На беларускай амбасадзе ў Празе разьмясьцілі маляўнічае паведамленьне: спачатку сьцяну моцна запэцкалі чырвонай фарбай, а потым на гэтым фоне зьявіўся чорны надпіс: «Свабоду Ігару А.», піша сайт PrahaIN.cz.
Мэта акцыі — прыцягнуць увагу да 20-гадовага турэмнага прысуду Ігару Аліневічу, якога беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязьнем.
Паводле крыніцы, якая перадала рэдакцыі здымкі з акцыі, чырвоны колер на сьцяне і агароджы сымбалізуе кроў людзей, якіх у Беларусі б’юць падчас дэманстрацый і ў катавальнях сілавікоў. На думку аўтараў, паведамленьне на сьцяне нагадвае рэжыму Лукашэнкі, што людзі бачаць яго злачынствы і ня будуць маўчаць.
Удзельніка акцыі затрымалі на месцы.
«Справу вырашалі ў межах папярэдняга вядзеньня, мужчыну паведамілі пра падазрэньне ў злачынным пашкоджаньні чужой маёмасьці», — паведаміў рэдакцыі прэс-сакратар праскай паліцыі Ян Рыбанскі.
«Пасьля ўсе матэрыялы перадалі ў пракуратуру Прагі-7 для далейшага расьсьледаваньня», — дадаў ён.
Паводле зьвестак рэдакцыі праскага выданьня, затрыманага ўжо судзілі.
«У пятніцу суд вынес рашэньне аб пакараньні ў выглядзе трох месяцаў з адтэрміноўкай на 15 месяцаў умоўна», — паведаміла крыніца, якая перадала PrahaIN.cz як інфармацыю пра запырсканую сьцяну беларускай амбасады, так і фота зь месца здарэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскага амбасадара ў Варшаве аблілі чырвонай фарбай. ВІДЭА39-гадовага актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня, у канцы траўня этапавалі ў мазырскую калёнію. З таго часу на палітвязьня бесьперапынна чыняць ціск, паведамляюць праваабаронцы: Ігара з надуманых прычынаў утрымлівалі ў штрафным ізалятары 30 дзён, пасьля чаго перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу.
Праз час стала вядома, што 8 жніўня над палітвязьнем пройдзе суд аб узмацненьні рэжыму і пераводзе яго ў турму. Справу разглядала судзьдзя Мазырскага раёну Валянціна Новікава. У выніку Ігару ўзмацнілі рэжым. 11 жніўня яго этапавалі ў турму № 8 у Жодзіне.
19 верасьня ў знак пратэсту супраць дзеяньняў адміністрацыі турмы Аліневіч абвясьціў галадоўку. А 24 верасьня яго зьмясьцілі ў ШЫЗА.
На працягу некалькіх тыдняў пра Ігара не было ніякіх зьвестак, да яго тройчы не пускалі адваката. Але празь нейкі час сваякі анархіста атрымалі ад яго паштоўку, са зьместу якой можна зразумець, што з ШЫЗА яго выпусьцілі. Як доўга Ігар трымаў галадоўку, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: да Аліневіча, які 23 дні таму абвясьціў галадоўку, трэці раз не пусьцілі адвакатаАтака з чырвонай фарбай на амбасаду Беларусі — ня першы падобны напад на будынкі Прагі за апошні час, зьвязаны з палітыкай. «Кроў» на вітрыне «Сбербанку» ў цэнтры чэскай сталіцы зьявілася яшчэ ў чэрвені. На пачатку кастрычніка чырвонай фарбай таксама аблілі амбасаду Ўкраіны, а да гэтага напалі на амбасаду Расеі.