Рабаваньні і вываз людзей. Што адбываецца ў акупаваных раёнах Херсонскай вобласьці

Чэргі на выезд з акупаванага Херсону

Кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Яраслаў Янушэвіч заявіў, што Расея наўмысна стварае на акупаваных тэрыторыях Херсоншчыны гуманітарны крызіс.

«У Голай Прыстані Скадоўскага раёну з прычыны дзеяньняў расейскіх акупантаў людзі апынуліся ў крытычнай сытуацыі. Насельніцтва пазбавілі мэдычнай дапамогі — расейцы вывозяць аўтатранспарт, абсталяваньне і лекі з Цэнтральнай раённай лякарні, а будынкі зачыняюць. На ўвесь горад засталася толькі адна машына хуткай дапамогі», — паведаміў Яраслаў Янушэвіч у сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго слоў, мясцовыя жыхары, у тым ліку лекары, адмаўляюцца выконваць загады расейцаў аб эвакуацыі.

«Апроч таго, 4 лістапада ў горадзе спыніць працу мясцовы кірмаш, а на наступны дзень закрыюцца ўсе прадуктовыя крамы», — паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі.

Яраслаў Янушэвіч дадаў, што расейцы прымусова вывозяць пацыентаў Голапрыстанскага герыятрычнага пансіянату — тых, хто ня можа самастойна перасоўвацца, — у Генічаск, іншых — у часова акупаваны Крым.

«Выехаць на падкантрольныя Ўкраіне тэрыторыі ў цывільных грамадзян няма магчымасьці, бо атрымаць пропуск паводле патрабаваньняў расейцаў практычна немагчыма. Гэта чарговае злачынства расейскіх войскаў. Гэта штучна створаны гуманітарны крызіс, які ахоплівае большасьць акупаваных населеных пунктаў Херсоншчыны», — заявіў кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Яраслаў Янушэвіч.

Паводле яго слоў, у Херсоне расейцы рабуюць найбольшае прадпрыемства лёгкай прамысловасьці, на якім шылі форму для сілавых структур Украіны. У часе акупацыі праца гэтага прадпрыемства ня проста спынілася — расейцы на фурах вывозяць швейныя машыны, раскройныя сталы, вышывальныя машыны, офісную і кампутарную тэхніку і іншае абсталяваньне агульным коштам больш за 200 тысяч даляраў. Расейцы рабуюць таксама і пяць філіяў гэтага прадпрыемства, якія таксама засталіся на акупаванай тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы ўмацоўваюць пазыцыі ў чаканьні вырашальнага бою за Херсон. Украінцы зьнішчаюць расейскую тэхніку

Украінскі контранаступ запаволіўся


19 кастрычніка ўлады Ўкраіны паведамілі, што ў Херсонскай вобласьці ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі 90 населеных пунктаў. Але ўкраінскі наступ крыху запаволіўся.

На гэтым тле акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласьці 18 кастрычніка абвясьцілі аб пачатку перамяшчэньня жыхароў правабярэжжа Дняпра. Прычына, паводле іх, — наступ ўкраінскай арміі і абстрэлы з боку Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеці, музэйныя экспанаты, помнікі і абсталяваньне. У Херсоне расказалі, як расейцы рабуюць рэгіён

Пра магчымасьць здаць горад Херсон і ўсё правабярэжжа прадстаўнікі расейскіх уладаў наўпрост не казалі, аднак камандуючы расейскімі войскамі генэрал Сяргей Суравікін заявіў, што магчымыя «няпростыя рашэньні».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейскія войскі не зьбіраюцца адыходзіць з Херсону, а робяць інфармацыйную апэрацыю, каб Узброеныя сілы Ўкраіны перакінулі туды войскі зь іншых напрамкаў.

З Херсону зьехала расейская адміністрацыя, вывезьлі некалькі помнікаў расейскім і савецкім дзеячам і нават пахаваныя там парэшткі князя Пацёмкіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Херсонскай вобласьці акупацыйныя ўлады пашырылі зону вывазу мясцовых жыхароў, у тым ліку зь левага берага Дняпра

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.