Былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны ў інтэрвію Свабодзе назваў нежаданьне афіцыйнага Кіева ісьці на прамы кантакт з Офісам Ціханоўскай «калясальнай памылкай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы пасол Украіны ў Менску: «Нежаданьне каманды Зяленскага працаваць зь Ціханоўскай і яе ўрадам — калясальная памылка»Але ўкраінскі кірунак зьяўляецца вельмі важным у палітыцы, якую спрабуе праводзіць Аб'яднаны пераходны кабінэт. У 2021-м у Ціханоўскай было шмат сустрэч з украінскімі палітыкамі рознага ўзроўню, працягнуліся яны і сёлета.
Нефармальна Святлана Ціханоўская і Ўладзімір Зяленскі перасякаліся на «Канфэрэнцыі рэформаў» у Вільні ў ліпені 2021 году, яшчэ да поўнамаштабнага расейскага ўварваньня. Вядома, што Ціханоўская падыходзіла да Зяленскага і падзякавала таму за «падтрымку беларускага народу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня камітэту Вярхоўнай Рады выказаў меркаваньне, чаму Кіеў ня хоча прызнаваць Аб'яднаны пераходны кабінэт. Што ня так у яго заявеПадчас цырымоніі ў гонар прыезду Джо Байдэна ў Варшаве яна пазнаёмілася зь міністрам абароны Ўкраіны Аляксеем Рэзьнікавым.
З папярэднім прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам Ціханоўская сустракалася на форуме ў Ратэрдаме. У жніўні 2020-га, празь некалькі дзён пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта Беларусі, Парашэнка, гаворачы пра санкцыі, казаў, што яны павінны быць дарэчы, і папярэджваў: «Важна, каб сьвет не загнаў Беларусь у Расею».
Міністар Дзьмітро Кулеба ў 2021-м арганізаваў онлайн-сустрэчу са Сьвятланай Ціханоўскай у фармаце Люблінскага трохкутніка. Ён неаднаразова выказваўся за тое, што Ўкраіна непасрэдна зацікаўленая ў тым, каб Беларусь разьвівалася як дэмакратычная дзяржава, без дыктатуры і расейскіх уплываў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны: Люблінскі трохкутнік для Беларусі — рэальная альтэрнатыва на будучынюЦіханоўская двойчы сустракалася з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны, групай сяброў дэмакратычнай Беларусі ў фармаце онлайн, у 2021-м і 2022-м гг. Таксама сустракалася з дэпутатамі Вярхоўнай Рады некалькі разоў на міжнародных канфэрэнцыях, у тым ліку на Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кавалеўскі: Сустрэча Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Зяленскім застаецца прыярытэтамСьпікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук, а таксама намесьніца міністра замежных справаў Украіны двойчы бралі ўдзел у Канфэрэнцыі Каліноўскага, суарганізатарам якой зьяўляецца Офіс Ціханоўскай. Ціханоўская адкрывала канфэрэнцыю разам са Стэфанчуком.
У верасьні 2021 году прайшла сустрэча з мэрам Львова Андрэем Садовым, дзе той паабяцаў адкрыць пляцоўку для беларускіх журналістаў.
У пачатку кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская брала ўдзел у панэльнай дыскусіі разам з намесьніцай прэм’ера Украіны Вольгай Стэфанішынай, асобна адбілася панэльная дыскусія на тэму Беларусі з дэпутаткай Аляксандрай Усьцінавай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што апанэнты Лукашэнкі могуць прапанаваць Украіне? Кавалеўскі расказаў, пра што гутарыў з украінскімі ўладаміКаманда Сьвятланы Ціханоўскай, як адзначала яе прэс-служба, падтрымлівае кантакт зь Міністэрствам замежных справаў Украіны, офісамі прэзыдэнта і амбудсмэна, а таксама зь міграцыйнай службай.
Разам з амбасадаркай Украіны ў ЗША Аксанай Маркаравай Ціханоўская ў ліпені 2021 брала ўдзел у шэрагу сустрэч і імпрэзаў у Вашынгтоне, ускладала кветкі да мэмарыялу пра Галадамор. Таксама адбыліся сустрэчы з пасламі Ўкраіны ў Літве, Польшчы, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і многіх іншых дзяржавах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка зробіць тое, што загадае Пуцін, але...» Палітоляг Вусаў пра сутнасьць гульні Ўкраіны зь МенскамХто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам