Хрэнін: відавочнай пагрозы стварэньня наступальных груповак мы пакуль ня бачым

Віктар Хрэнін

На сёньня яўнай пагрозы стварэньня наступальных груповак пакуль не назіраецца. Пра гэта заявіў міністар абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з працоўнымі калектывамі Гомельскай вобласьці, паведамляе БЕЛТА.

Віктар Хрэнін сказаў, што ваенна-палітычная абстаноўка няпростая. «Яна разьвіваецца пад уплывам беспрэцэдэнтнага геапалітычнага супрацьстаяньня паміж Расейскай Фэдэрацыяй і так званым калектыўным Захадам на чале з ЗША», — патлумачыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Беларусі загаварылі аб «прымяненьні комплексу прэвэнтыўных мер стратэгічнага стрымліваньня»

Паводле міністра, пад выглядам барацьбы з міграцыйным крызісам у Польшчы, ля самай мяжы зь Беларусьсю, былі сканцэнтраваныя сілы і сродкі трох з чатырох буйных польскіх сухапутных злучэньняў. «Адначасова з боку Ўкраіны пад выглядам вучэньняў, на якіх Беларусь была пазначаная як праціўнік, таксама ішло нарошчваньне войскаў. Практычна Захад адкрыта дэманстраваў гатоўнасьць разьвязаць агрэсію супраць Беларусі. І цалкам заканамерна, што гэтая напружанасьць перайшла ў гарачую фазу», — адзначыў Хрэнін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Мабілізацыі ў Беларусі няма, адпрацоўваецца сыстэма апавяшчэньня

«Трэба аб’яднацца ўсяму грамадзтву. І, як сказаў кіраўнік дзяржавы, кожны павінен займацца сваёй справай. Нам, людзям у пагонах, прэзыдэнтам пастаўленая дакладная і зразумелая задача — не дапусьціць разьвязваньня агрэсіі на тэрыторыі нашай дзяржавы. І мы ўжываем усе існуючыя формы і спосабы, перш за ўсё прэвэнтыўнага недапушчэньня разьвязваньня агрэсіі. І гэтую задачу мы будзем выконваць, чаго б нам гэта ні каштавала», — запэўніў міністар.

«Нягледзячы на пэўную трывожнасьць, хачу падкрэсьліць: на сёньня відавочнай пагрозы стварэньня наступальных груповак мы пакуль ня бачым. Але мы гэта ўсё вельмі ўважліва адсочваем і рэагуем», — сказаў Хрэнін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат Польшчы прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні рэжыму ў Расеі тэрарыстычным