Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завочныя суды чакаюць Ціханоўскую, Кавалькову, Латушку і іншых «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў»


Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова
Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова

Спэцыяльнае вядзеньне пачалі ў дачыненьні да Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз.

СК Беларусі папоўніў сьпіс тых, каго чакае завочны суд.

Ціханоўскай інкрымінуюць наступныя артыкулы Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрыманьня будынкаў і збудаваньняў);
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
  • ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • чч.1 і 2 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкіх фармаваньняў і кіраўніцтва імі).

Кавальковай і Латушку:

  • ч.1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня);
  • ч. 3 арт. 130 (распальваньне варожасьці);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэфэрэндуме).

Дылеўскаму:

  • ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам),
  • ч. 3 арт. 361,
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Мароз інкрымінуюць:

  • ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрыманьня будынкаў і збудаваньняў);
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
  • ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

«Мы сталі прывыкаць да пастаянных абвінавачаньняў, крымінальных справаў, статусаў „экстрэмістаў“ і „тэрарыстаў“, — пракамэнтавала сытуацыю Сьвятлана Ціханоўская. — Сёньня зьявіліся новыя „спэцыяльныя вытворчасьці“ — так рэжым рыхтуецца да „завочных судоў“ і крымінальных справаў. У мяне іх набралася ўжо 10, у Паўла Латушкі — 8, Вольгі Кавальковай — 5, Марыі Мароз — 4».

«Што я магу сказаць пра гэта? — дадала Ціханоўская. — Я толькі хачу падтрымаць усіх людзей, якія апынуліся ў гэтых сьпісах. Дзякуй вам усім за вашую працу. Дзякуй за тое, што мы разам. Дзякуй за тое, што вас не зламаць. Кожны, каго перасьледаваў ці перасьледуе рэжым, — памятайце: вы сапраўдныя героі Беларусі».

«Я ведаю, што ў гэтага вялізны кошт. Але аднойчы ўсе гэтыя прыдуманыя крымінальныя справы будуць адмененыя. А гонар і сумленьне — гэта тое, што застаецца назаўжды», — адзначыла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту.

Раней СК стварыў асобны тэлеграм-канал, дзе будзе публікаваць зьвесткі людзей, супраць якіх пройдуць завочныя суды.

27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі». Гэта рэдактарка «экстрэмісцкага» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, сябра офісу Ціханоўскай Данііл Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская.

«Спэцыяльнае вядзеньне», паводле інфармацыі СК, таксама распачалі ў дачыненьні да ўдзельнікаў і кіраўнікоў, якія называюцца ў матэрыяле «тэрарыстычнымі арганізацыямі» і «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»:

  • Беларускага фонду спартовай салідарнасьці;
  • праваабарончага цэнтру «Вясна»;
  • тэлеграм-каналу Nexta;
  • Каардынацыйнай рады;
  • Валера Цапкалы.

Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачата ў дачыненьні да вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені, якой інкрымінуюць ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь). Аляксандра Герасіменя цяпер за мяжой, яна ўзначальвала Фонд спартовай салідарнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG