Пра тое, што мужа Натальлі вызвалілі, паведаміла ў Фэйсбуку псыхоляг Дар’я Альпэрн-Каткоўская.
Менскую керамістку Натальлю Карнееву затрымалі разам з мужам у пятніцу, 19 жніўня. Дзесяцігадовую дачку Натальлі Багдану адправілі ў прытулак.
Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», на Натальлю Карнееву завялі крымінальную справу па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), яе вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году.
Натальля Карнеева — мастачка, пэдагог, керамістка, досьвед працы больш за 13 гадоў. Яна праводзіла майстар-класы па лепцы з гліны.
Як стала вядома Свабодзе, Натальля мае і 18-гадовую дачку. Цяпер яна жыве ў свайго бацькі і пачала зьбіраць дакумэнты на апеку над малодшай сястрой. У дзяўчат розныя бацькі, і бабуляў і дзядуляў у малодшай дачкі няма. Дзяўчына бачылася з малодшай сястрой, у яе ўсё адносна добра.
Пазьней стала вядома, што апякунства над непаўналетняй дачкой Натальлі, якую забралі ў прытулак, пачала афармляць сваячка, якая мае жылплошчу і добры даход.
Праваабаронцы прызналі Натальлю Карнееву палітычнай зьняволенай.