Праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне ў Горадні дзяржслужачага з «Горадзенскага абласнога ўпраўленьня». У «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы, пісаў у чат-ботах, што хадзіў на акцыі пратэсту, а ў 2020 годзе галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую.
У Берасьці затрымалі сьвятара грэка-каталіцкай царквы і рэдактара газэты «Царква»
Перад пачаткам службы прыкладна ў 18.00 па беларускім часе ў царкву прыехалі сілавікі і затрымалі айца Ігара Кандрацьева, паведамляе «Белсат». Паводле інфармацыі выданьня, у 20.38 вечара сілавікі дагэтуль былі ў царкве. Прычыны ягонага затрыманьня пакуль не вядомыя.
У дні пратэстаў Ігар Кандрацьеў выходзіў на вуліцы, размаўляў зь дзяўчатамі і жанчынамі ў ланцугах салідарнасьці, суцяшаў іх і маліўся разам зь імі. У адным з інтэрвію айцец Ігар расказаў, што ў 2020 годзе патрабаваў ад старшыні гарвыканкаму пайсьці ў СІЗА і вызваліць затрыманых падчас пратэстаў, і пратэстоўцаў сапраўды выпусьцілі.
Таксама ў Берасьці затрыманы рэдактар газэты «Царква» Ігар Бараноўскі, паведамляе «Белсат».
«Царква» — беларуская рэлігійная культурна-асьветніцкая газэта, якая асьвятляе жыцьцё грэка-каталіцкіх супольнасьцяў у Беларусі і ў іншых краінах сьвету.
У Берасьці настаўніку гісторыі прысудзілі 3 гады калёніі па «справе Зельцара»
25 і 28 кастрычніка 2022 году ў Берасьцейскім абласным судзе разглядалі крымінальную справу ў дачыненьні да 37-гадовага Эдгара Шырко. Мужчыну абвінавачвалі па артыкуле 369 КК РБ (Абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 КК РБ (Распальваньне варожасьці). Судзьдзя Сяргей Беразюк, паведамляе «Вясна | Брэст».
Эдгар Шырко, мяркуючы па ягонай старонцы ва «Ўкантакце», пасьпеў папрацаваць журналістам баранавіцкага выданьня «Intex-Press» у 2015 годзе. Да таго выкладаў гісторыю і грамадазнаўства ў школах, працаваў бібліятэкарам. А яшчэ, мяркуючы па ягонай старонцы ў сацсетцы, мужчына ўважліва сачыў за навінамі ў краіне і рабіў шмат рэпостаў (са старонкі АГП, са старонкі «Плошча»).
Мужчыну затрымалі за камэнтар, пакінуты 28 верасьня пад навіной пра забойства айцішніка Зельцара і супрацоўніка КДБ Федасюка. Па вэрсіі абвінавачаньня, Эдгар у сацсетцы «Вконтакте» 28.09.2021 пакінуў камэнтар, які «зьневажае гонар і годнасьць пацярпелага [забітага супрацоўніка КДБ Федасюка]», таксама ў камэнтары знайшлі «выказваньні, арыентаваныя на нарошчваньне антыдзяржаўных настрояў, ухвалу і прапаганду гвалтоўнага супраціву сілавікам, узбуджэньне нянавісьці, сацыяльнай варожасьці да іх».
У выніку судзьдзя Беразюк прызнаў Эдгара Шырко вінаватым па абодвух артыкулах і прысудзіў сумарна 3 гады калёніі агульнага рэжыму і штраф памерам 3200 рублёў. Акрамя таго, судзьдзя пастанавіў канфіскаваць у даход дзяржавы ноўтбук разам з зарадным — «як сродак зьдзяйсьненьня злачынства».
Затрымлівалі трох выкладчыкаў ЭГУ, але адпусьцілі
Сёньня ў Беларусі затрымалі трох выкладчыкаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта, паведамляе «Вясна». Прозьвішчы затрыманых пакуль невядомыя, падрабязнасьці высьвятляюцца.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», усіх затрыманых пазьней адпусьцілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За акцыю салідарнасьці з Украінай на шасьцёх менчукоў завялі крымінальную справу. ФОТАЗьявіліся імёны затрыманых за вывешваньне ў Менску сьцягоў — украінскага і беларускага нацыянальнага
На пачатку кастрычніка на лініі электраперадач у Менску зьявіўся сьцяг, які складаўся зь бел-чырвона-белых і жоўта-блакітных колераў.
У панядзелак МУС паведаміла пра затрыманьне шасьці чалавек, якіх падазраюць у арганізацыі гэтай акцыі. Крымінальную справу завялі паводле артыкула «злоснае хуліганства». Тады ж паведамлялася, што затрыманым ад 34 да 36 гадоў.
Цяпер сталі вядомыя іх імёны. Адзін з затрыманых — прадпрымальнік Ігар Цяпцееў. Яго жонка, ратуючыся ад перасьледу, зьехала ў Польшчу. Сам Ігар зь дзецьмі пакуль заставаўся ў Менску. Яшчэ адзін затрыманы — галоўны спэцыяліст банку, начальнік аддзелу інфармацыйных тэхналёгій Віктар Грынько. Затрыманыя электрамэханік па ліфтах, бацька дваіх дзяцей Валер Балабешка, а таксама Юры Несьцярэнка, Уладзімер Савельеў, Ігар Цікач (у яго таксама двое дзяцей).
Раней сілавікі казалі, што ўсе затрыманыя ўжо траплялі ў поле іх увагі за пратэставыя маршы і вывешваньне сымболікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 31 кастрычніка: 3 гады ў «справе Зельцара»; музыкам Tor Band і праваабаронцы Лойцы па 15 содняўВядомую керамістку асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах
У Заводзкім раённым судзе Менску 2 лістапада асудзілі палітзьняволеную Натальлю Карнееву паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Справу разглядала судзьдзя Жанна Хвайніцкая.
Натальлю затрымалі 19 жніўня 2022 году. Ёй паставілі ў віну ўдзел у дзьвюх акцыях пратэсту ў 2020 годзе: 30 жніўня і 18 кастрычніка («Партызанскі марш»).
2 лістапада яе пакаралі тэрмінам 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпа («хатняя хімія»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпусьцілі на волю мужа керамісткі Натальлі Карнеевай, дачку якіх забралі ў прытулак