Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прыпынілі продаж папулярнай мадэлі «Шкоды». У дылера адказалі, ці зьвязана гэта з палітыкай


Пікет беларусаў Чэхіі каля сядзібы заводу Škoda, Млада Балеслаў, студзень 2021 году.
Пікет беларусаў Чэхіі каля сядзібы заводу Škoda, Млада Балеслаў, студзень 2021 году.

Канцэрн Škoda заклікаў перанесьці хакейны чэмпіянат сьвету зь Менску, што і здарылася.


З 11 сакавіка ў Беларусі спыненыя продажы новых аўтамабіляў Škoda Rapid. Беларускі дылер аўтаканцэрну паведамляе, што прычына — прадпісаньне Дзяржстандарту:

«У сувязі з загадам Дзяржстандарту пра неабходнасьць удакладненьня фармулёвак у АТТС („Адабрэньні тыпу транспартнага сродку“) Škoda Rapid рэалізацыя гэтай мадэлі ў дылерскай сетцы Škoda ў Беларусі прыпыняецца з 11 сакавіка 2021 году».

Іншыя мадэлі «Шкоды» ў Беларусі прадаюцца.

«Рапід» — танная і папулярная ў Беларусі мадэль «Шкоды». Новы аўтамабіль каштаваў 12 тысяч даляраў. З усёй лінейкі машын «Шкоды» Rapid прадаецца найлепш. Па выніках 2020 году ў Беларусі было рэалізавана 2069 такіх машын.

Імпартэр: паўсталі прэтэнзіі ад беларускага Дзяржстандарту

Tut.by зьвярнуўся па камэнтар да імпартэра. Там пацьвердзілі, што паўсталі прэтэнзіі ад беларускага Дзяржстандарту, але паколькі сэртыфікацыяй і выдачай ухваленьня займаецца «Росстандарт», то цяпер кампанія накіравала інфармацыю туды.

«Сытуацыя простая. У нас узялі на выпрабаваньне машыну і пасьля гэтага запатрабавалі ўдакладненьня фармулёвак у АТТС. Мы ўжо адправілі гэты запыт у Расею. У Мытным саюзе функцыянуе адзіны цэнтар сэртыфікацыі аўтамабіляў — гэта «Росстандарт», зь якім узаемадзейнічае расейскі імпартэр. Такім чынам, цяпер мы чакаем тлумачэньняў ад іх», — сказалі парталу Onliner прадстаўнікі беларускага імпартэра Škoda.

Многія зьвязалі прыпыненьне продажаў Rapid з тым, што Škoda адмовілася спансаваць ЧС у хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі. Але ў дылерскай кампаніі ня лічаць, што гэтыя падзеі ўзаемазьвязаныя:

«Цяпер праходзіць вялікая колькасьць праверак, якія ня толькі нас тычацца. Мы ня зьвязваем пытаньне да Rapid з палітыкай. Астатнія мадэлі Škoda працягваюць прадавацца. У тым ліку расейскай зборкі. Як толькі мы атрымаем удакладненьне фармулёўкі АТТС для Rapid і адновім продажы гэтай мадэлі, мы паведамім асобна».

Дзяржстандарт: выявілі шэраг неадпаведнасьцяў у дакумэнтах

У Дзяржстандарце патлумачылі, што ў выніку праверак выявілі шэраг неадпаведнасьцяў у дачыненьні да мадэлі ŠKODA RAPID: так, у дакумэнце аб ацэнцы адпаведнасьці («адабрэньне тыпу транспартнага сродку», АТТС) указвалася, што аўтамабіль выпрабоўваўся з сыстэмай дапаможнага тармажэньня (BAS), а насамрэч аўто рэалізуецца безь яе. Таксама на машыне ўсталяваныя фары дзённага сьвятла, адрозныя ад указаных у АТТС. Выявіліся разыходжаньні ў зьвестках пра колькасьць дзьвярэй, экалягічны кляс, у іншых паказьніках. Таму ў дачыненьні да мадэлі ўвялі абмежавальныя захады, пакуль выяўленыя неадпаведнасьці не ліквідуюць.

Аўтаканцэрн «Шкода» некалькі месяцаў таму заклікаў перанесьці чэмпіянат сьвету ў хакеі зь Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG