Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: да Аліневіча, які 23 дні таму абвясьціў галадоўку, трэці раз не пусьцілі адваката


Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Родныя асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня Ігара Аліневіча ня маюць ніякіх зьвестак пра ягоны стан.

Палітзьняволены анархіст Ігар Аліневіч абвясьціў галадоўку 19 верасьня ў знак пратэсту супраць дзеяньняў адміністрацыі турмы, паведаміла яго маці Валянціна Аліневіч. Таксама яна сказала, што Ігара ў дзень яго народзінаў, 24 верасьня, зьмясьцілі ў ШЫЗА.

Ці вярнулі палітвязьня ў звычайную камэру, ня ведаюць ні ягоныя сваякі, ні праваабаронцы.

12 кастрычніка Валянціна Аліневіч паведаміла, што да яе сына трэці раз не дапусьцілі адваката ў Жодзінскую турму.

«Адміністрацыя матывуе свае дзеяньні тым, што ад Ігара няма заявы на кожную сустрэчу з адвакатам. Мяркуючы па тым, што ад яго няма і лістоў, прыходжу да высновы, што знаходжаньне ў штрафным ізалятары падоўжылі. Хто ня ў курсе, то ў штрафным ізалятары не даюць ня толькі пасьцельных рэчаў, але і паперы з асадкай-алоўкам, а гэта значыць, напісаць заяву няма магчымасьці. Я нават ня ведаю, спыніў ён галадоўку ці не», — напісала Валянціна Аліневіч у фэйсбуку.

Раней Валянціна Аліневіч падкрэсьлівала, што Ігар ніколі раней не зьвяртаўся да такой крайняй меры, як галадоўка, і быў супраць яе.

Валянціна Аліневіч ў сваіх апошніх допісах у фэйсбуку адзначала, што яе вельмі непакоіць стан сына.

«На многія пытаньні ў мяне проста няма адказаў, хаця людзі ўдалечыні ад нашых рэалій гэтага проста не зразумеюць. Калі ты гадамі ня можаш убачыць свайго сына, калі адсутнічае магчымасьць пагутарыць па тэлефоне, калі ўсе лісты праходзяць дбайную цэнзуру (калі яны ўвогуле даходзяць), калі нават адвакат ня можа трапіць да свайго падапечнага, калі ўвогуле ў краіне „не да законаў“, то зьвесткі могуць быць вельмі беднымі. Застаецца толькі ўпэўненасьць у тым, што Ігар ня быў бы самім сабой, калі б не спрабаваў змагацца супраць самавольства турэмнай сыстэмы. Для Ігара барацьба — гэта норма і неабходная ўмова захаваньня добрай якасьці».

39-гадовага актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня, у канцы траўня этапавалі ў мазырскую калёнію. З таго часу на палітвязьня бесьперапынна чыняць ціск, паведамляюць праваабаронцы: Ігара з надуманых прычынаў утрымлівалі ў штрафным ізалятары 30 дзён, пасьля чаго перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу.

Праз час стала вядома, што 8 жніўня над палітвязьнем пройдзе суд аб узмацненьні рэжыму і пераводзе яго ў турму. Справу разглядала судзьдзя Мазырскага раёну Валянціна Новікава. У выніку Ігару ўзмацнілі рэжым. 11 жніўня яго этапавалі ў турму № 8 у Жодзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG