«Прызнаньне Беларусі акупаванай краінай — гэта адбельваньне рэжыму Лукашэнкі», — экспэрт Вадзім Мажэйка

Сустрэча расейскіх вайскоўцаў у Беларусі. Кастрычнік 2022

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Вадзім Мажэйка тлумачыць, чаму крытычна ставіцца да ідэі прызнаць Беларусь акупаванай краінай, заяўляе, што замежная падтрымка — звычайная справа ў міжнародных адносінах, і разважае пра калектыўную і дзяржаўную адказнасьць.

Сьцісла:

  • «Не плаціць рэпарацыі» — так сабе прынцып для пабудовы палітычнай стратэгіі;
  • Ідэя здымаць зь сябе ўсялякую адказнасьць — гэта ня тое, што хацелася б чуць ад беларускіх палітыкаў;
  • Калі адмаўляесься ад таго, што рабілася ад імя тваёй краіны раней — гэта не выглядае адказным, не выклікае даверу;
  • Шмат якія ўрады ў многіх краінах абапіраюцца на вонкавую падтрымку;
  • На Захадзе пакуль ня бачаць ніякіх дакладных прыкметаў акупацыі Беларусі.


— Апошнія тыдні актыўна абмяркоўваецца ідэя звароту да міжнароднай супольнасьці з просьбай прызнаць тэрыторыю Беларусі часова акупаванай Расеяй. Але вы, наколькі разумею з вашых камэнтароў у прэсе, даволі крытычна ставіцеся да гэтай ідэі. Чаму?

— Мне падаецца, тут трэба кіравацца ня нейкім уласным жаданьнем як мага гучней абразіць лукашэнкаўскі рэжым, а найперш — прававымі прынцыпамі, міжнародным правам. А па-другое — разумець, навошта гэта робіцца. І я не знаходжу разумнага адказу ні па першым, ні па другім крытэры.

Аналітык Вадзім Мажэйка

Бо ёсьць відавочная розьніца паміж сёньняшняй Беларусьсю і, напрыклад, так званымі ДНР і ЛНР, якія цяпер захопленыя і далучаныя да Расеі. Туды прыяжджаюць расейскія чыноўнікі, якія фактычна кіруюць адміністрацыяй. Там улада абапіраецца толькі на вонкавую расейскую падтрымку. І ўсё гэта мае яўныя прыкметы акупацыі.

Нічога гэтага мы ня бачым у Беларусі. У лукашэнкаўскай сыстэме працуюць грамадзяне Беларусі; няма такога, каб масава зьмяніліся кадры, каб адбылося іх замяшчэньне кадрамі з Расеі.

Калі ж гаварыць пра эфэктыўнасьць, я не разумею, якога дакладна эфэкту хочуць дабіцца тыя, хто заклікае прызнаць Беларусь акупаванай краінай. Фактычна гэта проста адбельваньне рэжыму Лукашэнкі і зьняцьце зь яго адказнасьці. Бо тады рэжым Лукашэнкі — гэта проста выканальнік загадаў акупантаў, марыянэтка ў руках лялькаводаў з Крамля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Значная частка беларусаў з задавальненьнем глядзела, як праз нашу тэрыторыю ішлі расейцы на Ўкраіну». Гутарка з байцом палку «Пагоня»

— Я думаю, адна з мэтаў прызнаньня Беларусі акупаванай краінай наступная: у такім выпадку Беларусь ня будзе несьці адказнасьць за вайну Расеі супраць Украіны ў якасьці суагрэсара, ня будзе плаціць, напрыклад, рэпарацыі пасьля перамогі Ўкраіны ў вайне.

— Аргумэнт зразумелы, але, як на маю думку, дык «не плаціць рэпарацыі» — так сабе прынцып для пабудовы палітычнай стратэгіі. Маўляў, давайце будзем прымаць рашэньні так, каб нам было зручней. Мяне, напрыклад, ня надта радуе пэрспэктыва, каб я частку сваіх падаткаў аддаваў на рэпарацыі Ўкраіне. Але я, прынамсі, разумею лёгіку, у адпаведнасьці зь якой гэта можа адбыцца.

