У РНПЦ анкалёгіі абаранілі дысэртацыю па-беларуску. Ці рэдкая гэта зьява і наколькі распрацаваная ў беларускай мове мэдычная тэрміналёгія?

Ілюстрацыйнае фота.

Як часта мэдыкі абараняюць дысэртацыі па-беларуску.

Сайты Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава паведамляюць пра пасьпяховую абарону дысэртацыі на беларускай мове на здабыцьцё навуковай ступені кандыдата мэдычных навук.

І абарона, і паседжаньне навуковай рады прайшлі цалкам па-беларуску

Тэма дысэртацыі — «Лячэньне пацыентаў, хворых на рак нізкаампулярнага аддзелу кутніцы, з ужываньнем нэаад’ювантнай хіміяпрамянёвай тэрапіі». Яе аўтар — анколяг Антон Юдзін.

Як адзначаецца на сайце Інстытуту мовазнаўства, «адметнасьць гэтай падзеі заключаецца ня толькі ў высокай навуковай і практычнай вартасьці дасьледаваньня, але і ў тым, што праца выканана на беларускай мове».

Пасяджэньне навуковай рады па абароне таксама прайшло на беларускай мове. Па-беларуску вёў пасяджэньне старшыня, выступалі навуковы сакратар рады, навуковы кіраўнік, апанэнты.

У Інстытуце мовазнаўства падкрэсьліваюць, што «пасьпяховае выкарыстаньне нацыянальнай мовы ў згаданых навуковых працах — яскравае пацьвярджэньне таго, што беларуская мова зьяўляецца сучаснай мовай, здольнай ужывацца ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доктар гісторыі Алена Маркава: цьверджаньні, што ў 90-я гады мела месца гвалтоўная беларусізацыя, не адпавядаюць сапраўднасьці

Як часта мэдыкі абараняюць дысэртацыі па-беларуску

У мэдычнай сфэры беларускамоўныя дысэртацыйныя дасьледаваньні пакуль яшчэ рэдкая зьява, але цяперашняя дысэртацыя далёка ня першая. Згадаем некаторыя.

2002 год. У Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце прайшла абарона дысэртацыйнай працы малодшай навуковай супрацоўніцы Горадзенскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Аксаны Бараноўскай на тэму «Ўзьдзеяньне рэнтгенаўскага апраменьваньня на структуры скуры эктадэрмальнага паходжаньня і іх радыяпратэкцыя пантэнолам».

2016 год. Дзіцячы рэаніматоляг Андрэй Вітушка пасьпяхова абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Прагнастычныя фактары і прафіляктыка ўнутрышлуначкавых кровазьліцьцяў у неданошаных з масай цела менш за 1500 грам пры нараджэньні» (РНПЦ «Маці і дзіця»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навуковая рада ў Горадні аднагалосна прагаласавала за беларускамоўную дысэртацыю лекара

Наколькі распрацаваная мэдычная тэрміналёгія на беларускай мове


Паводле спэцыялістаў Інстытуту мовазнаўства, тэрміналягічная сыстэма, якую выкарыстоўваў анколяг Антон Юдзін у сваёй дысэртацыі, у поўным аб’ёме будзе ўключана ў тэрміналягічную базу сучаснай беларускай мовы і ў базу новага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы».

Варта адзначыць, што мэдычная тэрміналёгія на беларускай мове даволі добра распрацаваная. Выйшлі дзясяткі слоўнікаў і навуковых працаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чым унікальнасьць новага падручніка па беларускай мове для студэнтаў-мэдыкаў
  • З 1922 па 1930 год у Менску публікавалася кніжная сэрыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія», у якой былі надрукаваныя 16 тэрміналягічных слоўнікаў, у тым ліку па анатоміі, псыхалёгіі.
  • У 1925 годзе была створана Тэрміналягічная камісія па праблемах мэдычнай лексыкі. Першая праца — «Nomina Anatomica Alborutenica» (анатамічныя назвы ў трох тамах) — выдадзена ў 1926–1929 гадах. Затым распачалі працу над фізіялягічнай і інфэкцыйнай тэрміналёгіяй, але яна не была скончана. Рукапісныя матэрыялы захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусі.
  • У 1932 годзе пад рэдакцыяй прафэсара, загадчыка катэдры хірургіі мэдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Савелія Рубашовабыў выдадзены першы навучальны дапаможнік па хірургіі «Клінічная хірургія». У 1933 годзе загадчык катэдры ЛОР-хваробаў С.М. Бурак выдае дапаможнік «Склерома верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў», у 1934 годзе накладам 3000 асобнікаў «Хваробы вуха, носа, горла».
  • У 1932 і 1936 годзе фундамэнтальныя падручнікі гінэкалёгіі і акушэрства выдаў прафэсар Менскага мэдычнага інстытуту Максім Выдрын.
  • Пасьля 1938 году выданьне мэдычных падручнікаў і манаграфіяў па-беларуску прыпынілася, выдадзеныя раней трапілі ў «чорныя сьпісы».
  • Праца аднавілася толькі зь вяртаньнем беларускай мове статусу дзяржаўнай у 90-х гадах.
  • У трохтомных «Руска-беларускім слоўніку» пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы, які ўключаў больш за 5 тысяч тэрмінаў, мэдычных было толькі 70.
  • У 1993 годзе ў выдавецтве «Тэхналёгія» выйшаў «Кароткі расейска-беларускі фізіялягічны слоўнік».
  • У 1995 годзе ў тым жа выдавецтве выйшаў «Кароткі расійска-беларускі фармакалагічны слоўнік» (укладальнікі С.Прыхожы, А.Стасевіч, А.Юркін, А.Сітнік, І.Каваленка).
  • У 2001 годзе ў Горадні выйшаў «Руска-беларускі, беларуска-рускі слоўнік медыцынскіх тэрмінаў», укладальнік Віктар Варанец.
  • У 2005 годзе выйшаў электронны «Руска-беларускі слоўнік медыцынскіх тэрмінаў», які ўключаў больш за 5 тысяч тэрмінаў, зь якіх 2 тысячы — уласна беларускія (такія, як нырка, шаленства, сьцягно).
  • Даволі шмат дапаможнікаў выходзіць у мэдычных ВНУ краіны.
  • Прафэсар Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Аляксандар Арцішэўскі выдаў першы ў гісторыі беларускі падручнік гісталёгіі і эмбрыялёгіі, апублікаваў больш за 200 навуковых працаў, падрыхтаваў арыгінальныя альбомы для студэнтаў-мэдыкаў: «Гісталогія», «Эмбрыялогія», «Цыталогія».
  • У 2004 годзе Гомельскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт выдаў навучальны дапаможнік па беларускай мове для студэнтаў мэдычных ВНУ пад рэдакцыяй В.Кліменкі, дзе ёсьць разьдзелы: мэдычная тэрміналёгія, лексыка, стылістыка і нават крыжаванкі.
  • У 2010 годзе Гарадзенскія дзяржаўны мэдунівэрсытэт выдае дапаможнік «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» для студэнтаў лячэбнага, пэдыятрычнага, мэдыка-псыхалягiчнага, мэдыка-дыягнастычнага факультэтаў. Укладальнік — Віктар Варанец.
  • У 2016 годзе Віктар Варанец выпусьціў «Дыялектны слоўнік мэдыцынскіх тэрмінаў Беларусі».