Лідэр апазыцыі Біньямін Нэтаньягу, які ў мінулым неаднаразова займаў пасаду прэм’ер-міністра, разьлічвае зноў узначаліць урад. Яго правая кансэрватыўная партыя «Лікуд», паводле апошніх апытаньняў грамадзкай думкі, можа зноў стаць кіруючай сілай.
Няясна, аднак, ці будзе ў прыхільнікаў Нэтаньягу вырашальная колькасьць мандатаў. Для парлямэнцкай большасьці неабходна мінімум 61 месца, прыхільнікам экс-прэмʼера пакуль прагназуюць 60 месцаў са 120.
Усяго ў выбарах у аднапалатны Кнэсэт удзельнічаюць 40 партый, у 11 зь якіх, мяркуючы па апытаньнях, ёсьць шанцы набраць дастаткова галасоў, каб патрапіць у парлямэнт. Асноўным супернікам «Лікуду» лічыцца цэнтрысцкая партыя «Еш Атыд», якой кіруе цяперашні прэмʼер Яір Лапід.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: Расея перакінула ў Беларусь два рэактыўныя самалёты МіГ-31КУ панядзелак Лапід напісаў у твітары, што ізраільцяне заслугоўваюць «урад, які складаецца з сумленных і працавітых людзей».
У многім як і пасьля выбараў у мінулым годзе, фарміраваньне новага кабінэта можа заняць тыдні і нават месяцы. У Ізраілі, як адзначаюць агенцтвы, нават партыі з падобнага палітычнага сэктара часта ня могуць сфарміраваць альянсы. 73-гадовы Нэтаньягу раней ужо сутыкаўся з няўдалымі спробамі сабраць урадавую кааліцыю. У лягеры яго апанэнтаў зараз як левыя, так і правыя сілы, якія імкнуцца не дапусьціць вяртаньня ў крэсла лідэра «Лікуду». Апроч гэтага Біньямін Нэтаньягу застаецца пад сьледзтвам па абвінавачваньнях у карупцыі.
Адным з вырашальных фактараў падчас сёлетняга галасаваньня называюць яўку сярод арабскага насельніцтва, якое складае 20% ад агульнай колькасьці грамадзян прыкладна ў 9 мільёнаў 400 тысяч чалавек. Акрамя таго, у краіне рэзка павялічылася колькасьць выбарнікаў, якія рэпатрыяваліся з зоны вайны Расеі з Украінай, іх можа аказацца дастаткова, каб вырашыць лёс некалькіх месцаў у парлямэнце.
У чэрвені ў Ізраілі распалася васьміпартыйная кааліцыя, якая страціла большасьць, на чале з былым прэмʼерам Нафталі Бэнэтам. Яна праіснавала толькі год. Урад узначаліў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Лапід. Ён будзе заставацца ва ўладзе і да стварэньня новага кабінэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу «рэйкавага партызана», якому пры затрыманьні прастрэлілі калені, перадалі ў суд