Жаданьне пазьбягаць адказнасьці за Беларусь — гэта кепскі прынцып для сур’ёзнай палітыкі. Тут важнае і пытаньне маральнай адказнасьці: вынесьці нейкія ўрокі зь цяперашняй сытуацыі вельмі важна. Бо ўсяму народу варта зразумець, што калі ў тваёй краіне да ўлады прыходзіць рэжым, які ў выніку бярэ ўдзел у агрэсіўнай вайне — то за гэта бывае адказнасьць. І прымаючы такую адказнасьць, магчыма, беларусы зробяць пэўныя высновы.

І калі зараз беларусы прымаюць рашэньне ўсяляк падтрымліваць Украіну, дапамагаюць матэрыяльна, працуюць валянтэрамі, зьбіраюць сродкі на машыны для беларускага войска — то гэта нейкі варыянт маральных рэпарацыяў. То бок мы прызнаем, што такую адказнасьць маем, і хочам Украіне дапамагчы. Ідэя здымаць зь сябе ўсялякую адказнасьць — гэта ня тое, што мне хацелася б бачыць ад беларускіх палітыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усьлед за ўвядзеньнем візаў для расейцаў Украіна можа ўвесьці візавы рэжым і зь Беларусьсю

— Гэта тая ж самая праблема калектыўнай адказнасьці. Калі, напрыклад, некаторыя ўкраінцы распаўсюджваюць нянавісьць на ўсіх беларусаў, не адрозьніваючы, хто зь іх на якім баку барыкад.

— Ёсьць пэўная адказнасьць кожнага грамадзяніна за тое, што робіць твая краіна. Тут пытаньне да ўсіх беларусаў: што мы рабілі ўвесь гэты час, да 2020 году, як да гэтага ставіліся? Калі праводзіць гістарычныя паралелі, то можна спытаць: чаму многія шараговыя немцы павінны несьці адказнасьць за гітлераўскі рэжым і плаціць рэпарацыі пасьля 1945 году? Гэта ня значыць, што кожны чалавек мусіць неяк пакутаваць, але гэта значыць, што беларуская дзяржава ў цэлым павінна несьці адказнасьць.

Адмовіцца ад усёй адказнасьці — гэта даволі сьлізкі шлях. Тады мы можам захацець адмовіцца ад усіх крэдытаў, якія брала Беларусь. Маўляў, іх браў рэжым Лукашэнкі, а ня мы. Так можна адмовіцца і ад усіх міжнародных пагадненьняў, якія падпісвала Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-пасол Украіны ў Менску Бясьсмертны: «Ня сам Лукашэнка адпоўз з вайной. Крэмль зьмяніў свае пляны»

— Бальшавікі ў свой час так і зрабілі: адмовіліся ад усіх крэдытаў, якія брала царская Расея. Дый сярод апанэнтаў Лукашэнкі гучаць думкі, што ўсё, што ён падпісаў пасьля 1996 году, калі ажыцьцявіў незаконны рэфэрэндум, можна лічыць нелегітымным.

— Бальшавікі — дакладна ня тыя, на каго я хацеў бы раўняцца. Пасьля распаду СССР новая Расея прызнала пазыкі ня толькі савецкія, але і царскія, бо (прынамсі, тады) хацела вярнуцца на цывілізаваны шлях. Бо калі ты заўсёды адмаўляесься ад таго, што рабілася ад імя тваёй краіны раней — гэта не выглядае адказным, не выклікае даверу.

Адваротны бок калектыўнай адказнасьці (калі людзі не прымаюць яе) — гэта калі ідзе адмаўленьне ад любой адказнасьці. Маўляў, усё гэта рабілі не беларусы, усё гэта рабіла кепская Масква. «Лукашэнка — агент Крамля, пратэсты ў 2020 годзе падаўлялі пераапранутыя расейскія сілавікі, а беларусы тут ні пры чым». І гэта зразумелы і вельмі просты наратыў.

