыя праблемы нікуды не прападаюць. Я б хацела ссунуць фокус размовы. Яна не пра тое, што нам хочацца прыбраць нейкую ўладу зь нейкай тэрыторыі. У Беларусі шмат праблем, і частку зь іх мы ня можам вырашаць праз палітычны крызіс. Але ёсьць частка праблем, якія вырашаць яшчэ можна, на якія палітычны крызіс уплывае ня так моцна. А ёсьць частка праблем, якія вырашаць можна, бо іх вырашэньне ананімнае. Такія задачы шукае наша каманда, пра іх мы расказваем у боце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Instagram зьявілася віртуальная сяброўка, зь якой беларускі могуць пагаварыць пра жаночыя справы. Расказваем пра новы праект

«Я б рэкамэндавала не губляць сваіх»

— Якая грамадзкая актыўнасьць важная, эфэктыўная для беларусаў за мяжой?

— Як мне здаецца, для тых, хто зьехаў за межы Беларусі, асноўнай мэтай застаецца зразумець, а як ты можаш дапамагаць Беларусі, ня страчваць у сабе адчуваньня беларуса, не губляць сувязі з радзімай, зразумець, што ты можаш даць. Складана жыць у адной краіне і знаходзіцца думкамі ў іншай. Гэта заўсёды пра выбар і пра балянс. Я б рэкамэндавала не губляць сваіх.

— Ці бачыце вы падзел, унутраны канфлікт паміж прыхільнікамі перамен, якія зьехалі, і тымі, якія засталіся? Як гэта можна пераадолець?

— Я ня бачу канфлікту, бо гэта два розныя асяродзьдзі. Мы ў розных асяродзьдзях, у нас розныя абавязкі і розныя магчымасьці. Гэта не пра канфлікт, а проста пра розныя ўмовы. Да гэтага можна было гаварыць пра канфлікт людзей, якія жывуць у Менску, і людзей, якія жывуць у вёсцы на Гомельшчыне, бо гэта розныя асяродзьдзі.

— Якая ваша самая галоўная мэта і мара?

Ганна Краўчанка

— Галоўная мара — жыць у дэмакратычнай Беларусі, каб усё гэта ўрэшце скончылася. З пачаткам вайны дадалася яшчэ адна мара: каб скончылася вайна.