У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКВД («амэрыканкі») карнікі НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты — выдатных дзеячоў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадзкіх дзеячоў. Праўдападобна, яны пахаваныя ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.
У апошнія гады ва ўрочышчы традыцыйна ладзілі акцыю памяці «Ноч расстраляных паэтаў», аднак летась і сёлета ва ўмовах рэпрэсіяў з боку ўладаў яе ня будзе.
Аднак ужо зьявіліся анонсы акцый ушанаваньня ў Літве, Польшчы і Чэхіі.
Літва: Вільня
Імпрэза-ўшанаваньне памяці беларускіх літаратараў у Вільні адбудзецца 29 кастрычніка з 17:00 да 19:00 каля Музэю акупацыі і барацьбы за свабоду (Aukų g. 2A).
У імпрэзе возьмуць удзел музыкі Анастасія Шпакоўская, Аляксандар Памідораў, Юры Несьцярэнка, Ганна Валынец, гурт «Беларускі цуд», паэткі Сабіна Брыло, Ванда Марціньш, Дар’я Роскач, старшыня Саюзу літоўскіх пісьменьнікаў Біруце Янушкайце і іншыя госьці.
Для тых, хто захоча дэклямаваць вершы, будзе вольны мікрафон.
Арганізатары акцыі запрашаюць беларусаў Літвы сабрацца ў гэты вечар разам, каб прачытаць і паслухаць улюбёныя творы, успомніць тых, хто аддаў свае жыцьці за вольную Беларусь.
«„Ноч (не)расстраляных паэтаў“ — гэта ня толькі ўшанаваньне памяці бязьвінна загінулых, гэта і праява салідарнасьці з тымі, хто знаходзіцца ў зьняволеньні цяпер, — адзначаюць арганізатары. — (...)Гісторыя паўтараецца. Сёньня свабода думкі і творчасьці зноў зьнішчаецца рэжымам у Беларусі, а тысячы нашых суайчыньнікаў знаходзяцца ў засьценках за жаданьне жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне. Прыходзьце, каб разам ушанаваць памяць загінулых і выказаць салідарнасьць сёньняшнім палітычным зьняволеным Беларусі!»
Польшча: Беласток, Варшава, Кракаў, Гданьск, Уроцлаў
Імпрэзы з нагоды значнага ў гісторыі Беларусі дня пройдуць і ў Польшчы.
Так, 29 кастрычніка ў 20.30 у Беластоцкім тэатры лялек (ul. Konstantego Kalinowskiego 1) і 30 кастрычніка ў Музэі свабоднай Беларусі (Варшава, ul. Foksal 11) адбудзецца прэзэнтацыя ўкладзенай Сяргеем Будкіным кнігі «(Не)расстраляныя» — 18 гісторый жыцьця і творчасьці рэпрэсаваных беларускіх літаратараў.
У Беласток пасьля двухгадовага перапынку вяртаецца Фэстываль беларускай бардаўскай ды аўтарскай песьні «Бардаўская восень». Гэта адзіны ў Падляскім ваяводзтве і адначасова найбуйнейшы і найстарэйшы ў сьвеце фэстываль, які прадстаўляе бардаўскую ды аўтарскую песьню на беларускай мове, адзначаюць арганізатары мерапрыемства.
«Бардаўская восень» — гэта цыклічная імпрэза, якая адбываецца на Падляшшы амаль 30 гадоў.
Апроч музычнай часткі, адбудуцца творчыя сустрэчы з сучаснымі беларускімі літаратарамі. Поўную праграму можна знайсьці па спасылцы.
Вечар памяці пройдзе 29 кастрычніка таксама ў Кракаве на вуліцы Кракаўскай, 19. Там адбудзецца сустрэча з рэдактарам і паэтам Артурам Камароўскім, адным з заснавальнікаў часопіса «Таўбін». Пачатак а 17-й.
