Аляксей (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) ад моманту затрыманьня міліцыяй у 2020 годзе пабываў у ізалятары часовага ўтрыманьня, у розных СІЗА, на «хіміі» і ў калёніі. У гутарцы са Свабодай ён расказаў, дзе лепш адбываць тэрмін, якія ахоўнікі — «проста зьвяры». Ён расказвае, як прайсьці ўсе выпрабаваньні і ня страціць чалавечай годнасьці.
«На Акрэсьціна мэтанакіравана зьневажаюць людзей і зьдзекуюцца зь іх»
Аляксей расказаў пра свой шлях у «палітыку». Ён кажа, што пасьля 2010 году страціў надзею на перамены, расчараваўся. «Я бачыў, што ня так і мала людзей падтрымліваюць Лукашэнку. У мяне не было жаданьня цярпець за іх, сядзець „суткі“ ці тэрмін. Навошта? Калі яны хочуць так жыць, то хай сабе. У 2020 годзе я пабачыў, што пачалі адбывацца тэктанічныя зьмены ў сьвядомасьці людзей», — кажа былы палітвязень.
Ён кажа, што ў 2020 годзе пабачыў «пакаленьне беларусаў, якія ня хочуць жыць у калгасным царстве». «Ноччу я трапіў пад Акрэсьціна і бачыў, як адтуль выходзілі моцна зьбітыя, аж сінія і фіялетавыя людзі. У мяне сэрца ёкнула: „За што іх білі? За што так моцна зьбілі маладых дзяўчат?“. Потым я даведаўся пра гісторыю са згвалтаваньнем ад аднаго з пацярпелых там. Ня буду казаць падрабязнасьцяў. Гэта для мяне быў яшчэ адзін званочак. Трэці званочак: на маім раёне неяк сустрэў знаёмых хлопцаў, якія ішлі на Пушкінскую і сказалі, што яны, здаровыя мужыкі, ня могуць сядзець дома, калі там б’юць дзяцей. Мы ўсе разам расьлі на раёне. У нас быў кодэкс паводзінаў. Мы не былі баязьліўцамі ў час маладосьці. Таму і ў гэты час мы выйшлі. Я маю адказнасьць перад сваім сынам. Я не хацеў бы, каб ён некалі сказаў: „Тата, чаму ты сядзеў склаўшы рукі і нічога не рабіў?“. Тое, што адбываецца — наша адказнасьць», — патлумачыў Аляксей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая амністыя — не для палітвязьняў. Чаканьні людзей ня спраўдзіліся», — кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэтуЁн быў затрыманы, трапіў на Акрэсьціна. Потым — на «Валадарку», у СІЗА ў Жодзіне. «Менавіта на Акрэсьціна самыя прымітыўныя асобы працуюць. Яны як зьвяры. Гатовыя выканаць любы загад. Яны мэтанакіравана і сьвядома прыніжаюць людзей, зьдзекуюцца зь іх. Мяне і на Акрэсьціна, і на Жодзіна прывезьлі моцна зьбітым. Але ніхто на гэта не зьвяртаў увагі», — дадаў Аляксей.
«У камэру першым заскочыў вялізны ратвэйлер, за ім — „рэзэрва“ з дубінкамі»
Пасьля Акрэсьціна Аляксей трапіў у СІЗА ў Жодзіне. «На Жодзіне я быў сьведкам, як дзьвюх дзяўчат „вынесьлі на прасьцінах“. Гэта значыць, што яны зрабілі самагубства. Бо ім далі па наркатычным артыкуле вялікія тэрміны. На Жодзіне я таксама быў сьведкам лякальнага бунту. Здаецца, ім, крымінальнікам, не давалі цыгарэт, і яны пачалі крычаць. Потым прыбегла „рэзэрва“ — такі спэцыяльны атрад вертухаяў, які „гасіць“ бунты, і пачалося. Яны ўскочылі ў камэру зь вялізным ратвэйлерам. Зэкі паскакалі на верхнія нары, каб ён іх не пакусаў. І „рэзэрва“ пачала іх моцна зьбіваць дубінкамі. Увесь калідор пачаў манатонна грукаць у дзьверы ў адказ на гэта. Прыйшоў нейкі падпалкоўнік, сказаў: „Вам што — рабіць няма чаго?“. І пасьля ўсё скончылася», — кажа Аляксей.
Ён кажа, што ахоўнікі ў СІЗА мала чым адрозьніваліся ад сваіх калег на Акрэсьціна. Але апошнія ўсё-такі «лідэры па зьдзеках».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Уладзіслаў Гуліс, асуджаны за надпіс «Не забудем» на Пушкінскай, выйшаў на волю«На „хіміі“ адмовіцца ад працы мы не маглі, лічыліся за рабоў»
Суд прызначыў Аляксею «хімію». Ён трапіў у адну з аддаленых вёсак Беларусі.