Але часам вельмі непрыемна прызнаваць, што, на жаль, рэжым Лукашэнкі — гэта праекцыя пэўных імкненьняў, якія былі ў беларускім грамадзтве, за якія частка беларусаў прагаласавала, а потым значная частка не хацела нічога рабіць, каб гэта зьмяніць, — і толькі ў 2020 годзе большасьць беларусаў паказала, што яна за зьмены. І калі б у 2020 годзе пратэсты сапраўды былі б падаўлены расейскімі войскамі, якія б увайшлі ў Беларусь — тады можна было б сказаць, што Лукашэнка ўтрымаўся на расейскіх штыхах. Для гэтага было б значна больш аргумэнтаў. Аднак даводзіцца жыць з тым, што падаўлялі пратэсты таксама беларусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі: «Хутка вайна, нам патрэбны кіроўцы». Што адбываецца ў Беларусі на фоне магчымай мабілізацыі

— Падаўлялі, але пры фінансавай, ідэалягічнай, палітычнай ды іншай падтрымцы з боку Расеі. Тады хіба нельга параўнаць цяперашнія ўлады Беларусі з пэўнымі калябарацыянісцкімі ўрадамі падчас Другой сусьветнай вайны, якія фармальна былі незалежныя, але фактычна выконвалі загады акупантаў? Якое пярэчаньне ў вас выклікаюць такія параўнаньні?

— Я б сказаў, што шмат якія ўрады ў многіх краінах абапіраюцца на вонкавую падтрымку. Любы кіраўнік Беларусі будзе шукаць дыялёгу і з Расеяй, і з Эўропай. У нашым рэгіёне сёлета мелі месца два прыклады, як улады краінаў атрымлівалі вонкавую падтрымку. Гэта, з аднаго боку, прыклад Казахстану, які шмат у чым змог спыніць пратэсты дзякуючы ўводу кантынгенту АДКБ, які быў у значнай ступені сымбалічнай падтрымкай рэжыму прэзыдэнта Такаева. І бачым прыклад Украіны, якая шмат у чым трымаецца і мае посьпехі ў вайне дзякуючы менавіта фінансавай і вайсковай падтрымцы Захаду. Але ні Казахстан, ні Ўкраіну ніхто не назаве акупаванымі, нягледзячы на ўсю замежную падтрымку.

Зразумела, усё, што я кажу, не азначае, што ў Беларусі няма расейскага ўплыву. Безумоўна, рызыка ўмоўнага «Пуціна на танку» ўплывала на падзеі ў Беларусі даволі працяглы час. Але ўсё ж паміж рызыкай таго, што ў Беларусі будзе расейская акупацыйная адміністрацыя, і рэальным фактам наяўнасьці такой адміністрацыі — ёсьць розьніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітоляг Іван Крыстэў: «Для вялікай часткі Ўсходняй Эўропы гэта ўжо іх вайна»

— Чаму на гэтыя заклікі прызнаць Беларусь акупаванай краінай пакуль не адгукнулася ніводная заходняя дзяржава? Толькі ва Ўкраіне вакол гэтай тэмы адбываюцца пэўныя працэсы.

— Ва Ўкраіне, наколькі я разумею, вельмі розныя меркаваньні наконт гэтага, нейкай пасьлядоўнасьці я пакуль ня бачу. Украіна, прызнаючы Беларусь акупаванай, фактычна адбельвала б рэжым Лукашэнкі. Маўляў, менскі рэжым не нясе ніякай адказнасьці. Дарэчы, у такім выпадку Кіеў павінен быў бы разарваць дыпляматычныя адносіны з урадам Лукашэнкі і наладзіць дыпляматычныя адносіны з кабінэтам Ціханоўскай. Але пакуль такога і блізка няма.

Што тычыцца Захаду, то калі прызнаць Беларусь акупаванай, дык няма пра што размаўляць з Лукашэнкам, а трэба размаўляць толькі з Масквой і Пуціным. Пакуль выглядае, што на Захадзе, наадварот, бачаць магчымасьць размаўляць з Лукашэнкам па нейкіх асобных пытаньнях, як падчас міграцыйнага крызісу. Фактычна Польшча тады націснула на Лукашэнку тым, што прыгразіла цалкам спыніць любы транзыт грузаў праз тэрыторыю Беларусі. Гэта пагражала ў першую чаргу Беларусі, а не Маскве.

На Захадзе проста пакуль ня бачаць ніякіх дакладных прыкмет акупацыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Рады Ганчарэнка: Полк Каліноўскага, Ціханоўская і Аб’яднаны кабінэт зьяўляюцца для мяне легітымнымі прадстаўнікамі вольнай Беларусі