У Бразыліі дзейны прэзыдэнт прайграў выбары былому кіраўніку дзяржавы

Лула да Сілва

На выбарах прэзыдэнта Бразыліі перамог былы прэзыдэнт Лула да Сілва.

Былы прэзыдэнт Бразыліі Луіш Інасію Лула да Сілва перамог у другім туры на выбарах кіраўніка дзяржавы дзейнага прэзыдэнта Жаіра Балсанару.

Вынікі прыводзяцца на сайце Вышэйшага выбарчага суду.

На момант публікацыі навіны былі падлічана 99 % галасоў. Лула да Сілва набраў 50,8 %. Балсанару — 49,2%. У абсалютных лічбах розьніца склала амаль два мільёны галасоў пры яўцы каля 80%.

Да моманту апрацоўкі дзьвюх трацін пратаколаў Балсанару перамагаў, аднак Лула да Сілва хутка скараціў адставаньне за кошт галасоў, пададзеных за яго ў паўночна-ўсходніх штатах і малых гарадах, якія традыцыйна галасуюць за левых кандыдатаў.

77-гадовы Лула да Сілва — заснавальнік левай Партыі працоўных, ён кіраваў Бразыліяй з 2003-га па 2011 год, двойчы перамогшы на выбарах прэзыдэнта пасьля трох няўдалых спроб у 1989, 1994 і 1998 гадах. У 2018 годзе ён быў асуджаны за карупцыю, што не дазволіла яму балятавацца на трэці тэрмін. Летась у сакавіку прысуд быў адменены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бразыліі затрыманы экс-прэзыдэнт Мішэль Тэмэр. Яго вінавацяць у карупцыі

У траўні ў інтэрвію часопісу Time палітык заявіў, што ня лічыць прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна адзіным вінаватым у вайне ва Ўкраіне. На яго думку, адказнасьць за канфлікт нясуць таксама ЗША і Эўразьвяз, і Кіеў.

«ЗША і Эўразьвяз павінны былі сказаць: Украіна не далучыцца да NATO, гэта вырашыла б праблему, — заявіў Лула да Сілва. — Часам я гляджу як прэзыдэнт Украіны [Уладзімір Зяленскі] выступае па тэлевізіі, заслугоўвае аплядысмэнты, сустракае авацыі [эўрапейскіх] парлямэнтароў, якія ўстаюць. Гэты хлопец адказны за вайну гэтак жа сама, як і Пуцін», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нарвэгіі затрымалі грамадзяніна Бразыліі. Паліцыя лічыць, што ён насамрэч расеец, які працуе на расейскую выведку