Першага лістапада ў Менску пачаўся суд над кіраўніком Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым, лідэркай менскай арганізацыі АГП Аксанай Аляксеевай і юрысткай, праваабаронцай Антанінай Кавалёвай.
Судзьдзя — Анастасія Кулік.
Кіраўнік партыі Мікалай Казлоў, Аксана Аляксеева і Антаніна Кавалёва былі затрыманыя 27 ліпеня, яны знаходзяцца ў СІЗА № 1. Ім выставілі абвінавачаньні ў «актыўным удзеле ў дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак».
Мікалай Казлоў адзначыў, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць, бо гэта сумесь «дзіўнай лёгікі і нястрымнай фантазіі». На пытаньне суду, ці прызнае сваю віну, ён адказаў: «Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым». Кавалёва прызнала сваю віну часткова, Аляксеева — цалкам.
АГП — адна з найстарэйшых апазыцыйных партый Беларусі, існуе з 1995 году.
Днямі тром іншым актывістам АГП прысудзілі да трох гадоў калёніі за ўдзел у пратэстах 2020 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуд траім сябрам АГП: тры і два гады калёніі за ўдзел у маршы пратэсту 23 жніўня 2020-га ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуд траім сябрам АГП: тры і два гады калёніі за ўдзел у маршы пратэсту 23 жніўня 2020-гаХто такі Мікалай Казлоў
- Старшыня АГП Мікалай Казлоў нарадзіўся ў 1967 годзе ў Валожыне, рабіў вайсковую кар’еру, але пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся ў міліцыю. Працаваў старшым упаўнаважаным УУС Цэнтральнага раёну Менску.
- Шлях у палітыку для Мікалая Казлова пачаўся, калі ён, несучы службу на выбарчым участку падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе, заўважыў, як члены выбарчай камісіі падкінулі ў выбарчую скрыню стос бюлетэняў. Казлоў напісаў пра гэта рапарт кіраўніцтву, але тое «не заўважыла» ягонага рапарту, тады ён зрабіў заяву для незалежнай прэсы. Неўзабаве яго прымусілі выйсьці ў запас.
- У Аб’яднаную грамадзянскую партыю ўступіў у 2012 годзе, у 2016-м абраны намесьнікам старшыні партыі. У 2020 годзе абраны старшынём АГП.
- Падчас выбараў 2020 году ўвайшоў у Каардынацыйную раду, стварэньне якой ініцыявала Сьвятлана Ціханоўская. Супраць Каардынацыйнай рады Генэральная пракуратура завяла справу паводле артыкулаў «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы».
- 21 сьнежня 2020 году Генпракуратура завяла справу на сяброў Каардынацыйнай рады паводле артыкулаў «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» і «Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
- Мікалай Казлоў праходзіў сьведкам у справе Каардынацыйнай рады і адмовіўся даць сьледчаму падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. За гэта быў асуджаны на 15 сутак.
- 6 жніўня 2021 году быў асуджаны на 3 месяцы за разгалошваньне зьвестак аб крымінальнай справе, адбыў пакараньне з 28 сьнежня 2021 да 26 сакавіка 2022 году ў СІЗА-6.
- Быў ізноў затрыманы 27 ліпеня 2022 году, супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Максымальны тэрмін па гэтым артыкуле — 4 гады пазбаўленьня волі.
- Затрымалі Мікалая Казлова ў Нясьвіжы.
Хто такая Антаніна Кавалёва
- Антаніна Кавалёва нарадзілася ў 1959 годзе, юрыст, праваабаронца, сябра АГП. Была пасьпяховым прыватным натарыюсам. Але ў 1998 годзе Аляксандар Лукашэнка выдаў указ, якім абавязаў прыватных натарыюсаў «вярнуць у дзяржбюджэт незаконна атрыманую дзяржпошліну», зьмяніўшы праз гэта «задняй датай» умовы працы прыватных натарыюсаў.
- Каля 20 тысяч даляраў на той момант аказалася вінаватая дзяржаве Антаніна Кавалёва, і яна прыняла рашэньне спыніць дзейнасьць.
- Працяглы час Антаніна Кавалёва змагалася за правы ўсіх прыватных натарыюсаў, заяўляючы хадайніцтва аб спыненьні вядзеньня сваёй справы, каб урэшце Канстытуцыйны суд разгледзеў указ Лукашэнкі на адпаведнасьць нормам Канстытуцыі.
- Адмову суду Антаніна Кавалёва расцаніла як абмежаваньне яе права на абарону.
- У 2002 годзе Антаніна Кавалёва далучылася да Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Узначальвала камісію прававых пытаньняў Нацыянальнага камітэту АГП, была намесьніцай старшыні партыі.
- «Я заўсёды лічыла сабе больш дысыдэнтам, чым палітыкам, бо для мяне маральная пазыцыя важнейшая за палітычную мэтазгоднасьць. АГП як лібэральная партыя ставіць правы і свабоды чалавека вышэй за інтарэсы дзяржавы. Гэта запісана ў Статуце партыі і супадае з маёй пазыцыяй як грамадзянкі і юрыста», — заяўляла яна.
- Антаніна Кавалёва была затрымана разам з кіраўніцтвам партыі 27 ліпеня 2022 году, знаходзіцца ў СІЗА №1 Менску, абвінавачваецца паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Хто такая Аксана Аляксеева
- Аксана Аляксеева нарадзілася ў 1971 годзе, журналістка, працавала ў газэце «Свободные новости».
- Кіраўніца Менскай гарадзкой арганізацыі АГП.
- 27 ліпеня 2022 году яе затрымалі, узламаўшы дзьверы ў кватэру.
- Ёй выставілі абвінавачваньні паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
- Месца зьняволеньня: СІЗА-1 Менску.
- У Аксаны Аляксеевай хворае сэрца, ёй трэба пастаянна прымаць лекі.