«Я ўбачыў там людзей, мясцовых вяскоўцаў, якім нічога ня трэба. Якім усё абыякава. Яны жывуць простым жыцьцём, зводзяць канцы з канцамі. Думаю, менавіта з такіх вёсак, з выміраючых рэгіёнаў, з гэтых тоненькіх ручайкоў яны ўліваюцца ў раку, якая ідзе ў сталіцу і фармуе там кагорты янычараў. Потым яны б’юць людзей, якія маглі б даць ім і іх дзецям шанец на нешта лепшае», — кажа былы палітвязень.
Ён вымушаны быў працаваць на фэрме. Кажа, што працаваў дрэнна, бо ня меў ніякага стымулу.
«Проста зь мяне дрэнны раб. Я не магу працаваць пад прымусам. Мне казалі: „Ідзі мяці налева“, Я мёў направа. Калгасы там разьлічваюць, што сыстэма будзе пастаўляць ім рабоў, „хімікаў“», — кажа Аляксей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі, трэці ў гісторыі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за кратаміЁн меў спагнаньні і канфлікты з адміністрацыяй «хіміі» і сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Адно з спагнаньняў было за тое, што «марудна рухаўся зь вядром са сьмецьцем». «Таксама мяне хацелі падставіць. Прасілі аднаго хлопца, які сядзеў за наркотыкі, каб ён мяне абгаварыў, сказаў, што я яго схіляў да „экстрэмізму“. Але ён гэтага не зрабіў. Я лічу гэта подзьвігам зь ягонага боку ў нашы часы», — дадаў былы палітвязень.
У выніку ён трапіў на этап у СІЗА ў Берасьці. «Там тры ярусы ложкаў, кароткі стол. Ляжаць і сядзець нельга было днём. Нават прысесьці нельга было, адпраўлялі адразу на карцар ці штрафны ізалятар. Я лічу, што гэта катаваньні. Калі чалавек 16 гадзін у суткі ня можа нават прысесьці, ён ходзіць і ходзіць. Проста бязглуздыя катаваньні», — кажа Аляксей.
«Некаторыя людзі нават не разумеюць, за што яны трапілі ў турму»
За час зьняволеньня Аляксей перазнаёміўся з рознымі людзьмі. «Цяпер у асноўным у СІЗА сядзяць „камэнтатары“. Гэта людзі, якія недзе нешта напісалі ў сацыяльных сетках. Іх вялікі адсотак. Некаторыя нават не разумеюць, за што. Напрыклад, чалавек з аднаго з райцэнтраў прыйшоў дахаты пʼяны, нешта напісаў у „Аднаклясьніках“. Ранкам да яго пагрукала міліцыя. Такіх вельмі шмат. Нехта сьвядома пісаў, нехта проста па пʼянцы. Я чытаў справу аднаго „камэнтатара“, і ў мяне быў гамэрычны рогат. Ён напісаў камэнтар на сьмерць Зельцара, і гэта сьледзтва расцаніла як „злачынства супраць чалавецтва“. Я кажу: „Ды проста Люцыфэр, увасабленьне зла! І пінгвін у Арктыцы, і індзеец на Амазонцы проста ў жаху ад твайго ўчынку!“. Сустракаў і такога затрыманага „камэнтатара“, які пісаў камэнтары пасьля таго, як апынуўся ў СІЗА. Проста міліцыянты атрымалі доступ да яго тэлефона і напісалі ад яго камэнтары. І гэта не адзінкавы выпадак», — кажа Аляксей.
«У Шклове могуць зьбіць чалавека і адразу кінуць у карцар, каб сінякі сышлі»
Аляксей таксама пабываў у калёніі ў Шклове. «Там людзей могуць зьбіць без прычыны. Зьбіваюць і потым кідаюць у карцар, каб сінякі сышлі. Асаблівых прычын для таго, каб зьбіць чалавека, ім ня трэба. Сьмерць Вітольда Ашурка — не адзіная ў калёніі. Проста па іншых выпадках гібелі не было рэзанансу, бо яны не былі палітычнымі», — кажа былы зьняволены.
Парушэньні вязьні могуць атрымаць на роўным месцы, асабліва палітычныя.
