Вялізныя турэмныя тэрміны, прастрэленыя калені, звальненьні з працы. Што было беларусам, якія адкрыта падтрымалі Ўкраіну

Пратэст супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Менск 27 лютага

На шасьцёх менчукоў завялі справу па артыкуле «Злоснае хуліганства» за салідарнасьць з Украінай. Яны вывесілі нацыянальны бел-чырвона-белы і ўкраінскі сьцягі на лініі электраперадач у Маскоўскім раёне Менску. Акцыя адбылася ў дзень падрыву Керчанскага моста, які зьвязвае акупаваны Крым з Расеяй.

Некалькі тысяч беларусаў пратэставалі супраць вайны ва Ўкраіне напрыканцы лютага. Акцыі пратэсту жорстка разганялі, а ўдзельнікам давалі адміністрацыйныя арышты. Свабода паглядзела, як беларусы ўнутры Беларусі салідарызоўваліся цягам гэтых васьмі месяцаў вайны з Украінай і што ім за гэта было. Гэта толькі частка зь вялікага пераліку антываеннай і праўкраінскай актыўнасьці грамадзян Беларусі.

Сяргей Канавалаў (15 гадоў калёніі)

Супрацоўнік Беларускай чыгункі зь Віцебску. Затрыманы 6 сакавіка за падрыхтоўку «акту тэрарызму». Нібыта ён плянаваў сапсаваць сыстэмы, якія забясьпечваюць працу руху. Рух «рэйкавых партызанаў» зьявіўся ў Беларусі на пачатку сакавіка 2022 году і меў на мэце сарваць графікі перасоўваньня расейскіх войскаў і тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Справа Канавалава разглядалася за зачыненымі дзьвярыма. Прысуд — 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 300 базавых велічынь.

Віталь Мельнік (прастрэленыя калені)

Рэйкавы партызан, які ў сакавіку на перагоне Навасады — Барысаў нібыта падпаліў рэлейную шафу. Пры затрыманьні супраць Віталя выкарыстоўвалі зброю. Цяпер яму прад’явілі абвінавачаньні па артыкулах: акт тэрарызму, абраза Лукашэнкі, незаконнае набыцьцё зброі. Справу перадалі ў суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі пачаўся закрыты суд над сьветлагорскімі «рэйкавымі партызанамі». Што пра іх вядома

Сьветлагорскія рэйкавыя партызаны

28 лютага ў Сьветлагорскім раёне на адной са станцый падпалілі рэлейную шафу. Гэта магло прывесьці да зрыву графіку прыходу цягнікоў з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай. 4 сакавіка ў Сьветлагорску былі затрыманыя Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун і Алег Малчанаў. Іх абвінавачваюць па цэлым шэрагу артыкулаў — удзел у экстрэмісцкім фармаваньні, акт тэрарызму, здрада дзяржаве. Працэс над рэйкавымі партызанамі ідзе за зачыненымі дзьвярыма ў Гомельскім абласным судзе. Сьледчы камітэт перад гэтым распаўсюджваў заяву, што затрыманым можа пагражаць сьмяротнае пакараньне.

Сяргей Глебка (11 гадоў калёніі)

Жыхар Стоўпцаў у ноч на 2 сакавіка падпаліў бярвеньне на чыгунцы, каб перашкодзіць перамяшчэньню расейскай вайсковай тэхнікі. Пры затрыманьні яго моцна білі. ​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 «рэйкавых партызан» прызнаныя палітвязьнямі

Аляксей Шышкавец (11 гадоў калёніі)

Рэйкавы партызан з Асіповіч. З паведамленьняў прэс-службаў сілавых структур нават незразумела, ці пасьпеў ён штосьці зьдзейсьніць, ці толькі зьбіраўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вывучае замежныя мовы, мае хлопца са Львова. Што вядома пра Дануту Перадню, якую прызналі «тэрарысткай» і зьняволілі на 6,5 года

Данута Перадня (6,5 года калёніі)

Студэнтка з Кіраўску Магілёўскай вобласьці. Яе затрымалі 28 лютага за тое, што ў адным з чатаў зрабіла рэпост тэксту з крытыкай Пуціна і Лукашэнкі адносна вайны ва Ўкраіне. У гэтым тэксьце суд убачыў заклікі да выхадаў на вуліцу. Данута вучылася на рамана-германскай філялёгіі ў Магілёве. Дзяўчыну асудзілі за заклікі да прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.

