Mercedes-Benz прадае свае актывы ў Расеі і пакідае яе рынак

Аўтамабіль фірмы Mercedes-Benz

Нямецкі аўтаканцэрн Mercedes сыходзіць з расейскага рынку — прадае падмаскоўны завод і маёмасьць расейскаму дылеру.

Пра гэта паведамляюць расейскія СМІ са спасылкай на афіцыйную заяву кампаніі, суразмоўцы на рынку.

«Mercedes-Benz мае намер пакінуць расейскі рынак і прадаць свае долі ў мясцовых даччыных кампаніях (ААТ „Мэрсэдэс-Бэнц РУС“, ТАА „Мэрсэдэс-Бэнц Мануфэкчурынг Рус“, ТАА „Мэрсэдэс-Бэнц Файнэшнл Сэрвісіз Рус“, ТАА „Мэрсэдэс-Бэнц“, „Бэнц Банк Рус“, ТАА „Мэрсэдэс-Бэнц Капітал Рус“) мясцоваму інвестару», — гаворыцца ў паведамленьні аўтаканцэрну.

Актывы нямецкай кампаніі купіць група «Аўтадом», якая спэцыялізуецца на продажы і абслугоўваньні аўтамабіляў прэміум-клясы і люкс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі прыпынілі продаж папулярнай мадэлі «Шкоды». У дылера адказалі, ці зьвязана гэта з палітыкай

Mercedes — ужо трэці вытворца аўтамабіляў у сэгмэнце легкавых аўтамабіляў, які абвясьціў пра сыход з Расеі. Да гэтага Renault і Nissan прадалі свае актывы і пакінулі Расею, таксама ў краіне закрыўся завод Toyota.

Пастаўкі аўтамабіляў коштам звыш 50 тысяч эўра з ЭЗ і ўсіх аўтамабіляў з ЗША ў Расею забароненыя санкцыямі заходніх краін. Акрамя таго, санкцыі робяць немагчымымі пастаўкі ў Расею камплектацыі да аўтамабіляў.

Актывы ў РФ на канец 2021 году Mercedes ацэньваў у 2 мільярды эўра. Завод Mercedes-Benz магутнасьцю 25 тысяч аўтамабіляў у год запусьцілі ў падмаскоўным Есіпава ў 2019 годзе.

Продажы аўтамабіляў Mercedes-Benz у Расею па выніках дзевяці месяцаў 2022 году зьнізіліся на 73%, да 9,1 тыс. адзінак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зрабілі электракар за 25 тысяч даляраў. Гэта даражэй, чым новы Volkswagen у Літве