«Напрыклад, з надыходам халадоў вязьні былі ў пальчатках. Увесь шэраг. Але чалавек з адміністрацыі выпісвае парушэньне за пальчаткі толькі палітычнаму. Іншыя яго не цікавяць. Усе мусяць хадзіць у такіх тонкіх „кліфтах“. Забойцам ці рабаўнікам можна пад той кліфт надзець швэдар, калі холадна. Палітычным нельга. Яшчэ адна прычына спагнаньняў — вопіс рэчаў. Ты мусіш яго весьці і апісаць усё, да кожнай цыгарэты. Напрыклад, у мяне была гарбата. Колькі там грамаў? Няправільна адказаў на пытаньне вертухая, бо ў мяне ж няма шаляў, і атрымаў спагнаньне», — кажа Аляксей.
Пры «шмоне» у яго пакалолі мыла на дробныя кавалкі. Тыя кавалкі ён мусіў дакладна палічыць і ўнесьці ў вопіс.
«Ніякіх блатных „паняцьцяў“ на зоне няма, рэй вядуць вертухаі»
Аляксей лічыць, што цяпер у калёніі крымінальных «паняцьцяў» зусім няма.
«Усім руляць міліцыянты праз „казлоў“. Гэта такая катэгорыя зэкаў, якія падпарадкоўваюцца адміністрацыі і выконваюць любыя загады. Яшчэ адміністрацыя сочыць за перадачамі, пасылкамі. І калі бачыць, што чалавека добра падтрымліваюць блізкія — перадаюць вэнджаную кілбасу, розныя прысмакі, то яны пачынаюць „стрыгчы“ яго, патрабуюць грошы. На рамонт калёніі, на фарбу, на лядоўню ці пральную машыну, ды на што магчыма. У палітычных грошы на гэта нельга браць, нават калі б самі прапанавалі», — кажа былы вязень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Сацука, які пісаў пра карупцыю і спрачаўся з Лукашэнкам, асудзілі на 8 гадоў калёнііАляксей кажа, што калі ў чалавека сьціплыя перадачы з волі, ці ён адмаўляцца даваць грошы адміністрацыі — «яго могуць палічыць годным стаць «казлом». «Тады чалавека пачынаюць ламаць, пішуць парушэньні, адпраўляюць на „крытую турму“. Менавіта там цяпер „школа для казлоў“. Потым тыя „казлы“ выконваюць любыя загады адміністрацыі. На загад адміністрацыі могуць прыніжаць чалавека ці наогул зрабіць яго „апушчаным“. Канечне, асаблівае стаўленьне — да палітычных. „Казлы“ сачылі за тым, каб мы швабры проста з рук не выпускалі. Так разьмяркоўвалі дзяжурства, каб толькі палітычныя прыбіралі. Шмат людзей яны зламалі, шмат гора нарабілі», — кажа Аляксей.
«Нічога не гаварыць, толькі слухаць, азірацца, з крымінальнікамі не тусавацца»
Аляксей кажа, што на «зоне» магчыма захаваць сябе і сваю годнасьць, і дае некаторыя парады.
«Калі толькі трапляеш на „зону“, трэба ўважліва глядзець вакол, нічога не гаварыць, толькі слухаць. Азірацца, разумець, з кім можна размаўляць, з кім — не. Ня лезьці ў канфлікт. Ня раю тусавацца з крымінальнікамі. Яны іншыя. Мы для іх чужыя. Яны нас не разумеюць. Яны могуць падмануць, здаць. Лепш мець зносіны толькі з сабе падобнымі», — кажа былы зьняволены.
Ён дадаў, што палітычныя дапамагалі адзін аднаму, падтрымлівалі, дзяліліся перадачамі.
«Зь цягам часу трэба прымкнуць да нейкай групы, тады лягчэй будзе ставіць некага на месца. Мы былі ў стане абараніць сваю групу ад некаторых агрэсіўных прадстаўнікоў крымінальнага сьвету», — кажа Аляксей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забірайце паўнамоцтвы»: Як Лукашэнка два гады абяцаў падзяліцца ўладай, але не падзяліўсяКалі крымінальнікі могуць паміж сабой абмяркоўваць што заўгодна, то палітычным гэта нельга. «Калі адміністрацыя ўбачыць, што „жоўтабірачнікі“ (так называюць палітычных. — РС) недзе нешта абмяркоўваюць, шэпчуцца, — тут жа пойдуць у карцар», — кажа Аляксей.
Ён дадаў, што цяпер, калі яго «перакруцілі праз гэтую машыну», ён будзе помсьціць. «Я не зьбіраюся складаць рукі і прабачаць людзям, якія зрабілі з нашай краіны рэінкарнацыю Гулагу. Калі мы ім ня зломім крылы — яны, як вампіры, будуць зноў і зноў падымацца з магіл. Я не адзін такі, хто ўжо выйшаў. Нас нават ня дзесяць і ня сто. Нас усё больш і больш. І пасьля тых катаваньняў нам нічога ня страшна», — дадаў былы палітвязень.