Ільля Верамееў (6,5 года калёніі)

Гамельчука асудзілі за заклікі да пратэстаў супраць вайны. У СІЗА хлопцу споўнілася 19 гадоў. Ён марыў пераехаць ва Ўкраіну, дзе жыве частка ягонай сям’і.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці і Гомлі пачаліся першыя суды супраць беларусаў за «падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне»

Сяргей Вайцюк (2,5 года калёніі)

Першы беларус, які быў асуджаны за жаданьне далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў з палку імя Кастуся Каліноўскага. Агулам жа па аналягічным абвінавачаньні затрымалі больш за дзясятак грамадзян Беларусі.

Аляксандар Міронаў (2 гады калёніі)

Жыхара Жодзіна затрымалі ў дзень пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Міронаў у адным з чатаў пакінуў паведамленьне з запрашэньнем сабрацца з акцыяй пратэсту супраць вайны каля крамы Green. Асуджаны па артыкуле 342 КК «Дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», на два гады калёніі.

Аляксей Вячэрні (1 год і 9 месяцаў калёніі)

Грамадзянін Беларусі, ураджэнец Украіны. За антываенны верш у TikTok, дзе сілавікі пабачылі абразу Лукашэнкі, атрымаў 1 год і 9 месяцаў калёніі.

Павал Ларын (1,5 года калёніі)

24 лютага 2022 году ў тэлеграм-канале менскага мікрараёну «Малінаўка» пакінуў камэнтар пра тое, што думае пра «спэцыяльную ваенную апэрацыю» ва Ўкраіне. У хуткім часе Ларына затрымалі, судзілі па артыкулах за абразу Лукашэнкі і абразу прадстаўнікоў улады. Асуджаны на 1,5 года зьняволеньня. Ларын — шматдзетны бацька.

Людміла Рамановіч (1,5 года калёніі)

Актывістка Партыі БНФ з Маларыты напісала ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта, дзе выказалася супраць удзелу Беларусі ў вайне ва Ўкраіне. Жанчыну затрымалі за выкарыстаньне ў гэтым лісьце слова «ўзурпатар». Цяпер адбывае тэрмін у Гомельскай калёніі.

Барыс Кайзер (1 год і 3 месяцы калёніі)


Жыхара Рэчыцы затрымалі за відэа, якое выпадкова трапіла ў чат мясцовага мэтызнага заводу. На ім спадар Кайзер падчас сямейнага застольля прадракаў паразу Расеі ў вайне ва Ўкраіне, а таксама не найлепш адгукаўся пра дзейнасьць Лукашэнкі. Відэа ў агульны чат памылкова выклаў ягоны сын. Гэтага хапіла для крымінальнага перасьледу.

Юры Зарэцкі (3 месяцы арышту)

Жыхар Гомля нанёс на сьцены ў сваім горадзе некалькі графіці «Слава Ўкраіне» і «Пуцін — х...о». Маладзёна асудзілі за псаваньне будынкаў. А вось кобрынца Уладзімера Кавалёва таксама за графіці «Слава Ўкраіне» і «Сьмерць рашысцкім акупантам» асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабруйчаніна адправілі на «суткі» за жоўтыя і блакітныя лямпадкі. Каб яго знайсьці, здымалі адбіткі пальцаў

Вячаслаў Букас (15 сутак)

Мужчына ў жніўні прынёс жоўтую і блакітную лямпадкі да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій у Бабруйску. Яго ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў.

Аляксандар Баран (10 сутак)

Ксёндз з Лынтупаў 24 лютага разьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку выяву сьцяга Ўкраіны. Гэта прыраўнялі да пікетаваньня і асудзілі сьвятара на адміністрацыйны арышт. Гэта не адзінкавы выпадак, калі людзей каралі суткамі за выяву ўкраінскага сьцяга ў сацсетках.

Віцяблянін (грамадзкія працы)

Жыхару Віцебску (імя не называецца) прысудзілі 50 гадзін грамадзкіх працаў за тое, што падчас адпачынку на возеры без дазволу райвыканкаму гукнуў «Слава Ўкраіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бабруйску асудзілі настаўніцу, якая прыйшла ў школу з жоўтай і блакітнай стужкамі ў валасах

Ларыса Секяржыцкая (штраф, звальненьне з працы)

Настаўніца гісторыі з Бабруйску прыйшла ў школу са стужкай колераў сьцяга Ўкраіны. Яе затрымалі проста на месцы працы і аштрафавалі, а потым звольнілі са школы. Падобны выпадак здарыўся ў Гомлі, дзе за антываенныя выказваньні звольнілі настаўніцу расейскай мовы Аксану Чачоткіну.