Пра гэта паведамляюць праваабаронцы зь «Віцебскай вясны» са спасылкай на публікацыю ў «Аршанскай газеце».
Як вынікае з матэрыялу «раёнкі», падчас праверкі выкананьня дырэктывы № 10 «Аб недапушчальнасьці росту цэнаў» Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў, што ў Аршанскім раёне «адзін з суб’ектаў гаспадараньня малочнай галіны» рэалізаваў сваю прадукцыю па больш нізкіх цэнах, хаця мог прадаваць і з большай выгадай. Тым самым, паводле вэрсіі кантралёраў, прадпрыемства не атрымала магчымага прыбытку, а шкода склала 270 тысяч рублёў.
Назву кампаніі выданьне не называе, аднак паведамляе, што пасьля праверкі прадпрыемству выпісалі штраф, а дырэктара і яго намесьніка звольнілі. Акрамя таго, як і ў выпадку з завышанымі цэнамі, завялі дзьве крымінальныя справы, адна зь іх на былога дырэктара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Затрымалі кіраўніцтва гандлёвай сеткі «Суседзі»Нагадаем, 6 кастрычніка на нарадзе ў эканамічных пытаньнях Аляксандар Лукашэнка заявіў аб забароне на павышэньне любых цэнаў у краіне. 10 кастрычніка ён сказаў, што забарона будзе дзейнічаць некалькі дзён — «да выпрацоўкі сыстэмы кантролю за цэнаўтварэньнем».
Новы дакумэнт аб рэгуляваньні цэнаў павінны былі распрацаваць да 20 кастрычніка. Дакумэнт быў гатовы і прыняты ўрадам 19 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАРГ: Цэны на рэшткі тавараў трэба прывесьці ў адпаведнасьць з новымі патрабаваньнямі да 26 кастрычніка