Пазьней у Кракаве, ужо а 21-й гадзіне ў клюбе Chicago Live Music па адрасе Sławkowska, 11, стартуе вольны мікрафон для чытаньня вершаў расстраляных паэтаў. Там Камароўскі прадставіць свае пераклады на беларускую мову расстраляных у тыя ж часы ўкраінскіх паэтаў. Акрамя таго, са сваімі песьнямі выступяць Znak Stop і Жэня Вялько.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «1937 год нікуды ня зьнік». Беларусы Кіева далучыліся да чытаньня вершаў расстраляных паэтаўБеларускае культурнае таварыства «Хатка» пры падтрымцы Аблацкага цэнтру адукацыі і культуры запрашае на літаратурна-тэатральную вечарыну «Маладыя. Прыгожыя. Яркія», прысвечаную памяці закатаваных паэтаў і дзеячоў культуры. Яна адбудзецца ў Гданьску па адрасе Elżbietańska, 9.
Мерапрыемства 29 кастрычніка пачнецца а 19-й, яно зьяўляецца часткай праграмы інтэграцыі беларускай дыяспары Трыгараду дзякуючы Humanity in Action, а таксама Landecker Democracy Fellowship у рамах праекту Landecker Democracy Fellowship. Партнэр падзеі — Ваяводзкая і Гарадзкая публічная бібліятэка Гданьску.
Пройдзе беларуская імпрэза і ва Ўроцлаве. Клюб «Проза» па адрасе przejście Gorncarskie 2 правядзе вечар памяці 30 кастрычніка, старт а 17-й гадзіне.
Чэхія: Прага
Беларускі інстытут у Празе, Ніна Скеп’ян і Лусінэ Маскалюнец у суботу а 19-й гадзіне прапануюць сваю праграму адзначэньня памяці расстраляная Саветамі інтэлігенцыі.
Імпрэза адбудзецца ў Božská Lahvice, доступ вольны.
На сустрэчы будуць чытаць цікавыя факты з жыцьця забітых беларускіх паэтаў, а таксама прачытаюць іх вершы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перамога Ўкраіны стане працягам і завяршэньнем беларускай мірнай рэвалюцыі». У Празе адбыўся першы зьезд беларусаў ЧэхііЛатвія: Рыга
На плошчы Латыскіх стралкоў каля Мэмарыялу ахвяр савецкай акупацыі ў сталіцы Латвіі ад 18-й да 20-й гадзіны пройдзе імпрэза, якую ладзіць арганізацыя беларусаў Латвіі Supolka LV.
Адбудзецца чытаньне сьпісу расстраляных, затым удзельнікі запаляць сьвечкі ў памяць забітых і прачытаюць іх вершы. Таксама адбудзецца ўскладаньне кветак да Мэмарыялу савецкіх рэпрэсій.
На мерапрыемстве можна выступіць. Дзеля гэтага трэба запоўніць адмысловую форму.
Эстонія: Талін
Беларускі дом у Эстоніі ладзіць вечар памяці 29 кастрычніка а 15-й гадзіне ў Vaba Lava.
Да ўдзелу ў імпрэзе далучацца эстонскія і ўкраінскія акторы Лійса Пульк (акторка тэатру і кіно), Крыста Віідынг (Эстонскі драматычны тэатар), Яўген Кравец (Марыюпальскі драматычны тэатар) і Віктар Марвін (выпускнік дзяржаўнага Кіеўскага ўнівэрсытэта кіно, тэатру і тэлевізіі імя Карпенкі-Карагі, актор і рэжысэр талінскага Рускага тэатру).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы замежжа могуць уплываць на перамены ў БеларусіГрузія: Тбілісі
29 кастрычніка а 18-й гадзіне ў Доме пісьменьніка ў грузінскай сталіцы таксама будуць чытаць вершы расстраляных Саветамі паэтаў. Акрамя таго, у праграме лекцыя Ганны Севярынец «Непаслухмяныя дзеці Кастрычніка» пра гісторыю маладых і гарачых паэтаў — багоў-стваральнікаў новага сьвету, якія масьцілі сабой шлях да шчасьлівай Беларусі.
Адбудзецца і прэзэнтацыя экспазыцыі, прысьвечанай грузінскім рэпрэсаваным пісьменьнікам ад Ніно Бекішвілі. Адрас: 13 Ivane Machabeli St, уваход за ахвяраваньне.